Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: суд аштрафаваў удзельнікаў пікету


Пікет каля Берасьцейскага аблвыканкаму 2 сьнежня

Пікет каля Берасьцейскага аблвыканкаму 2 сьнежня

Сёньня, 3 сьнежня, судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця Андрэй Васілюк прыняў рашэньне аштрафаваць на дзьве базавыя велічыні кожнага з трох удзельнікаў учорашняга пікету ў Берасьці на плошчы Леніна.

Жанна Абрамава выйшла на пікет таму, што яе выселілі з кватэры. Юры Бакур і Іван Стасюк вырашылі падтрымаць яе ў знак салідарнасьці.

Камэнтуе сытуацыю ў судзе берасьцейскі праваабаронца Юры Жыдовіч:

“У судзе было шмат прысутных зь ліку грамадзкіх актывістаў, сябраў розных апазыцыйных партыяў, журналістаў.

Судзьдзя заявіў, што ўдзельнікі пікету парушылі Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, канкрэтна — артыкул 12.34 (парушэньне правілаў пікетаваньня). Судзьдзя даводзіў, што яны мусілі падаць заяву на правядзеньне пікету. Але суд абмежаваўся мінімальным пакараньнем. Мажліва, што гэта зьвязана з сумнеўнымі абставінамі самога пікету”.

Нагадаю, што ўчора на цэнтральнай плошчы Берасьця быў арганізаваны пікет пратэсту. Удзельнікі пікету выказвалі нязгоду з прымусовым высяленьнем Жанны Абрамавай з кватэры, у якой яна пражывала амаль дваццаць гадоў.

Праваабаронцы зь Берасьця лічаць, што высяленьне — вынік перасьледу Жанны Абрамавай за палітычную дзейнасьць у складзе апазыцыі.
XS
SM
MD
LG