Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад выбуху 4 ліпеня падчас сьвяточнага канцэрту ў Менску на Дзень незалежнасьці пацярпелі 53 грамадзяніны. Як складаецца іхні лёс? Ці можа павялічыцца колькасьць пацярпелых?

Яшчэ 26 жніўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб матэрыяльнай кампэнсацыі пацярпелым. Гэтыя выплаты робіць камітэт па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму. Яго супрацоўніца Натальля Расолька падала апошнія лічбы: на 1 сьнежня адносна 53 чалавек ёсьць судова-мэдычныя экспэртызы. Зь іх 47-мі грошы ўжо выплацілі. Агульная сума складае амаль 87 мільёнаў рублёў.

“Калі некаму цяпер будзе прызначана інваліднасьць, то людзі будуць прыходзіць і мы будзем прызначаць кампэнсацыі згодна з інваліднасьцю. Пакуль такія да нас не зьвярталіся”.

Паводле ўказу, пры інваліднасьці памер матэрыяльнай дапамогі значна павялічваецца. Да 14 мільёнаў рублёў інвалідам — 1-й і 2-й групаў і да 7 мільёнаў рублёў — інвалідам трэцяй групы.

Згадваюцца фотаздымкі пацярпелых у лякарнях адразу пасьля выбуху: на іх — жанчыны зь перабітымі нагамі і рукамі, некаторым удзельнікам сьвяткаваньня гайкамі і нітамі папрабівала ўнутраныя органы.

Лілія Мельнік у бальніцы, ліпень 2008-га
Ліля Мельнік са Старых Дарог ужо перанесла тры апэрацыі на назе. Дзяўчыне далі 3-ю групу інваліднасьці, аднак камісія яшчэ павінна вызначыць, што гэтая інваліднасьць зьвязаная з выбухам. Пакуль ніякіх грошай Ліля не атрымала.

“Судмэдэкспэрт мае шнары памерыў і даў “менш цяжкія”. Гэта атрымоўваецца 50 базавых. А што мне далі трэцюю групу, дык астатнія грошы выплацяць пазьней, калі падпішацца папера ў ахове здароўя. А калі яна падпішацца — таксама пытаньне…

Прывезла ім паперы, мне сказалі адкрыць рахунак, адкрыла рахунак. Ужо прайшло дзён 20. Хаця сказалі, што цягам дзесяці дзён будзе хаця б 50 базавых. Я прыходжу ў банк — ніякіх грошай няма. Я тэлефаную сакратару. Яна мне паведамляе: ведаеце, крыху прытрымалі, бо гэта ж зь бюджэту, а цяпер жа крызіс. А мне што да вашага крызісу ці яшчэ нечага? Я не магу туды-сюды па пяць разоў езьдзіць. За адну паездку мне 21 тысячу трэба. Чакаю, ні капейкі пакуль не атрымала. Гэта добра, што ў мяне бацькі, дык даюць неяк грошы”.

Ліліны праблемы яшчэ ня скончыліся. Яна страціла працу і мусіць працягваць лекаваньне. Магчыма, наперадзе яшчэ адна апэрацыя.

“У мяне праблема: нага ня гнецца. Згінаецца толькі на 40 градусаў. Я хаджу, нагу цягаю. Зьбіраліся 26-га рабіць мне апэрацыю ў Бараўлянах. Потым перадумалі. Сказалі, трэба яшчэ раз зьезьдзіць у Аксакаўшчыну”.

Раман Зуеў з Кобрына цяпер ляжыць у 4-й менскай лякарні. Яго накіравалі сюды на абсьледаваньне, бо маюць забраць у войска. Раман цяпер вучыцца, ужо чатыры месяцы не працуе, бо ранейшая праца — занадта фізычна цяжкая. Інваліднасьці Раману не далі:

“У мяне скразное раненьне лёгкага, печані, страўніка. Левая кісьць, але гэта так, драбяза. Прабіты лёгкія, печань, страўнік. Цяпер ужо стан больш-менш нармальны”.

Ягоная маці Тамара Зуева не выключае, што сына могуць забраць у войска.

“У мяне ўжо такая думка зьявілася: ага, каб далей, у войска, каб меней маячылі.

Дактары як быццам кажуць, што ўсё ў яго нармальна, добра. Але нават ня трэба быць мэдыкам —
Я зразумела, гэта бюракратычная сыстэма, лепш ня зьвязвацца.
зразумела, калі ў чалавека ўсё зашыта. Мы думалі, яму групу дадуць, хаця б такую рабочую, трэцюю. Божа, нас столькі мардавалі там і сям! Я зразумела, гэта бюракратычная сыстэма, лепш ня зьвязвацца. Гэта палітыка. Вызначылі, што гэта не тэракт. Нам лекар сказаў, што гэта атрымліваецца наагул як бытавая траўма”.

На гэты момант Раман атрымаў тры з паловай мільёны рублёў кампэнсацыі. Яшчэ ў Берасьці ўлады далі два мільёны, і 500 тысяч рублёў Тамары Зуевай далі ў Кобрыне.

“Але гэта за тое, што мы пісалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, каб дапамаглі з працаўладкаваньнем і жыльлём. У нас барачнага тыпу дом. Карацей, усюды адны адпіскі. Сума вельмі мізэрная. Няўжо гэта такая ўжо маральная падтрымка?”

А на што патрацілі грошы?

“Ну вось купілі сыну кампутар, ноўтбук такі. І яшчэ ў яго сума засталася ў далярах, на чорны дзень”.

Арганізатараў выбуху пакуль так і не знайшлі. Аднак ужо можна казаць пра шэраг асобаў, пацярпелых у маральным пляне. Нагадаем, былі затрыманыя і зьмешчаныя ў сьледчы ізалятар КДБ некалькі дзясяткаў чалавек, у першую чаргу актывістаў розных рухаў і партый. Да прыкладу, на днях спыненыя крымінальныя справы ў дачыненьні да трох падазраваных у датычнасьці да выбуху. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што ў любым выпадку людзі знаходзіліся ў стане абмежаваньня волі:

“Натуральна, яны перажылі маральныя пакуты, у тым ліку і з таго гледзішча, што сваякі, суседзі маглі падумаць пра іх нешта кепскае. І самі атрымалі пачуцьцё нейкага страху, стрэс. Гэта падстава для кампэнсацый маральнай шкоды. Як праваабаронца я лічу, што такія падставы ёсьць. Але я сумняюся, што наша сыстэма сёньня здольная выплаціць гэтыя кампэнсацыі праз суд”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG