Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Сёньня Эўрапейская камісія агучыла праект Усходняга партнэрства. Ён тычыцца шасьці краінаў СНД, сярод якіх і Беларусь. З гэтай нагоды кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль правёў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю.

Кіраўнік прадстаўніцтва сказаў, што “гэтая ініцыятыва грунтуецца на добрым, сур’ёзным падмурку”. Ён дадаў, што яна скіраваная на суседзяў з Эўропы, а не на Марока ці Эгіпет, за што раней крытыкавалі Эўразьвяз. А на пытаньне “Свабоды”, ці можа быць посьпех у праекту, які аб’ядноўвае даволі розныя дзяржавы, дзьве зь якіх — Азэрбайджан і Армэнія — да таго ж абцяжараныя праблемай Нагорнага Карабаху, Жан-Эрык Гольцапфэль адказаў так:

“Краіны, якія ўваходзяць ва Ўсходняе партнэрства, маюць агульную гісторыю, вельмі падобную бягучую сытуацыю. Усе яны належаць да пераходных краінаў, перад імі ўсімі стаяць прыкладна адны і тыя ж праблемы.

Акрамя таго, у будучыні магчыма разьвіцьцё гэтай ініцыятывы. Бо сярод шасьці краінаў тры (Малдова, Украіна, Беларусь) стаяць трохі асобна. І, магчыма, у дачыненьні да іх ініцыятыва неяк эвалюцыянуе. Але ўжо добра, што Ўсходняе партнэрства было абвешчана”.

Анатоль Лябедзька
Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька так ацэньвае новую ініцыятыву Брусэлю:

“Уцягваньне Беларусі ў праграмы Эўразьвязу — гэта, безумоўна, плюс, калі мы зыходзім з інтарэсаў краіны і людзей, якія тут жывуць. Мы гэта змушаны і павінны вітаць.

З другога боку, дрэнна, што ўсё адбываецца неяк за межамі адкрытага перамоўнага працэсу. Тыя рашэньні, якія прымаюцца, паходзяць з кулюараў. А прырода іх зьяўленьня не заўсёды зразумелая. І гэта мінус, які абцяжарвае саму сытуацыю. А так, калі Беларусь cпрычыніцца да праграмаў, якія будуць тычыцца адукацыі, аховы здароўя, памежнага супрацоўніцтва ці іншага, то гэта добра. І аб’яднаныя дэмсілы гатовыя ўнесьці свой унёсак у гэтыя праграмы”.

Журналістаў асабліва цікавіла, як Эўразьвяз будзе ацэньваць, адбываецца ці не прагрэс у Беларусі. Гэта тым важней, што першая траціна тэрміну, які атрымала краіна, падыходзіць да заканчэньня. Кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі патлумачыў, што крытэраў такога вымярэньня сёньня няма, бо трэба было мець гнуткі інструмэнт дыялёгу:

“Мы наўмысна не рабілі нейкай дарожнай карты альбо пакрокавай стратэгіі, бо для нас важна было, каб працягваліся пазытыўныя зьмены. І таму ацэнка гэтых зьменаў па-ранейшаму застаецца адкрытай. Калі паглядзець на сфэру мэдыяў, дык калі мы фармулявалі свае патрабаваньні, мы мелі на ўвазе два ўзроўні. Першы — гэта ўзровень заканадаўчага рэгуляваньня і ўвогуле рамкі функцыянаваньня СМІ. А другі ўзровень мы бачылі ў канкрэтных дзеяньнях уладаў. Напрыклад, дазвол на распаўсюджваньне незалежных газэт. Альбо, напрыклад, акрэдытацыя журналістаў, паколькі ня ўсе яе маюць”.
XS
SM
MD
LG