Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі заяўляюць, што ня бачылі рашэньня ўраду аб паніжэньні тарыфнай стаўкі першага разраду на 15,4%.


У Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі пакуль не камэнтуюць рашэньня ўраду пра паніжэньне тарыфнай стаўкі. Прэсавы сакратар Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вольга Зуёнак заявіла:

“Адпаведнага дакумэнту нам наагул не паступала. Таму яшчэ няма прадмету для размовы”.

Старшыня рэспубліканскага камітэту прафсаюзу работнікаў аховы здароўя Алена Бельская адзначыла:

“Якое маё стаўленьне, вы самі ўяўляеце. Але мне паступіла інфармацыя, яшчэ пакуль не пацьверджаная дакумэнтальна, што гэтая памылка будзе папраўлена”.

Адзін з прадстаўнікоў афіцыйных прафсаюзаў адзначыў, што гэты дакумэнт “бяз нумару і даты, ніхто яго ня бачыў, і павінен быць указ прэзыдэнта”.

Старшыня рэспубліканскага камітэту прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Аляксандар Бойка заявіў:

“Для нас гэта нечакана. Мы спадзяваліся, што падвышэньне ад першага лістапада і далей са студзеня дасьць павелічэньне заробкаў работнікаў нашай галіны. Мы спадзяваліся на гэта і прапанавалі нашым людзям пачакаць, бо хацелі рабіць больш актыўныя дзеяньні. Цяпер ужо чакаць няма калі, і мы рыхтуем пытаньні для размовы спачатку зь міністрам, а потым далей. Мы ня ў сувязі з гэтым дакумэнтам, а ў сувязі з тым, што сытуацыя складаная па аплаце працы. Мы пачакаем, як зьменіцца аплата працы”.

Андрэй Тур
Па камэнтар да заяваў сяброў ФПБ пра тое, што яны ня бачылі рашэньня ўраду аб паніжэньні тарыфнай стаўкі, я зьвярнуўся да намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура. Ён адказаў коратка:

“Дык вы прафсаюзам і задавайце пытаньне”.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук адзначыў, што паніжэньне стаўкі прывядзе да прапарцыйнага паніжэньня заробкаў бюджэтнікаў:

Аляксандар Ярашук
“Гэта самае непрыемнае, што можа адбывацца. Напэўна, і рашэньне так прымалася. Спачатку яго прынялі, а потым праз два дні яго абвясьцілі. Самае цікавае, што нядаўна падвысілі гэтую ж стаўку амаль на 20%. Калі прымалася рашэньне пра падвышэньне, былі ж нейкія разьлікі, напэўна. Ці наагул ніхто ва ўрадзе ня бачыў, што вакол адбываецца? Хутчэй тады прымалася палітычнае рашэньне аб падвышэньні стаўкі. Зараз гэта таксама палітычнае рашэньне, але ўжо іншай афарбоўкі. Прымаць такія цягам некалькіх месяцаў абсалютна процілеглыя рашэньні — спачатку даю, а потым адразу адбіраю — ня лепшым чынам характарызуе ўрад”.

Паводле спадара Ярашука, найперш на гэта павінна адрэагаваць ФПБ, дзе вялікая колькасьць бюджэтнікаў:

“Калі размова ідзе пра краіну, дзе функцыянуюць нармальна ўсе дэмакратычныя інстытуты, у тым ліку і прафсаюзы, такое ў прынцыпе немагчыма. Зараз той момант насамрэч — ці то маўкліва пагодзіцца прафсаюзная супольнасьць, ці хтосьці свой голас будзе падаваць. Напэўна, гэта будзе яшчэ адзін крок да таго, каб у нашай краіне ўрэшце зьяўляліся сапраўдныя прафсаюзы”.
XS
SM
MD
LG