Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сярэдні заробак — як сярэдняя тэмпэратура ў бальніцы”


Становішча незалежных мэдыяў у Беларусі, дзейнасьць вядомых апазыцыйных палітыкаў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”. На пытаньні слухачоў адказваюць журналістка Сьвятлана Калінкіна і палітык Аляксандар Казулін.


Улады Беларусі вярнулі ў кіёскі “Белсаюздруку”, а таксама ў падпісныя каталёгі незалежныя газэты “Народная Воля” і “Наша Ніва”. На гэтую тэму выказваньне слухача:

Cпадар: “Вось такое ня вельмі аптымістычнае меркаваньне. Хацелася б падзяліцца з выдаўцамі газэт “Народная воля” і іншымі, якім дазволілі легальна друкавацца, засьцерагчы ад нейкай эйфарыі. Дык мне здаецца, што падпісчыкаў не паболее, застануцца тыя ж, хто выпісваў гэтыя газэты, каго агітаваць і ў нечым пераконваць і ня трэба. Выдаўцам, канечне, будзе нейкая палёгка, зьнікнуць нейкія складанасьці, можа, газэта стане больш прыбытковая, але падпісчыкаў не паболее. Гэта адчуваецца ўжо, людзі не пабягуць на пошту афармляць гэтую падпіску. Усё застанецца, як і было. Так што мой погляд больш пэсымістычны на гэтую зьяву”.

Выказваньне камэнтуе намесьніца галоўнага рэдактара газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна:

“Мы вялікага аптымізму зараз таксама ня маем. Бо для нас вельмі нявыгадныя ўмовы супрацоўніцтва і зь “Белсаюздрукам”, і зь “Белпоштай”. Але мы вельмі спадзяёмся, што павялічыцца колькасьць выхадаў газэты. Магчыма, што ўжо ў наступным паўгодзьдзі мы пяройдзем на штодзённы выхад. Спадзяёмся таксама на павелічэньне колькасьці чытачоў. Хаця б да таго мінімуму, які быў у “Народнай волі” да тае пары, пакуль нас ня выдалілі зь дзяржаўнай сыстэмы падпіскі і распаўсюду. Нагадаю, што наклад даходзіў да 50 тысяч асобнікаў. І я спадзяюся, што нашыя былыя чытачы да нас усё ж вернуцца”.

У наступным тэлефанаваньні слухач задае пытаньне:

Валер Курневіч, Барысаў: “Даўно казаў, Казулін — адукаваны, моцнай волі чалавек, за яго галасаваў, а цяпер ня ведаю, куды ён дзеўся. Баюся, можа, ён турмой наеўся. Нешта яго не чуваць. Дзе ён мае быць? Яго як лідэра грамады нельга згубіць”.

Адказвае Аляксандр Казулін:

“Зараз ёсьць крыху паўза. Я толькі што вярнуўся з адпачынку, таму трэба агледзецца і пабачыць, што тут зараз робіцца. Ну і, як ведаеце, здароўе трэба паправіць. Калі б я зьбіраўся зьехаць кудысьці з краіны, то я мог бы гэта зрабіць раней, калі мне прапаноўвалася зьехаць у Нямеччыну. Таму крыху трэба пачакаць”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнем на іншую тэму:

Cпадар: “Вы, як і ўсе сродкі масавай інфармацыі, лічыце толькі сярэдні заробак беларусаў. Я працую ў сельскагаспадарчай арганізацыі і нядаўна атрымаў заробак 226 тысяч рублёў, а мой начальнік — 146 тысяч. Хіба ж гэта сярэдні заробак? Сярэдні заробак — гэта як і сярэдняя тэмпэратура па бальніцы 36,6. А насамрэч у аднаго пад сорак, а ў другога — 34 градусы”.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG