Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейскі прэм’ер-мінстар Уладзімер Пуцін падпісаў распараджэньне аб праектаваньні і будаўніцтве другой чаргі Балтыйскай нафтаправоднай сыстэмы — БТС-2. Яна абміне Беларусь, што, паводле незалежных экспэртаў, прынясе краіне істотныя эканамічныя страты.


Ідэя будаўніцтва БТС-2 як альтэрнатывы нафтаправоду “Дружба” ўзьнікла ў студзені 2007 году падчас нафтавай вайны паміж Расеяй і Беларусьсю. Нагадаем: тады афіцыйны Менск вырашыў увесьці мыта на транзыт расейскай нафты па сваёй тэрыторыі.

Раней адмыслоўцы ў Беларусі выказвалі меркаваньне, што будаўніцтва БТС-2 зьменшыць загрузку беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Аднак прадстаўнік наваполацкага “Нафтану” заявіў, што на прадпрыемстве гэта не адаб’ецца, дзякуючы “цёплым стасункам з Расеяй”.

У зьвязку з пагрозай будаўніцтва БТС-2 афіцыйны Менск прапанаваў расейскаму боку ўзяць удзел у прыватызацыі наваполацкай і гомельскай “Дружбы”. Адносна магчымых пагрозаў ад БТС-2 генэральны дырэктар гомельскага прадпрыемства “Гомельтранснафта “Дружба” Сяргей Сасноўскі адзначыў:

“Гэта нас ніяк не закране. Мы маем прыстойнае супрацоўніцтва з расейскім бокам. Мы ўсю гэтую інфармацыю цяпер пераправяраем, і я нічога не магу сказаць канкрэтна”.

Адносна магчымага згортваньня транзыту спадар Сасноўскі сказаў:

“Я думаю, гэта нейкія выдумкі і прыдумкі. У нас ёсьць пацьверджаныя лічбы 2009 году пра тое, што аб’ёмы будуць прыкладна тыя ж, плюс-мінус 3—4 мільёны, як і ў гэтым годзе. У нас падстаў для нейкіх пытаньняў няма”.

Галоўны рэдактар агенцтва RusEnergy Міхаіл Круціхін адзначыў, што ад 2007 году праект БТС-2 зазнаў некаторыя зьмены.
Гэта хутчэй карупцыйны праект. Ім займаюцца вялікія сябры Ўладзімера Пуціна

“Паводле новага варыянту, Беларусі застаецца 18 мільёнаў тон нафты ў год — па 9 мільёнаў для кожнага беларускага нафтаперапрацоўчага заводу. Але далей нафта ня пойдзе. Усе галіны “Дружбы”, якія цяпер ідуць у Польшчу і ў Нямеччыну, павінны быць зачынены. Польшча і Нямеччына павінны будуць атрымоўваць расейскую нафту праз свае марскія тэрміналы”.

Паводле спадара Круціхіна, новая труба — вельмі дарагая і непатрэбная ў эканамічным пляне, шкодная ў палітычным, і гэта хутчэй карупцыйны праект. Ім займаюцца вялікія сябры Ўладзімера Пуціна, таму ён яго актыўна прасоўвае. Аднак цяпер у Расеі здабыча нафты падае, а экспарт зьніжаецца яшчэ хутчэй.

Яраслаў Раманчук
Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук заявіў, што Расея не давярае транзытнаму шляху празь Беларусь і ня здолела дамовіцца адносна ўмоваў транзыту. Ад згортваньня транзыту нафты Беларусь будзе губляць каля 500 мільёнаў даляраў у год.

“Пасьля таго, як быў заблякаваны праект другой ніткі “Ямал-Эўропа” празь Беларусь, мы бачым, што і нафта пойдзе ня ў наш бок. Гэта працяг крызісу паміж Крамлём і афіцыйным Менскам. Нельга назваць гэта развалам саюзнай дзяржавы. Але, безумоўна, усё меней людзей зьвязваюць будучыню адносін паміж нашымі краінамі менавіта з гэтым праектам”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG