Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўтораць гандбалісткі посьпехі баскетбалістак?


У Македоніі стартаваў чэмпіянат Эўропы ў гандболе сярод жаночых камандаў. У першай сустрэчы беларускі згулялі ўнічыю з суперніцамі з Швэцыі. У гутарцы з нашым карэспандэнтам славуты гандбольны трэнэр Спартак Мірановіч выказаў спадзяваньне, што гандбалісткі паўтораць посьпех беларускіх баскетбалістак, якія год таму на эўрапейскім першынстве занялі трэцяе месца і сталі першымі прадстаўнікамі Беларусі ў гульнявой дысцыпліне на летняй Алімпіядзе ў Пэкіне.

Сёньня гандбалісткі зборнай Беларусі ў групе “С” правядуць свой другі матч. Супрацьстаяць ім будуць спартоўкі з Расеі, якія ў аўторак перамаглі каманду Аўстрыі. Заслужаны трэнэр СССР і Беларусі, вядомы далёка за межамі краіны гандбольны спэцыяліст Спартак Мірановіч лічыць, што змагацца нароўні зь дзейнымі чэмпіёнкамі сьвету, уладальніцамі срэбных мэдалёў Алімпіяды-2008 складана. Таму асноўныя сілы трэба пакінуць на матч з аўстрыйкамі 6 сьнежня, якія аб’ектыўна не ўваходзяць у гандбольную эліту:

“Вядома, Аўстрыю трэба перамагаць. Калі раптам аўстрыйкам прайграюць, то будзе ўжо складана, трэба будзе ўжо мячы лічыць. Але выйграваць трэба. Калі ўжо з швэдкамі зачапіліся за нічыю, то з аўстрыйкамі трэба паспрабаваць выкласьціся да канца”.

У згаданай спадаром Мірановічам сустрэчы з зборнай Швэцыі беларускі прадэманстравалі сапраўдную волю да перамогі. Пасьля першай паловы гульні выхаванкі галоўнага трэнэра Канстанціна Шараварава саступалі суперніцам 6 мячоў, аднак зздолелі зьмяніць характар гульні: паядынак завяршыўся зь лікам 21:21. На фінішы беларускі маглі нават вырваць перамогу – відавочна, ім не хапіла досьведу, каб справіцца з хваляваньнем. Аднак, на думку Спартака Мірановіча, з кожнай гульнёй упэўненасьці будзе толькі дадавацца:

“Галоўнае – пачатак. Цяпер, ясна, мы адстаём і ў масавасьці, і ў колькасьці камандаў у першынстве Беларусі на фоне астатніх краін. Але паступова да эўрапейскіх стандартаў Беларусь набліжаецца; вось бачыце, ужо крышку пра сябе заявілі. Будзем спадзявацца, што дзяўчаты будуць браць прыклад зь беларускага баскетболу”.
Будзем спадзявацца, што дзяўчаты будуць браць прыклад зь беларускага баскетболу


Пакуль беларускія гандбалісткі зорак зь неба не хапалі. Тройчы жаночая зборная выходзіла ў плэй-оф кантынэнтальных спаборніцтваў (чэмпіянат Эўропы праводзіцца раз на два гады) і ад пачатку разглядалася пераважна ў якасьці аўтсайдэра. Найвышэйшым дасягненьнем застаецца 11 месца ў 2000 годзе, калі фінальны раўнд праходзіў у Румыніі.

Аднак цяпер, на думку многіх спэцыялістаў, Беларусь усё больш упэўнена выходзіць на спартовыя арэны якраз у гульнявых відах. Раз-пораз дэманструюць нядрэнныя вынікі баскетбалісткі, хакеісты, а футбольны прарыў у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў БАТЭ з Барысава – асобная тэма для размовы.

А вось сытуацыя ў гандболе дагэтуль далёкая ад ідэалу. Прычым куды больш трывожная ў мужчынскім гандболе. Калі ў савецкія 1980-я беларусы нязьменна былі на першых ролях, то ў гады незалежнасьці пра гандбол забыліся. Беларускія наймацнейшыя гульцы ня толькі падаліся на заробкі ў іншыя краіны, але пачалі масава мяняць грамадзянства. Такім шляхам пайшлі Аляксандар Тучкін, Генадзь Халепа, Андрэй Клімавец, Сяргей Рутэнка. Некаторыя ўсё ж вярнуліся ў Беларусь; іншае пытаньне – ці надоўга?

Як кажа мой суразмоўца Спартак Мірановіч, пакуль асобныя гульнявыя віды на ўздыме – трэба скарыстацца момантам. Бо пасьпяховыя выступы ня толькі ўплываюць на папулярызацыю канкрэтнага віду спорту, але й падвышаюць інтарэс з боку заўзятараў. У сваю чаргу любому спартоўцу куды прыямнейшая ўвага поўных трыбунаў, чым маўчаньне пустой арэны:
Любому спартоўцу куды прыямнейшая ўвага поўных трыбунаў...


“Ну вядома, усё гэта вельмі паказальна! У нас вельмі добры заўзятар. У нас нібыта шмат у чым някепска, але бракуе аднаго – няма перамог. Вось як толькі зьявяцца перамогі маленькія, а крыху далей і большыя, то зьявяцца і заўзятары, пойдзе папулярызацыя. Адразу стане шмат аматараў гэтага спорту і фанатаў. Заўсёды гэта радуе. Наяўнасьць вялікай колькасьці ўвогуле стымулюе, заводзіць гульцоў. Таму пакуль усё складваецца нармальна”.

Застаецца дадаць, што па тры найлепшыя каманды з кожнага квартэта выйдуць у другі круг гандбольнага чэмпіянату Эўропы. Пасьля нічыйнага выніку з Швэцыяй у Беларусі застаюцца нядрэнныя шанцы выканаць праграму-мінімум.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG