Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі перасьцярог камэрцыйныя банкі аб дзейнасьці асобаў, якія нібыта распаўсюджваюць непраўдзівыя зьвесткі адносна фінансавага становішча банкаў. Прапануюцца захады барацьбы уключна з прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці.

Нацыянальны банк разаслаў камэрцыйным банкам ліст “Аб фактах супрацьпраўных дзеяньняў”. У ім паведамляецца, што нібыта зьявіліся асобы, якія называюцца сваякамі ці сябрамі кіраўнікоў і агітуюць укладальнікаў банкаў не зьмяшчаць у іх свае грошы, альбо забіраць свае уклады з рахункаў. “У выпадку выяўленьня такіх фактаў прымаць захады для высьвятленьня асобаў грамадзян, якія вядуць такія супрацьпраўныя дзеяньні” – ужо не просіць, а загадвае Нацбанк і называе артыкул Крымінальнага кодэксу, які трэба ўжываць -- 250-ы,“Аб распаўсюдзе ілжывых зьвестак пра тавары і паслугі”.

Ці сапраўды такія факты ўжо выяўленыя? Кіраўнік управы інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў удакладніў “Свабодзе”: ёсьць ня факты, а толькі паведамленьні на тэлефон даверу. А вось у суседняй Расеі сапраўды ёсьць і факты.

“Па тэлевізару паказалі пра “Дальінвестбанк” ва Ўладзівастоку. Там нядобрасумленныя канкурэнты гэтак вырашылі змагацца з банкам. Вось мы хочам, каб у нас такога не было”.

Ці магчыма, што ў Беларусі камэрцыйныя банкі ў канкурэнтнай барацьбе пачалі ужываць падобныя незаконныя захады? Былы банкір Андрэй Клімаў гэта выключае. Паводле Андрэя Клімава, крыніцу небясьпечных чутак у банкаўскім сэктары трэба шукаць па іншым адрасе.

“Мяркую, што асноўнай крыніцай панікі ёсьць сам Нацбанк, які сваім жорсткім загадам адносна валютнага рэгуляваньня ў краіне спрабуе утрымаць курс рубля, які як мінімум удвая завышаны”.

Выяўляць “панікёраў” і “нядобрасумленных канкурэнтаў” Нацбанк прапануе супрацоўнікам службаў бясьпекі банкаў і міліцыянтам. Ці сапраўды магчыма зьяўленьне спраў паводле 250-га артыкулу Крымінальнага кодэксу? Вядомы праваабаронца і былы судзьдзя Гары Паганяйла не змог згадаць, каб гэты артыкул апошнія гады ўжываўся. Пры гэтым спадар Паганяйла не выключае, што, атрымаўшы загад “шукаць злачынцаў у банках”, міліцыя і суды могуць стварыць такі прэцэдэнт. Праваабаронца не бачыць магчымасьці без парушэньня закону даказаць, што чалавек наўмысна хлусіў, калі ён проста дзяліўся сваім меркаваньнем пра фінансавую сытуацыю.

“Тут ў мяне вялікія сумневы. У страха вялікі вочы...Мяркую, супрацоўнікі Нацбанку тут перастараліся. Проста гэта жаданьне адміністрацыйнымі захадамі змагацца са зьявамі, якія сталі вынікам самой сыстэмы”.

А якой інфармацыяй карыстаецца сам Гары Паганяйла, вырашаючы лёс сваіх грошай? Парадамі незнаёмцаў у банку ці іншымі крыніцамі?

“Гэта мая прыватная справа. Я чытаю інфармацыю ў інтэрнэце, сачу за газэтамі, тэлевізіяй, радыё. Дарэчы, там ўсе кажуць пра фінансавы крызыс. А тут кажуць, што нас крызыс не закране, што Беларусь – гэта аазіс. Выбіраю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG