Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – 27-гадовы Максім Вінярскі.

Максім Вінярскі -- актывіст моладзевага руху супраціву. Зараз прадстаўляе грамадзянскую кампанію “Эўрапейская Беларусь”. Сябар Партыі БНФ. У палітычнае жыцьцё ўцягнуўся ад 1999 году – і практычна штогод з тае пары яго арыштоўвалі, кідалі за краты. Тройчы міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызнавалі Максіма вязьнем сумленьня. Сёньня спадар Вінярскі расказвае пра свайго сябру – вязьня СІЗА нумар адзін на сталічнай вуліцы Валадарскага Аляксандра Баразенку:

“Нарадзіўся ў Пінску, навучаўся ў БДУ па спэцыяльнасьці міжнародныя адносіны, быў адлічаны пасьля ўдзелу акцыі “пахаваньне льготаў”. Навучаўся ў Польшчы па праграме імя Кастуся Каліноўскага, потым вярнуўся ў Беларусь. Удзельнічаў у свой час у пратэстах прадпрымальнікаў, цяпер за гэта арыштаваны і знаходзіцца ў СІЗА па вуліцы Валадарскага.

Штодзень з 19 па 20-ю гадзіну праходзіць гадзіна салідарнасьці з Баразенкам. Некалькі разоў падчас акцый у падтрымку Баразенкі некаторыя супрацоўнікі аховы СІЗА спрабавалі зачапіць удзельнікаў акцыі. Казалі нам: “Ты проста адрабляеш тут грошы, прыйшоў працаваць за амэрыканскія даляры”. Зразумела, што гэта не так. Але, калі бачыш у вачох сваякоў і родных Аляксандра Баразенкі, якія таксама бываюць на гэтых акцыях падтрымкі, шчырую ўдзячнасьць за падтрымку, разумееш,– гэта лепшая плата, якая можа быць.

На 8-е сьнежня прызначаны суд над ім. Зараз нярэдка можна пачуць, што сёньняшняя моладзь – інэртная, прасякнутая “пафігізмам”, што ёй нічога не трэба. Гэта не так. І лепшым доказам ёсьць прыклад Аляксандра Баразенкі, які не баіцца паўставаць ня толькі за свае правы, але і за правы іншых. Менавіта такія з’яўляюцца рухавіком перамен. Для нас Баразенка ёсьць найперш увасабленьнем саміх сябе. Бо на ягоным месцы мог апынуцца кожны. І палітычна актыўная моладзь выдатна гэта разумее. Адна з мэтаў нашага руху “Эўрапейская Беларусь” – у тым, каб сфармаваць шырокае кола моладзевых лідэраў, людзей, якія здолеюць узяць на сябе адказнасьць за лёс нашай краіны ў будучым. У тым ліку такіх, якім ёсьць Аляксандар Баразенка”.

XS
SM
MD
LG