Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў зьвесткі пра стан розных галінаў эканомікі ў кастрычніку — гэта быў месяц, калі ва ўсім сьвеце канстатавалі пачатак маштабнага фінансавага крызісу. Амаль па ўсіх пазыцыях назіраецца зьмяншэньне тэмпаў вытворчасьці і падвышэньне індэксу спажывецкіх коштаў.


Згодна са справаздачай Нацыянальнага статыстычнага камітэту, індэкс спажывецкіх коштаў у студзені-кастрычніку 2008 году ў параўнаньні з такім жа пэрыядам 2007-га склаў 115%.

За апошні год найбольш адчувальна зьмяніўся індэкс коштаў у асноўнай групе харчовых тавараў. За пэрыяд ад студзеня да кастрычніка 2008 году на мяса і мясапрадукты ён склаў 116% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. На муку — 121%, на гародніну — 124%, на малочныя прадукты — 130%.

Рост індэксу коштаў у прамысловым сэктары не такі істотны, аднак нагоды для аптымізму няшмат. Цягам толькі кастрычніка вытворчасьць дызпаліва і бэнзіну скарацілася на 6% і 3,8% адпаведна. Тэлевізараў — больш чым на 8%, мінэральных угнаеньняў — на 12%, пракату чорных мэталаў — амаль на 36%.
Валютная выручка беларускіх прадпрыемстваў зьнізілася на 16%

На гэтым тле істотна скарачаюцца валютныя паступленьні. Бальшыня беларускіх прадпрыемстваў наўпрост залежыць ад расейскага рынку. Але паколькі Расея сур’ёзна пацярпела ад фінансавага крызісу, там назіраецца істотнае падзеньне попыту на імпартаваную прадукцыю. Толькі за кастрычнік валютная выручка беларускіх прадпрыемстваў зьнізілася на 16%, — гэта самы нізкі паказьнік ад пачатку 2008 году. Вось што кажа кіраўнік аднаго з расейска-арыентаваных унітарных прадпрыемстваў Леанід Каравай:

“З экспартам справы вельмі кепскія. Насамрэч можна адгрузіць у Расею колькі заўгодна шмат, аднак выручкі ад гэтага не прыбавіцца. Расейцы возьмуць на рэалізацыю, няма пытаньняў, але калі атрымаеш грошы — пакрыта таямніцай. За што людзям выдаваць зарплату, за што аплачваць электраэнэргію, паліва, арэнду? А крэдытаў ня возьмеш. Напэўна, флягманаў крэдытнымі рэсурсамі падтрымаюць. Але ж на ўсіх ня хопіць. МАЗ, БелАЗ, МТЗ, “Белкалій” падтрымаюць, яны змогуць аддаваць сродкі з адтэрміноўкай. А звычайныя прадпрыемствы? І так у нашых прадпрыемстваў ня шмат было сваіх грошай, усе на крэдытах віселі”.
Запасы гатовай прадукцыі вырасьлі на 43%

Усё больш прадукцыі перакачоўвае з канвэеру наўпрост на склады. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 10 месяцаў 2008 году запасы гатовай прадукцыі вырасьлі на 43%. Згодна са зьвесткамі на пачатак лістапада, на складах назапасілася прадукцыі больш як на 2 мільярды даляраў. Цяпер, як кажа кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, гэтыя сродкі фактычна замарожаныя:

“Абаротку” трэба берагчы ў такіх сытуацыях крызісу. Мінулыя крызісы вучаць: неабходна сачыць за абаротнымі сродкамі. І тое, што пераход на новыя ўмовы будзе нас тычыцца і далей — гэта безумоўна. Будзе далейшае скарачэньне нашага экспарту, і ня толькі ў Расею, але і ва Ўкраіну. Дарэчы, з-за дзеяньняў украінскага Цэнтрабанку грашовыя разьлікі з Украінай фактычна спыніліся. Вялікая праблема, як разьлічыцца з украінскімі пастаўшчыкамі, якія ў Беларусь нешта прывозяць. То бок шэраг нэгатыўных праяваў ужо мае месца”.

За апошні час былі істотна адкарэктаваныя індэксы коштаў і тарыфаў на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Найбольш паказальныя асобныя галіны: так, індэкс аплаты паслугаў электразабесьпячэньня склаў 119% у параўнаньні са студзенем-кастрычнікам 2007 году, водазабесьпячэньня — 121,5%, газазабесьпячэньня — 190%. А ўвод у эксплюатацыю жыльля ўвогуле паставіў рэкорд, зьнізіўшыся ў кастрычніку параўнальна зь верасьнем больш як у пяць разоў.

XS
SM
MD
LG