Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 сьнежня ў Палацы мастацтва — літаратурнае сьвята


Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч

Нагода для сьвята — ганараваньне новых ляўрэатаў незалежнай літаратурнай прэміі “Залаты апостраф” і прэзэнтацыя новых кніг бібліятэчкі недзяржаўнага часопіса “Дзеяслоў”.


Імёны ляўрэатаў журы трымае ў строгай таямніцы да самой вечарыны. А вось хто намінаваны на “Залаты апостраф” за лепшыя публікацыі ў мінулым годзе.

У намінацыі “Проза” на атрыманьне “Залатога апострафа” вылучаныя Альгерд Бахарэвіч — за апавяданьне “Пасьля фаервэрку”, Юры Станкевіч — за аповесьць “Партрэт выпускніка на фоне адлігі” і Кастусь Тарасаў — за апавяданьні “Брыгіткі” і “Нячутныя гукі самоты”.

У намінацыі “Паэзія” прэмію маюць шанец атрымаць Людка Сільнова, Сяржук Сыс і Андрэй Хадановіч.

Найлепшым дэбютантам будзе названа адна з трох маладых літаратарак — Ірына Бельская, Дар’я Ліс альбо Наталка Харытанюк.

Прынцып вылучэньня на прэмію тлумачыць галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, ён жа старшыня журы — Барыс Пятровіч:

“Ёсьць такая патрэба стварэньня новых элітаў. І калі мы ад пачатку засноўвалі гэтую прэмію, мы вырашылі людзей вядомых, якія ўжо атрымалі раней прэміі, нават не ўключаць у лік намінантаў. Мы за тое, каб сярод намінантаў былі людзі ня менш заслужаныя, але менш прызнаныя. Можа, яны сёньня ўжо ня менш вядомыя, але іх заслугі яшчэ не былі дастойна адзначаныя”.

Прэмія заснаваная часопісам “Дзеяслоў” пяць гадоў таму. Так што вечарына будзе прысьвечаная і гэтай даце. А яшчэ на ёй будзе прэзэнтавацца цэлая калекцыя кніг, выпушчаных у сэрыі “Бібліятэчка “Дзеяслова”, якіх чытачы ня знойдуць у дзяржаўных кнігарнях. Барыс Пятровіч працягвае:

“Гэта кнігі і вядомых аўтараў, і маладых. Гэта кнігі Сяргея Дубаўца, Анатоля Кудраўца, Сяргея Прылуцкага, Леаніда Дранько-Майсюка, Тацяны Сапач, Галіны Дубянецкай. Усе аўтары абяцалі прысутнічаць на гэтай імпрэзе. Яны атрымаюць магчымасьць пазнаёміць прысутных і са сваімі кнігамі, і са сваімі новымі творамі”.

Пачатак літаратурнай вечарыны 3 сьнежня ў Палацы мастацтва а 18 гадзіне.


XS
SM
MD
LG