Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гомель Станіслава Шабунеўскага”


2 сьнежня споўнілася 140 гадoў з дня народзінаў знанага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага (1868—1937 гг.). Цягам трох з паловай дзесяцігодзьдзяў таленавіты майстра ствараў воблік гораду.


Галоўны корпус Беларускага дзяржунівэрсытэту транспарту — былая мужчынская клясычная гімназія.
Яму належаць праекты шмат якіх мураваных будынкаў у цэнтральнай частцы гораду — былой мужчынскай клясычнай гімназіі (цяпер галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту), шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі, жылых дамоў на вуліцы Пушкіна й ля скрыжаваньня вуліц Кірава й Першамайскай, Свята-Нікольскай царквы, а таксама касьцёла ў Рэчыцы.

Нарадзіўся Станіслаў Шабунеўскі 2 сьнежня 1868 году ў вёсцы Скароднае Мазырскага ўезду Менскай губэрні (цяпер Ельскі раён Гомельскай вобласьці). Род Шабунеўскіх вядомы ў Беларусі з 16 стагодзьдзя.

Бацька будучага архітэктара быў паштовым службоўцам, і таму сям’я ня раз пераяжджала зь месца на месца. Шабунеўскія жылі ў Пінску, Бабруйску, Слуцку.

У 1891 годзе Станіслаў паступіў у Санкт-Пецярбурскі ўнівэрсытэт на аддзяленьне матэматыкі, але пасьля першага курсу перавёўся ў Інстытут грамадзянскіх інжынэраў, дзе рыхтавалі архітэктараў.

Празь пяць гадоў малады інжынэр прыехаў у Гомель і заняўся інжынэрным уладкаваньнем гораду.

Таленавітага дойліда арыштавалі ў 1931 годзе па ілжывым даносе за нібыта прыналежнасьць да праватрацкісцкай контрарэвалюцыйнай арганізацыі. Асудзілі на дзесяць гадоў і саслалі на Беламорканал. Там ён і памёр. Рэабілітаваны пасьмяротна ў 1989 годзе.

У памяць пра знанага архітэктара сёньня моладзевае культурніцкае аб’яднаньне “Талака” ладзіць пешую экскурсію пад назваю “Гомель Станіслава Шабунеўскага”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG