Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацак: выжываньне спосабам аб’яднаньня


Завод “Нафтан” у Наваполацку
Завод “Нафтан” у Наваполацку

Пасьля аб’яднаньня акцыянэрных таварыстваў “Нафтан” і ”Палімір” кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў спадзяецца хутчэй знайсьці агульнага інвэстара, каб абнавіць вытворчасьць і выжыць ва ўмовах крызісу.

З учорашняга дня былое акцыянэрнае таварыства “Палімір” зрабілася ўсяго толькі часткай вялікага акцыянэрнага таварыства “Нафтан” — асобным заводам у складзе гіганта беларускай нафтапрамысловай галіны. Кіраваць ім будзе ранейшы дырэктар Аляксандар Шамашоў, захаваецца і брэнд “Паліміру” — прадпрыемства, на якім выпускаецца поліэтылен высокага ціску і акрылавыя валокны.

На думку кіраўніцтва, магчымага інвэстара мае зацікавіць менавіта тое, што ў адзін комплекс аб’яднаныя два прадпрыемствы, адно зь якіх выпускае сыравіну для другога. За кошт інвэстыцыяў мяркуецца мадэрнізаваць вытворчасьць, паступова ўклаўшы ў гэтую мадэрнізацыю ня менш як 2 з паловай мільярда даляраў.

Канцэрн “Белнафтахім” разглядае мажлівасьць продажу акцый аб’яднанага прадпрыемства расейскім кампаніям, да прыкладу, кампаніі ЛУКОЙЛ.

Рабочым “Нафтану” і ”Паліміру” пра іхныя пэрспэктывы ў такім выпадку кіраўніцтва ня кажа. Таму падставы і вынікі зьліцьця прадпрыемстваў яны абмяркоўваюць паміж сабой.

Гаворыць актывіст вольнага прафсаюзу заводу “Палімір” Валеры Куракін:

“Хочуць прадаць акцыі ЛУКОЙЛу ці „Роснафце“, здаецца. Яны хацелі купляць акцыі „Нафтана“, а „Паліміра“ не хацелі, бо гэта састарэлае прадпрыемства, якое ня дужа ім патрэбна. Таму „Палімір“ вырашылі далучыць да „Нафтану“, каб зрабіць адно прадпрыемства і прадаваць ягоныя акцыі ўжо даражэй. Але ў прынцыпе ніхто ня ведае, што там будзе далей”.

Работнікі абодвух прадпрыемстваў кажуць, што гаворкі пра зьліцьцё акцыянэрных таварыстваў вяліся ўжо не адзін год, але было гэта да пачатку эканамічнага крызісу. Таму знайсьці інвэстараў для пашыранага “Нафтана” цяпер будзе значна цяжэй, чым плянавалася напачатку.

Але пошукі інвэстыцыяў — гэта пакуль што далёкія пляны. А цяпер людзей найбольш непакояць унутраныя праблемы — да прыкладу, верагоднасьць скарачэньняў.

Паводле Ўладзімера Кунцэвіча, майстра цэху № 101 заводу “Палімір”, колькасьць работнікаў на аб’яднаным прадпрыемстве складае больш за 11 тысяч чалавек.

“Аб’яднаньне двух такіх гігантаў на прасьцягах былога Савецкага Саюзу адбываецца ўпершыню. Іншая рэч, што пры гэтых рэформах людзі баяцца скарачэньняў. Баяцца! Бо застаюцца паралельныя структуры з падобнымі функцыямі, і натуральна, што можа не спатрэбіцца столькі людзей”, — кажа спадар Кунцэвіч.

Паводле ягоных назіраньняў, рабочыя “Нафтану” ставяцца да зьліцьця прадпрыемстваў з большай насьцярогай, бо ў пэўным сэнсе аб’яднаньне выгаднейшае для “паліміраўцаў”. Ім паабяцалі перарабіць калектыўную дамову на ўзор “нафтанаўскай”, якая прадугледжвае больш сацыяльных выгодаў і прыкладна на 500 тысяч рублёў вышэйшыя заробкі. Таму працаўнікі “Нафтану” непакояцца, што цяпер заробкі проста падраўняюць: у іх грошы аднімуць, а ”паліміраўцам” дабавяць. На тое, што ва ўмовах крызісу заробкі некаму проста падвысяць, ніхто не спадзяецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG