Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае дакумэнтальнае кіно — у Амстэрдаме


Ада Райчонак і Ўладзімер Колас
Ада Райчонак і Ўладзімер Колас

Дзьве беларускія дакумэнтальныя кінастужкі “Журналісты” і ”Галерэя Ады” ўзялі ўдзел у найбуйнейшым эўрапейскім фэстывалі дакумэнтальнага кіно ў Амстэрдаме.


Аўтары гэтых прац — незалежныя рэжысэры Алег Дашкевіч і Ўладзімер Колас. Па выніках прагляду праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” ўключыла кінафільм “Журналісты” ў штогадовы міжнародны паказ.

Дакумэнтальная кінастужка “Галерэя Ады” Ўладзімера Коласа распавядае пра грамадзкую актывістку Аду Райчонак. На Віцебшчыне ў мястэчку Германавічы спадарыня Райчонак стварыла музэй, прыватную галерэю, дзе штогод праводзяцца мастацкія пленэры.

Алег Дашкевіч
“Журналісты” Алега Дашкевіча — апавяданьне пра асабісты і творчы лёс вядомых незалежных журналістаў. Сярод яго герояў — шэф-рэдактар недзяржаўнага выданьня “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна, Славамір Адамовіч, які атрымаў прытулак у Нарвэгіі, зьніклы апэратар Зьміцер Завадзкі і іншыя. Гаворыць аўтар, рэжысэр Алег Дашкевіч:

“Да майго фільму цікавасьць была — звыш. Натуральна, што гэта актуальная тэма — жыцьцё, праца журналістаў. Мне было вельмі прыемна, што цалкам былі запоўненыя залі, што людзі задавалі шмат пытаньняў. Яны вельмі цікавяцца сытуацыяй у краіне. Яны вельмі цікавіліся, што мы сабой уяўляем, як жывем. Пытаньні ня толькі пра палітычную сытуацыю і свабоду слова, а значна шырэй”.

Міжнародны фэстываль у Амстэрдаме атрымаў нефармальную назву — Каны дакумэнтальнага кіно.
Міжнародны фэстываль у Амстэрдаме атрымаў нефармальную назву — Каны дакумэнтальнага кіно.
Удзел у ім бяруць самыя вядомыя кінарэжысэры, якія прадстаўляюць дзясяткі краін з усіх кантынэнтаў. Сам удзел у фэстывалі — прызнаньне высокага ўзроўню прапанаваных прац, а дэманструецца фільм толькі адзін раз. Беларускія кінастужкі дэманстраваліся тройчы, кажа аўтар “Галерэі Ады” Ўладзімер Колас:

“Можна сказаць, што калі б мы былі ў конкурснай праграме, то можна было б і пазмагацца. Прынамсі, такое адчуваньне ёсьць і ёсьць жаданьне ў будучыні паўдзельнічаць у конкурсе, і, магчыма, з пэўным вынікам. Але тое, што людзі бачаць нашы падзеі, нашу сытуацыю, людзі задаюць пытаньні, — гэта вельмі важна”.

Беларускія дакумэнтальныя стужкі ў Амстэрдаме былі прэзэнтаваныя ў пазаконкурсным праглядзе, бо адна з умоваў — прэм’ерны характар паказу. Але фільм “Журналісты” ўжо адкрываў міжнародны кінафорум у Рызе, а “Галерэя Ады” пасьпела атрымаць некалькі міжнародных узнагародаў. Таму ў беларускіх незалежных кінадакумэнталістаў ёсьць усе падставы прэтэндаваць на найвышэйшае прызнаньне ў сьвеце, кажа кінакрытык Максім Жбанкоў:

“Беларускае дакумэнтальнае кіно на сёньня — адзіная якасная крыніца экраннага экспарту з нашай краіны. Гэта значыць, што беларуская кінадакумэнталістыка — найлепшае, што сёньня робіцца нашымі кінамайстрамі. І вельмі сумна, што якраз вось гэтыя нашыя цудоўныя экспартныя беларускія дакумэнтальныя кінастужкі ў самой краіне амаль ніхто ня бачыць. Бо не зацікаўленае тэлебачаньне, на жаль. Няма жаданьня тыражаваць на дысках. І мне асабіста вельмі шкада, што ёсьць шыкоўнае беларускае дакумэнтальнае кіно, якое беларусы ня бачаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG