Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах забараняюць акцыі пратэсту



Сябры апазыцыі ў рэгіёнах рыхтуюць публічныя акцыі да гадавіны распаду СССР і да 60-годзьдзя прыняцьця Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека. У многіх мясьцінах улада чыніць перашкоды гэтым ініцыятывам дэмакратычных актывістаў. Інфармацыю пра гэта зьбіралі карэспандэнты “Свабоды”.

БАРАНАВІЧЫ

Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша паведаміў сёньня “Свабодзе”, што ў ягоную кватэру спрабаваў уварвацца міліцыянт:


Міліцыянты правяраюць, ці ёсьць у кватэрах забароненая літаратура

“Я быў у іншым месцы, калі патэлефанавала жонка і паведаміла, што ў дзьверы нехта грукае, кажа, што ён зь міліцыі, і патрабуе ўпусьціць у кватэру. Тут я падыходжу. Бачу, што гэта капітан міліцыі Бахарэвіч. Пытаюся, што ён хоча. У адказ заяўляе, што атрымаў загад начальства праверыць, ці ёсьць у мяне на кватэры забароненая літаратура. Патрабую ў міліцыянта дазвол пракурора на вобшук. Такога дакумэнту ў яго няма. Паказваю міліцыянту на выхад за дзьверы”.

Сяргей Гоўша — адзін з заяўнікаў, якія зьвярнуліся ў Баранавіцкі гарвыканкам з просьбай разьмясьціць у цэнтры гораду вулічную расьцяжку, прысьвечаную 60-годзьдзю прыняцьця Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека. Таксама на 10 сьнежня апазыцыя плянуе й іншыя мерапрыемствы. Але, як кажа юрыст Гоўша, спадзяваньні на дазвол марныя:

“У апошнія два гады праваабаронцы, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый і палітычных партыяў не атрымалі ніводнага дазволу на заяўкі на правядзеньне вулічных шэсьцяў, пікетаў, мітынгаў”.

КОБРЫН

У Кобрыне і Пінску сябры апазыцыі таксама атрымалі адмовы на вулічныя пікеты. Гаворыць старшыня рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Алесь Мех:

Два прадпрыемствы ўжо згубілі, яшчэ два — банкруты

Алесь Мех
“Пікеты мы робім, каб ускалыхнуць грамадзтва. І калі сёньня ўлада не дазваляе, то мы будзем больш сур’ёзна рыхтавацца да сацыяльных мерапрыемстваў. Справа ў тым, што ў Кобрыне ўжо згубленыя мэблевая фабрыка, ільнозавод. Цяпер крызісная сытуацыя на прадзільна-ткацкай фабрыцы “Сузор’е”. Банкрут і буйное прадпрыемства “Ручайка”.

МАЗЫР

Мазырскі райвыканкам забараніў пікет “Камунізм — пад трыбунал!” на цэнтральнай плошчы гораду. Гаворыць заяўнік Павал Наздра:


“Нас гоняць туды, дзе людзі ня ходзяць”

“Адмовілі ў тым, каб правесьці пікет “Камунізм — пад трыбунал!”, у зьвязку з тым, што ў нас прадугледжаны ўсяго два месцы для правядзеньня масавых імпрэзаў — гэта стадыён “Спартак” і стадыён “Палесьсе”, які знаходзіцца ў вёсцы Козенкі. Пастанавілі, каб недзяржаўныя мерапрыемствы праводзіліся там, дзе людзі ня ходзяць.

Баяцца ўсялякіх недзяржаўных мерапрыемстваў — нават культурніцкага кшталту. Адмаўлялі ў памяшканьні, калі плянаваўся прыезд гісторыка й пісьменьніка Ўладзімера Арлова. Была папярэдняя дамоўленасьць з выканкамам, але ў апошні момант яны адмянілі й гэтае мерапрыемства”, — сказаў Павал Наздра.

АСТРАВЕЦ

У Астраўцы на Гарадзеншчыне актывіст Іван Крук дамагаецца ад улады выкананьня канстытуцыйнага права жыхароў камунальнага жытла. Паведамляе Міхаіл Карневіч:

Пазоў у суд актывіст прымеркаваў да Дня абароны правоў чалавека


Іван Крук
Яшчэ ў лютым Іван Крук першым у Беларусі зьвярнуўся ў шэраг дзяржаўных установаў са скаргай на нямэтавае выкарыстаньне грошай, якія жыхары Астраўца штомесяц выплочваюць на капітальны рамонт будынкаў. Пад ягоным зваротам паставілі подпісы 50 чалавек.

У выніку праверак сапраўды выявіліся парушэньні. Шэраг службовых асобаў былі пакараныя рознымі штрафамі, агульная сума якіх склала 17 мільёнаў рублёў.

Улетку Астравецкая ЖКГ зьвярнулася ў суд з пазовам аб абароне дзелавой рэпутацыі, але ўжо ў верасьні, пасьля заканчэньня выбарчай кампаніі, адклікала свой пазоў.

Іван Крук лічыць, што пазоў у суд сплянавалі спэцыяльна падчас выбарчай кампаніі:

“Мяне маральна хацелі зламаць за палітычную й грамадзкую дзейнасьць. Былі парушаныя мае правы грамадзяніна. Падача пазову ў суд супала з часам, калі ва ўсім сьвеце адзначаецца Дзень абароны правоў чалавека. Лічу гэта сымбалічным, бо абарона правоў чалавека важная як для ўсёй Беларусі, так і для маленькага Астраўца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG