Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці тайляндзкі кароль зноў паставіць усё на месца?


Сёньня Канстытуцыйны суд Тайлянду распусьціў тры партыі, якія складалі ўрадавую кааліцыю. Суд таксама забараніў прэм’ер-міністру Самчаю Вангсавату, лідэру найбольшай з гэтых партый (Партыі народнай ўлады), займаць палітычныя пасады на працягу наступных пяці гадоў. Суд прызнаў, што выбары ў сьнежні мінулага году, дзякуючы якім цяперашні ўрад прыйшоў да ўлады, былі сфальшаваныя.

Цягам апошніх дзён антыўрадавыя дэманстранты з апазыцыйнага Народнага згуртаваньня за дэмакратыю блякавалі міжнароднае лётнішча ў Бангкоку, чым выклікалі паніку сярод 100 000 замежных турыстаў, якія некалькі начэй правялі на лётнішчы, перш чым вярнуцца дадому. Да ўсяго таго на лётнішчы выбухнула граната, якая забіла аднаго з дэманстрантаў і параніла 22 чалавекі.

Пасьля сёньняшняга рашэньня Канстытуцыйнага суду апазыцыя заявіла, што заўтра прыпыняе антыўрадавыя пратэсты.

Цяпер усе чакаюць пятніцы, калі тайляндзкаму каралю Пуміпону Адульядэту споўніцца 81 год і калі, як усе спадзяюцца, пры сьвяткаваньні дня нараджэньня народ пачуе ад свайго манарха, што мае быць далей.

Пуміпон Адульядэт стаў тайляндзкім каралём у 1946 годзе — сёньня ён зьяўляецца найстарэйшым паводле стажу манархам на сьвеце. У пачатку свайго караляваньня ў Пуміпона Адульядэта амаль не было рэальнай улады, і ягоныя функцыі лічыліся выключна цырыманіяльнымі. Але зь цягам дзесяцігодзьдзяў, калі ў краіне мяняліся чарговыя вайсковыя хунты і цывільныя ўрады, роля і значэньне караля пастаянна расьлі.

Сёньня аналітыкі лічаць, што ў руках Пуміпона Адульядэта знаходзіцца велізарная ўлада, часткова дзякуючы яго высокай папулярнасьці ў народзе, а часткова з увагі на факт, што ягоныя канстытуцыйныя паўнамоцтвы інтэрпрэтуюцца па-рознаму рознымі экспэртамі ў розныя палітычныя пэрыяды.

Лічыцца, што цяперашні палітычны крызіс у Тайляндзе — адзін з найбольшых у гісторыі краіны пасьля Другой сусьветнай вайны. З папярэднімі двума сур’ёзнымі крызісамі, у 1974 і 1992 гг., калі тайляндцы таксама выйшлі на вуліцы і пралілася кроў, кароль справіўся выдатна, паказваючы народу, каго пакінуць пры ўладзе, а каго пагнаць у каршэнь.

Сёлета караля чакае значна цяжэйшае заданьне — акрамя палітычных непаладак, краіна апынулася таксама ў эканамічным крызісе. Магчыма, кароль вырашыць, што ўладу ў краіне павінна ўзяць армія, як ужо некалькі разоў бывала цягам ягонага панаваньня. Дэмакратыі, безумоўна, ад гэтага не прыбудзе, але ў краіну можа вярнуцца стабільнасьць і сотні тысяч замежных турыстаў, ад якіх у мінулым залежаў дабрабыт мільёнаў тайляндцаў.

XS
SM
MD
LG