Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“У працоўныя лягеры накіраваць таго, хто прапагандуе чарку”


Эўрапейскі праект Усходняга партнэрства для Беларусі, Балтыйская нафтаправодная сыстэма ў абход Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”. На пытаньні слухачоў адказваюць палітык Анатоль Лябедзька і палітоляг Аляксандар Класкоўскі.


Эўрапейская камісія прапанавала праект Усходняга партнэрства, які тычыцца шасьці краінаў СНД, у тым ліку Беларусі. Камэнтары слухачоў:

Вадзім Шаргей, Менск: “Калі б Лукашэнка абраў шлях аб’яднаньня з Эўропай, тады ў нашу краіну ўжо даўно пацяклі б інвэстыцыі прыватнага эўрапейскага капіталу. Павялічваліся б заробкі, іншыя сацыяльныя выплаты. Але ж ён гэтага ня хоча і мацуе сваю гнілую вэртыкаль”.

Cпадарыня: “Тое, што прапануе Эўразьвяз Беларусі, — далучыцца да Палітыкі ўсходняга партнэрства з Эўропай, — цяжка пераацаніць. Гэта паратунак для Эўропы. Спадар Лябедзька для “Свабоды” сказаў так: “Гэта плюс”. Ці не занадта стрымана сказана для беларускага апазыцыянэра? І зусім не зразумелыя яго словы, што Эўропа ні з кім не параілася. Ну, прабачце, каб такое эпахальнае рашэньне — ды неабдумана. З кім забыліся на гэты раз параіцца?”

На пытаньне адказвае Анатоль Лябедзька:

“Нашая ацэнка супадае, хіба толькі ў спадарыні больш эмацыйная, а ў мяне больш стрыманая. Бо я ня першы год у палітыцы і ведаю, што дыстанцыя паміж заявамі і іх рэалізацыяй бывае вельмі доўгай і цяжкай. Таму мы, безумоўна, гаворым, што гэта плюс. Па-другое, калі прымаюцца рашэньні па Беларусі, то хацелася б, каб раіліся з грамадзянамі, якія жывуць у гэтай краіне”.

Кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін падпісаў распараджэньне пра будаўніцтва другой чаргі Балтыйскай нафтаправоднай сыстэмы ў абход Беларусі. Выказваньні слухачоў:

Cпадар: “Я лічу, што Пуцін блефуе, загадаўшы пабудаваць нафтаправод у абход Беларусі. Энэрганосьбіты моцна патаньнелі, і таму чарговы эпізод газавых войнаў пад назвай “Імпэрыя паспрабавала нанесьці ўдар у адказ” можа аказацца фатальным для самой імпэрыі”.

Cпадар:
“У дуэта Мядзьведзеў-Пуцін нейкая мэта:
Робяць іншую карту сьвету.
На карту кладуць колер новы,
На незалежную Абхазію — жоўты,
На Паўднёвую Асэтыю — пурпуровы.
А які колер на Русі застанецца,
Калі яна ўся разыдзецца
Ды ў межах Маскоўскага княства апынецца?
Пытаньне “Свабодзе”:
А можа туды гэты тандэм Расею вядзе?”

На пытаньне адказвае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“Трапна заўважана, што вось такія авантурныя памкненьні Масквы, якія выявіліся, у прыватнасьці, у падзеях на Каўказе, могуць ударыць бумэрангам. Я думаю, што і ў дачыненьні да Беларусі вось гэтыя нэаімпэрскія настроі могуць прывесьці да адваротнага эфэкту. Бо сацыялягічныя дасьледаваньні сьведчаць, што беларусы ў масе сваёй ня хочуць у імпэрыю. Таксама і беларускае кіраўніцтва тарпэдуе гэты праект, бо бачаць імпэрскія амбіцыі”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Cпадар: “Аб працоўных лягерах для алькаголікаў і бацькоў, што адракліся ад сваіх дзяцей. Лічу, што ў першую чаргу туды трэба накіраваць таго, хто прапагандуе народу чарку, хто арганізоўвае рэспубліканскія п’янкі — Дажынкі, Славянскія базары, п’янкі для моладзі, якія заканчваюцца трагедыямі Нямігі”.

Cпадар: “У Воршы прайшлі дажынкі, збудавалі новы аўтавакзал, усе лаўкі жалезныя, здаровы чалавек у холад — дзе ён сядзе? Памяшканьне само маленькае, 50 чалавек — не павярнуцца. Набыў квіток — і ідзі адпачывай на чыгуначны вакзал. Потым вяртайся зноў назад. Затое паставілі больш за 12 відэакамэр. Раю слухачу ня толькі званіць, але і самому рабіць, нечага дабівацца”.

Cпадар: “Слухачы! Чаго вы жаліцеся на жыцьцё? Самі сабе выбралі правадыра! Жыве Беларусь!”

Cпадар, Полацак: “Чаму я, адпрацаваўшы ўсё жыцьцё на будоўлях грузчыкам, ламаючы сьпіну, атрымліваю 200 тысяч, а міністры атрымліваюць мільёны? Я і пры савецкай уладзе жыў бедна, але тады мы жылі духоўна багацей. Жылі энтузіязмам, надзеямі, марамі. І мары нашы збываліся, а гэта важней за матэрыяльны дабрабыт. А цяпер ні духоўнага няма, ні матэрыяльнага. То бок няма ідэі. Некаторыя кажуць: трэба змагацца. А з кім і ў імя чаго? Справа не ў асобах, а ў сыстэме. Пасьля Лукашэнкі прыйдзе другі прэзыдэнт, але нічога ня зьменіцца. Бо сыстэма застанецца”.

Cпадар: “Я стары чалавек, і тым, хто плача па Савецкім Саюзе, які канчаткова разваліўся ў сьнежні 1991 году, хачу нагадаць, што перажыла наша старэйшае пакаленьне ў часы камуністычнае ўлады. Каб кожны зразумеў, што камунізм — злачынства, якое павінна быць асуджана трыбуналам таксама, як некалі быў асуджаны фашызм.

У жахлівым трыццаць сёмым
Адны сьлёзы і праклёны.
Цэлы год і енк і плач:
Хапаў “воран”, як крумкач.
Чорны воран наводзіў жудасны страх,
бо кожны баяўся патрапіць у ГУЛАГ”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG