Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў шапіках “Белсаюздруку” пасьля трохгадовага перапынку павінна зьявіцца “Наша ніва” — найстарэйшая беларуская газэта.

У лістападзе 2005 году "Наша ніва" разам з шэрагам іншых недзяржаўных выданьняў была выдаленая з падпіснога каталёгу "Белпошты", а "Белсаюздрук" не падпісаў дамовы на распаўсюджваньне тыднёвіка ў шапіках і крамах. З таго часу газэта была вымушаная распаўсюджвацца самастойна, намаганьнямі энтузіястаў. І вось сьледам за “Народнай воляй”, сьвежыя нумары якой зьявіліся ў шапіках у мінулы чацьвер і пятніцу, мяркуецца, што 4 сьнежня “Нашу ніву” можна будзе таксама свабодна набыць у “Саюздруку”. Але, магчыма, што прыхільнікаў газэты чакае моўны сюрпрыз.

Фрагмэнт першай старонкі «Нашай Нівы» ад 4 сьнежня
У сераду зьявіліся чуткі, што сьвежы нумар газэты выйдзе не традыцыйным клясычным правапісам, не так званай “тарашкевіцаю”, а афіцыйным беларускім правапісам. У другой палове серады па электроннай пошце на “Свабоду” прыйшоў анонс газэты, напісаны "наркамаўкаю". Позна ўвечары 3 сьнежня галоўны рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Скурко ад канкрэтнага адказу на пытаньне аб правапісе ўхіліўся:

Яшчэ ж будзе час даваць нам усялякія камэнтары, давайце не апярэджваць падзеяў...”

Карэспандэнтка: “Але ж прынятае прынцыповае рашэньне?”

“Гэта самы важны момант, усё робіцца да апошняга завяршэньня працы, цяпер гэта ўсё яшчэ адточваецца, даводзіцца...”

На думку лінгвіста Зьмітра Саўкі, магчыма, выдаўцы “Нашай нівы” такім чынам хочуць узьняць наклад. Маўляў, кіраўніцтва тыднёвіка мае ілюзію, што мяккія знакі адпалохваюць людзей, асабліва старэйшага ўзросту, ня вельмі дасьведчаных у моўных пытаньнях ды наагул гісторыі мовы. Але, на думку спадара Саўкі...

“Гэта не нагода ставіць крыж на “Нашай ніве”. Хоць, напэўна, больш сумленна было б з гэтага моманту называцца “Новая наша ніва” ці “Новая ніва” і пакінуць саму назву, сам брэнд гісторыі разам з тарашкевіцкім правапісам. Дарэчы, у тым ліку і дзеля “Нашай нівы” Тарашкевіч і пісаў сваю “Граматыку”. І ў 1913 годзе (пра гэта ёсьць сьведчаньні ў архівах) Купала піша да Тарашкевіча: “Дзядзька Тарас, калі ты напісаў граматыку ці штосьці да граматыкі, хутчэй высылай, у гэтым ёсьць патрэба”. Інакш кажучы, пакінуць брэнд – самае сумленнае было б, на маю думку”.

Найстарэйшая беларуская газэта выходзіла ад 10 лістапада 1906 году да 7 жніўня 1915 году. У 1991 годзе выданьне "Нашай нівы" адраджаецца ў Вільні, з 1996 году газэта пачынае выдавацца ў Менску.


Супраць "Нашай нівы" заводзілі справу ў сувязі з выкарыстаньнем газэтаю клясычнага правапісу. У 1998 годзе Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі прызнаў права газэты выдавацца "тарашкевіцаю".

З 2003 году ў выдавецтве “Тэхналогія” выходзіць пяцітомны “Слоўнік мовы “Нашай нівы” (1906 – 1915)”. Цытую фрагмэнт прадмовы да слоўніка: "Наша ніва" падсумавала ўсё найбольш істотнае ў беларускай нацыянальнай традыцыі і заклала трывалы падмурак беларускай літаратурнай мовы на жывой народнай аснове, акрэсьліла шэраг тэндэнцый, якія вызначылі пэрспэктыву яе далейшага разьвіцьця...”

Што да магчымага пераходу “Нашай нівы” да афіцыйнага правапісу, мовазнаўца Вінцук Вячорка выказаў такое меркаваньне:

“Тое, што гэтая навіна супадае зь вяртаньнем гэтай газэты ў кіёскі, сьведчыць, што чарговы раз выдаўцы беларускамоўнай прэсы трапляюць у адну і тую ж пастку. У свой час у яе трапіла газэта “Свабода”, думаючы, што перавод на афіцыйны правапіс нейкім чынам засьцеражэ ад магчымых далейшых рэпрэсіяў. Я ня думаю, што за гэтым рашэньнем стаяць нейкія культуралягічныя або кансалідацыйныя меркаваньні”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG