Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пост і малітва – зброя вернікаў


Споўнілася тры месяцы, як вернікі розных каталіцкіх парафіяў пачалі пост за вяртаньне касьцёла Сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынцаў у Менску. 1 верасьня малітоўны пост распачалі 59 чалавек, зараз колькасьць удзельнікаў акцыі складае больш за 70 чалавек.

Кожны сам вызначыў для сябе колькасьць дзён посту, час і месца ахвярнай малітвы. Неўзабаве пасьля пачатку акцыі да вернікаў прыйшоў чыноўнік Камітэту ў справе рэлігіяў, паведаміла адна з актывістак Івона Мацукевіч:

“Ён не зразумеў, што гэта некаторыя дні за тыдзень. Ён думаў, што мы тут селі з плякатамі, з расьцяжкамі. Ну і агітаваў нас, маўляў, вернуць вам касьцёл, але бяда ў тым, што тут побач праваслаўны храм і на праваслаўных вернікаў гэта будзе ўплываць ня так, як трэба. Мы кажам, што гэта ж іхняя праблема, ня мы ж у іх храм увайшлі, а яны ў наш. Сабор Сьвятога дух – гэта ж наш касьцёл сьвятой Ганны”.

Пасьля таго, як стала вядома, што Менгарвыканкам плянуе перадаць будынкі сьвятыняў інвэстарам для пераўладкаваньня ў гатэльна-забаўляльны комплекс, вернікі сабралі больш за 30 тысяч подпісаў да кіраўніка краіны. Зьвярталіся яны таксама ў розныя іншыя інстанцыі, аднак станоўчага адказу так і не атрымалі. Вайсковая камэндатура і пракуратура вызвалілі будынак кляштара, але ў касьцёле па-ранейшаму месьціцца Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва і навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі. Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч неаднойчы выказваўся на гэтую тэму:

“Я хачу мець добрыя адносіны з уладамі, але гэта ня значыць, што я ня буду старацца казаць пра правы нашых вернікаў. Я заўсёды пра гэта казаў, але трэба зразумець таксама і дзяржаву. Да прыкладу, былі такія выпадкі і ў Расеі, і ў Беларусі 16-17 год таму, калі, да прыкладу, у такім будынку месьцілася фабрыка. Але ж там людзі працуюць і сёньня іх усіх выкінуць на вуліцу? То гэта нават супярэчыць сацыяльнай дактрыне касьцёла. Яны маюць там працу. Варты падыход, калі, да прыкладу, закрыстыю вярнулі, яшчэ нейкую частку і гэтак далей”.

Спадзяваньне на вяртаньне касьцёлу вернікі ўскладаюць таксама на візыт дзяржсакратара Ватыкану, кардынала Тарчызыё Бэртонэ, а яшчэ – на запрашэньне ў Беларусь Папы Рымскага, якое Бэнэдыкту ХVІ перадаў Аляксандр Лукашэнка. Адначасна вернікі працягваюць пост і малітвы, у тым ліку вулічныя. 19 сакавіка, у дзень Сьвятога Язэпа, споўніцца 4 гады, як штодзённыя вячэрнія малітвы адбываюцца на прыступках касьцёла. І гэтыя акцыі бестэрміновыя, кажа Івона Мацукевіч:

“Мы нічога не абмяжоўваем. Я заўсёды кажу, што Божа нам заўсёды падкажа. І калі ён не захоча, каб я туды хадзіла, дык ён мне ногі па дарозе паламае, ці галаву скруціць. А калі ў нас усё ў парадку, то толькі вытрымка, толькі глыбокая вера, што мы робім божую справу. Я думаю, што не застанецца гэта без увагі Божай”.

Гэтак кажа адна з абаронцаў менскага касьцёлу Сьвятога Язэпа Івона Мацукевіч.

Касьцёл сьвятога Язэпа і кляштар ордэну бэрнардынцаў у Менску быў заснаваны ў XVII стагодзьдзі. Яны ўваходзілі ў кляштарны комплекс, дзе ў розныя гады працавала пачатковая школа, школа філязофіі, бібліятэка на паўтары тысячы тамоў. У 1863 годзе манахі-бэрнардынцы падтрымалі паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пасьля яго здушэньня на загад Мураўёва-вешальніка ўсе яны былі гвалтоўна выселеныя ў Магілёў, а кляштар зачынены. У касьцёле некаторы час мясьцілася праваслаўная царква, а ў 1872 годзе ён быў перабудаваны пад архіў. Сёньня тут месьцяцца "Архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі", а таксама "Архіў літаратуры й мастацтва Беларусі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG