Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“V for Vendetta” цяпер і па-беларуску


<a href="http://kino.licej.net/" target="_blank">“Беларускі гальфстрым”</a>
<a href="http://kino.licej.net/" target="_blank">“Беларускі гальфстрым”</a>

Творчае аб’яднаньне “Беларускі Гальфстрым” распачало працу над агучваньнем знакамітага амэрыканскага фільма “В&nbsp;значыць Вэндэта” (“V&nbsp;for Vendetta”).


Фільм “В значыць Вэндэта” — гэта экранізацыя знакамітай антыўтопіі, графічнага рамана Аляна Мура. Сцэнарысты і прадусары — стваральнікі культавай карціны “Матрыца” браты Эндзі і Лары Вачоўскія. Рэжысэр Джэймс Мактэйг зьняў карціну ў жанры прыгодніцкага кінакоміксу. У назьве фільма намёк на вядомае выказваньне Ўінстана Чэрчыля “V for Victory” (“V” значыць “Перамога”).

Дзеяньне адбываецца прыблізна ў 2038 годзе, калі Брытаніяй, паводле сцэнару, кіруе таталітарны рэжым. Сюжэт фільма пабудаваны на гісторыі аднаго тэрарыста, які вярнуў людзям свабоду. Але ідэя больш шырокая. Яна выяўляецца ў гісторыі дзяўчыны, што пазбаўляецца страху, у якім яна жыла. Адзін са слоганаў карціны гучыць вечна актуальна: “Людзі не павінны баяцца сваіх урадаў, урады павінны баяцца сваіх людзей”. Менавіта такі адкрыты палітычны зьмест карціны і стаў падставай, — падкрэсьлівае каардынатар творчага аб’яднаньня “Беларускі Гальфстрым” Франак Вячорка, — для дубляваньня яе на беларускую мову:

Франак Вячорка
“Раней мы дублявалі фільмы дзеля забавы. Гэтым разам мы выбралі для дубляжу фільм „В значыць Вэндэта“ для
Мы выбралі для дубляжу фільм „В значыць Вэндэта“ для таго, каб прачысьціць мазгі беларусам
таго, каб прачысьціць мазгі беларусам і абудзіць у іх сумленьне”.

Фільм поўніцца алюзіямі з праблемамі сучаснага сьвету. Нават у дэмакратычнай Вялікай Брытаніі прэм’ера, якая першапачаткова прызначалася на 5 лістапада 2006 году (гэта дата ў гісторыі Вялікай Брытаніі зьвязаная з раскрыцьцём гэтак званай Парахавой змовы ў 1605 годзе) была перанесеная, каб пазьбегнуць асацыяцыяў сюжэту фільма з тэрактамі ў лёнданскім мэтро. Кіраўнік творчага аб’яднаньня “Беларускі Гальфстрым” Франак Вячорка таксама падтэкстам схільны патлумачыць прычыны, чаму ў Беларусі, хоць афіцыйна карціна “В значыць Вэндэта” і не забароненая, але ня мела шырокага пракату:

“У ёй пабачылі палітычную крамолу, знайшлі паралелі паміж дыктатурай жорсткага канцлера Сатлера і беларускімі рэаліямі”.

У фільме здымаліся галівудзкія зоркі першай велічыні — Наталі Портмант, Х’юга Уівінг, Стывен Ры, Стывен Фрай, Джон Харт.

А як будзе вырашаць аўтарскія правы недзяржаўная беларуская творчая ініцыятыва? Франак Вячорка гаворыць пра набыцьцё аўтарскіх правоў з аптымізмам:

“Мы вядзем перамовы, заўсёды працуем у гэтым кірунку. Я думаю, гэтае пытаньне вырашыцца, тым болей, што мы спадзяемся, што беларуская дарожка патрапіць у ліцэнзійнае выданьне”.

Аляксандар Памідораў
На беларускую мову фільм дублююць акторы Віктар Шалкевіч, Ганна Хітрык, Ігар Дзянісаў, Павал Яскевіч, Аляксандар Памідораў. Ён жа выступае і як рэжысэр дубляваньня. Аляксандар задаволены працэсам, бо акторы выдатна разумеюць сэнс карціны:

“З гэтай працы зноў добра бачна, як добра стасуецца беларуская мова з мовай арыгіналу. Гэты фільм застанецца, калі не дакумэнтам, дык фактам. Можа быць, засьцярогай. А можа, гэта будзе зноў чаканьнем героя, якога зараз так нестае беларускаму народу”.



Творчая ініцыятыва “Беларускі Гальфстрым” ужо выпусьціла на беларускай мове пяць замежных стужак — два фільмы пра Шрэка, “Маленькую калядную казку”, “Крымінальнае чытво”, “Любоў насамрэч”. Таксама “Беларускі Гальфстрым” займаецца выпускам аўдыёкніг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG