Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які банк хоча купіць у Беларусі Герман Грэф?


Герман Грэф

Герман Грэф

2 сьнежня Менск наведаў кіраўнік Ашчаднага банку Расеі Герман Грэф. “Мы зьвярнуліся з афіцыйнай просьбай разгледзець магчымасьці ўваходжаньня нашага банка на беларускі рынак”, — заявіў Грэф. Пры гэтым ён зазначыў, што Ашчадны банк Расеі мае намер прыйсьці ў Беларусь у якасьці стратэгічнага партнэра. Які банк хоча купіць у Беларусі Ашчадны банк Расеі? Што павінна рабіць дзяржава, каб не дапусьціць манапалізацыі банкаўскай сфэры адной краінай, продажу большасьці беларускіх банкаў расейскім пакупнікам? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “У афіцыйнай інармацыі пра візыт Грэфа не сказана, якія канкрэтныя намеры мае Ашчадны банк Расеі ў Беларусі. Ці гатовыя беларускія ўлады прадаць які-небудзь зь беларускіх банкаў Ашчадбанку Расеі? І які?”

Раманчук: “Калі сачыць за Германам Грэфам, то калі яго прызначалі на цяперашнюю пасаду, ён казаў, што ягоная мэта — каб Ашчадбанк стаў самым магутным банкам на тэрыторыі СНД. Таму, безумоўна, яго будзе цікавіць толькі пакупка акцыяў “Беларусьбанку”. Грэф ведае становішча беларускай банкаўскай сытэмы, ведае, што грошай катастрафічна не хапае.

У пэрспэктыве Ашчадбанк Расеі можа стаць асноўным інвэстарам і асноўным крэдыторам усёй беларускай эканомікі”.

Цыганкоў: “Але ці пагодзіцца Менск прадаць частку акцыяў „Беларусбанку“? Чаму б не прадаць нейкі не настолькі важны банк? Бо Беларусбанк — самы галоўны банк краіны, дзе трымаюць грошы ня толькі прадпрыемствы, але і мільёны беларускіх грамадзянаў. Ці бясьпечна аддаваць яго замежнікам?”

Яраслаў Раманчук
Раманчук: “Грэфа не цікавіць меншы банк. Пераконваць ён будзе наступным: “мы сыстэмны банк Расеі, мы ніколі не збанкрутуем, таму і вам будзем гэта гарантаваць”

“Беларусбанк” хацеў прадаць свае акцыі на IPO ў Лёндане, але сёньня фінансавыя структуры Захаду не зацікаўленыя ў тым, каб працаваць у Белаурсі на такіх умовах. І гэтай сытуацыяй, безумоўна, скарыстаецца Грэф, які мае непасрэдную падтрымку ўраду Расеі”

Цыганкоў: “У Беларусі пакуль адносна маленькі працэнт замежнага капіталу ў банкаўскай сыстэме. Што можа зрабіць дзяржава, каб не дапусьціць тут манапалізацыі адной краінай, каб прыходзіў капітал з розных бакоў?”

Раманчук: “Трэба мець зусім іншы, празрысты працэс прыватызацыі. Трэба, каб перамовы вяліся не з прэзыдэнтам, а каб быў адкрыты конкурс з жорсткімі, але аднолькавымі для ўсіх умовамі. Бо тое, што мы бачылі апошнія два гады — гэта прыклады намэнклятурнай прыватызацыі беларускіх банкаў праз расейскі капітал. Бо ніякай інфармацыі пра тое, што прадаецца, каму і за колькі — не было.

Тое, што Грэф быў у Менску, сьведчыць — Крэмль зразумеў, што так проста адразу Лукашэнку ня возьмеш. Таму трэба яшчэ больш павялічыць эканамічную залежнасьць Беларусі ад Расеі. Ашчадбанк Расеі — гэта такая структура, якая заваблівае, а потым, у 2010-м годзе, калі ён стане асноўным крэдыторам — размова Крамля зь беларускім кіраўніцтвам будзе зусім іншай”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG