Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыкарупцыйная барацьба ў асяродку чыноўнікаў, адмена льготаў для малазабясьпечаных грамадзянаў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


3 сьнежня ў сьвеце адзначаецца як Міжнародны дзень інвалідаў. Тэлефанаваньне слухача:

Курневіч, Барысаў: “Дэпутаты з палаты, відаць, іншая раса. Ім заробкі ды льготы паднялі. А ў нас, інвалідаў нават І групы, іх адабралі. Раней у нас быў памагаты, праважаты, у яго быў таксама бясплатны праезд. Цяпер праезд у праважатых адабралі, а сам інвалід у грамадзкі транспарт ня ўлезе. Соўгайся сам на вазку, па гразі ды па пяску, ці наймай таксі або лапу сасі. Божа, накажы. Трэба, каб тыя дэпутаты, якія ад інвалідаў адвярнуліся, на нашым месцы апынуліся. Абураўся інвалід Курневіч з Барысава”.

Барацьба з карупцыянэрамі ў вышэйшых эшалёнах улады, якую распачаў Аляксандар Лукашэнка, — адна з тэмаў, якія абмяркоўваюць слухачы “Свабоды”:

Cпадар: “Па заяве прэзыдэнта грамадзяне Беларусі пазнаёміліся з галоўнымі фігурантамі карупцыі. Судзіць іх ня трэба, маёмасьць экспрапрыяваць, саміх адаслаць на працу ў сельскую гаспадарку, Снегіра ў аграгарадок Александрыя ў жывёлагадоўчы комплекс тэрмінам на тры гады і вызначыць працу па ўборцы гною. Аплата працы згодна са штатным раскладам”.

Cпадар: “Калі да вас паступае званок пра пустыя каструлі ад алькашкі, то вы перадаяце. Калі дзяўчаты сабраліся судзіць камунізм, таксама плачаце па іх, што ім абвешчана вымова. Але ж яны ў гэтых пытаньнях недасьведчаныя і ня ведаюць, што прадугледжвала сыстэма камунізму. Я тэлефанаваў вам і выказваў сваё меркаваньне і меркаваньне маіх аднадумцаў, тых, хто жыў пры камунізьме, але нашы словы вы абышлі, таму што мы білі вам у вочы. А нам крыўдна: калі сьпяваюць пад вашу дудку — прымаеце як родных, а хлусьню камэнтуеце з радасьцю. Мы верым, што прыйдзе час, і вам перакрыюць кармушку з Захаду. Вось тады вы запрацуеце інакш, бо, як казаў Лукашэнка, вы занадта заеліся”.

Выказваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на Радыё Свабода Максім Вінярскі:

“Мы гатовыя змагацца за тое, каб кожны пункт гледжаньня меў права на гучаньне ў любым эфіры. І добра было б, каб гэтыя прапановы гучалі адразу да ўсіх СМІ. Таму вельмі добра было б, каб гэты слухач паспрабаваў нават з такім камэнтаром, які ляжыць у рэчышчы дзяржаўнай прапаганды, затэлефанаваць і патрапіць у эфір дзяржаўнага радыё альбо дзяржаўнага тэлебачаньня”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Cпадар: “Яшчэ Ўладзімер Пуцін, будучы прэзыдэнтам, прапаноўваў нашаму правадыру атрымліваць энэргарэсурсы па нашых цэнах. Уваходзь у склад Расеі, будзеш у нас губэрнатарам. Рыгорыч, вядома, сьцяміў, чым яму гэта пагражае, і, натуральна, адмовіўся. Бо лепей быць каралём у маленькай Беларусі, чым губэрнатарам у вялікай Расеі, якога ў кожны момант могуць замяніць. І ён стаў зацятым змагаром за незалежнасьць Беларусі. А калі сказаць дакладней, то змагаром за сваё крэсла”.

Cпадарыня: “Больш дакладнага вызначэньня, як “убогая Беларусь”, “беларусы жывуць убога”, не прыдумаеш. Каб 14 гадоў таму прэзыдэнтам Беларусі стаў Зянон Пазьняк, Беларусь ня стала б такой убогай”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG