Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Залаты апостраф” — Бельскай, Тарасаву й Хадановічу


Галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч і старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч
Галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч і старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч
Сёньня ўвечары ў менскім Палацы мастацтва адбылася цырымонія ўганараваньня ляўрэатаў штогадовае прэміі “Залаты апостраф”. Яе атрымалі маладая паэтка з Полацку Ірына Бельская, даўно прызнаны за мяжой менскі паэт Андрэй Хадановіч і знаны майстра айчыннае гістарычнае прозы Кастусь Тарасаў.

Урачыстасьць пачалася выступамі мэтраў айчыннае літаратуры Анатоля Вярцінскага, Генадзя Бураўкіна, Уладзімера Някляева. Але ўсе чакалі галоўнае інтрыгі вечарыны: хто яны — ляўрэаты недзяржаўнае прэміі “Залаты апостраф”.

І вось пад гукі Вівальдзі й аплядысмэнты прысутных намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў паэт і бард Эдуард Акулін распакаваў капэрту зь імем ляўрэата ў намінацыі “Дэбют”. Гэтую ўзнагароду атрымала маладая паэтка з Полацка, цяпер другакурсьніца менскага пэдунівэрсытэту Ірына Бельская.

Ірына Бельская

“Прыемна, але ўсе вершы свае я, канечне, адразу забылася, тым больш я прыйшла сюды паглядзець на нашых майстроў”.

І ўсё ж адзін свой верш юная ляўрэатка ўзгадала.

“Я цісну калючую лапу зімы.
Мы зь ёй заключылі дамову,
што мы не сустрэнемся болей,
бо мы згубілі агульную мову.
Мы зь ёй не дзялілі нічога,
а сьвет глядзеў на нас ды пасьміхаўся.
Я проста на сьнезе пакінула сьлед
і сьнег у мяне закахаўся”.


Для знанага вершатворцы Андрэя Хадановіча сёньняшняя ўзнагарода — ня першая. Але ўсе ранейшыя знаходзілі яго за мяжой.

Андэй Хадановіч

“Так атрымліваецца, што ўзнагародаў за мяжой бывае болей і часьцей. Можа так яно і трэба . Мне прыемнае прызнаньне калегаў, у тым ліку старэйшых калегаў”.

Андрэй Хадановіч пажартаваў, што, мабыць, заснаваную часопісам “Дзеяслоў” прэмію яму далі за выслугу гадоў, бо ад першага нумару гэтага незалежнага часопісу (выйшла ўжо трыццаць шэсьць) ён там рэгулярна друкуе свае вершы, пераклады і эсэі. І дадаў:

“З нахабнасьцю паведамляю, што і надалей зьбіраюся друкавацца ў „Дзеяслове“, калі яны будуць гэта цярпець”.

У намінацыі “Проза” прэмію атрымаў знаны аўтар гістарычных аповясьцяў і апавяданьняў Кастусь Тарасаў.

Барыс Пятровіч і Кастусь Тарасаў

Ад ляўрэацкае прамовы і інтэрвію майстра адмовіўся, на што Эдуард Акулін зазначыў, што сапраўдны пісьменьнік павінен умець пісаць, а не гаварыць.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG