Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучаснае рабства


2 сьнежня адзначаецца як Міжнародны дзень змаганьня за адмену рабства. Дзень быў устаноўлены з нагоды прыняцьця Генэральнай Асамблеяй ААН 2 сьнежня 1949 году „Канвэнцыі аб змаганьні з гандлем людзьмі і з выкарыстаньнем прастытуцыі трэцімі асобамі”.

Рабства забароненае законам ва ўсіх краінах сьвету, але паводле дадзеных ААН ды іншых міжнародных арганізацый, сёньня на сьвеце больш рабоў, чым калі-небудзь раней. Найбольш распаўсюджанымі тыпамі сучаснага рабства зьяўляюцца рабская праца і гандаль людзьмі.

Міжнародныя юрыдычныя дакумэнты ў пытаньнях рабства адрозьніваюць два тыпы рабскай працы: прымусовую працу (forced labor) і вымушаную працу (bonded labor).

Прымусовую працу выконваюць людзі пад пагрозай выкарыстаньня супраць іх грубай сілы або іншага пакараньня. Як правіла, рабочая сіла дзеля прымусовай працы набіраецца шляхам нелегальнай рэкрутацыі індывідуальнымі асобамі, урадамі або палітычнымі арганізацыямі.

Вымушаная праца выконваецца чалавекам, каб адпрацаваць грашовую пазыку або іншы тып доўгу, у якім чалавек застаецца перад працадаўцам. Найчасьцей заплатай за такую працу зьяўляюцца толькі асноўныя харчы і прытулак

Гандаль людзьмі (trafficking) — гэта перавоз і/або продаж жанчын, дзяцей, і мужчын з адной тэрыторыі на другую, каб прымусіць іх да выкананьня рабскага занятку або працы. Найчасьцей ахвярамі гэткага гандлю стаюцца жанчыны, якіх прымушаюць да прастытуцыі.

Мяркуецца, што сёньня ў сьвеце жыве каля 27 мільёнаў рабоў, гэта значыць, людзей, якія жывуць у ізаляцыі ад вонкавага сьвету, выконваюць працу пад пагрозай грубай сілы ці фізычнага гвалту і не атрымоўваюць за сваю працу ніякіх грошай.

Значна большая колькасьць людзей на сьвеце паддадзеная розным формам “мяккага рабства” або “паўрабства”, у якіх умовы іхнага існаваньня не падпадаюць пад вызначэньне жорсткага рабства, але тым ня менш рэзка парушаюць нормы цывілізаванана сьвету.

ААН ацэньвае, што 218 мільёнаў дзяцей на сьвеце выкарыстоўваецца дзеля цяжкае працы; мільёны зь іх выконваюць працу, якая мала чым адрозьніваецца ад рабскай.

Каля 300,000 дзяцей у сьвеце ваююць як жаўнеры ў больш чым 30 збройных канфліктах; некаторым з гэтых жаўнераў няма і 10 гадоў.

Пераважная большасьць сучасных рабоў жыве ў Паўднёвай Азіі, у такіх краінах як Індыя, Пакістан, Бангладэш і Нэпал.

У Эўропе найбольш распаўсюджанай формай рабства зьяўляецца гандаль жанчынамі з прымушэньне іх да прастытуцыі. Паводле розных дадзеных, найбольшая колькасьць жанчын, якія сталіся ахвярамі такога гандлю, паходзіць з Баўгарыі, Румыніі, Украіны і Малдовы.

XS
SM
MD
LG