Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так лічыць госьць "Свабоды", рэдактар замежнапалітычнага аддзелу нямецкай газэты “Berliner Zeitung” і экспэрт у галіне Ўсходняй Эўропы Франк Геральд.

Да падзеньня Бэрлінскай сьцяны “Berliner Zeitung” была галоўнай газэтай сталіцы ГДР, органам Бэрлінскай акругі Сацыялістычнай адзінай партыі Нямеччыны. Пазьней у выданьні памянялася нямала выдаўцоў і ўладальнікаў. Цяперашні гаспадар – брытанец.


Карэспандэнтка: “Спадар Геральд, што можа патрабаваць уладальнік выданьня ад журналістаў?”

Геральд: “Зразумела, уладальнік выстаўляе нам пэўныя патрабаваньні. Аднак ён не дыктуе зьмест. Патрабаваньні тычацца канцэпцыі выданьня. Ён можа вырашыць, што больш мэтазгодна рабіць выданьне не ў друкаваным варыянце, а толькі ў інтэрнэце, паколькі гэта фінансава больш выгадна, напрыклад. Цяпер у сувязі з крызісам сытуацыя на мэдыйным рынку даволі складаная. У шэрагу выданьняў скарачаюцца працоўныя месцы журналістаў, прычым істотна. Аднак у нашым выданьні пакуль такога скарачэньня няма”.

Карэспандэнтка: “Чула, што вашу газэту чытаюць пераважна ўсходнія бэрлінцы, а заходнія бэрлінцы больш чытаюць іншае штодзённае выданьне “Der Tagesspiegel”?”

Геральд: “Сапраўды, бэрлінскі мэдыйны рынак па-ранейшаму падзелены на ўсходненямецкіх і заходненямецкіх чытачоў. Прыкладна 80 % экзэмпляраў нашай газэты прадаюцца ва усходнім Бэрліне.

Зразумела, мы ўлічваем спэцыфіку інтарэсаў нашых чытачоў. Для прыкладу вазьму такую тэму як Расея, постсавецкія краіны. Заходніх немцаў гэта хвалюе ў значна меншай ступені, чым усходніх. Усходнікі маюць такую, я бы сказаў, дзіўную настальгію. Тая прапаганда пра савецка-нямецкую дружбу пусьціла пэўныя карані. Я мяркую па чытацкіх водгуках, якія яны пішуць у сваіх лістах і на інтэрнэт-форумах. Калі я, напрыклад, крытыкую палітыку Пуціна –Мядзьведзева, я чытаю такія водгукі: “Так з Савецкім Саюзам абыходзіцца нельга!” Ня ведаю, ці гэта мэханічныя памылкі нашых чытачоў, ці штосьці іншае. Аднак падобныя стэрэатыпы яшчэ жывуць у многіх галовах. Яшчэ стэрэатып. Калі пішаш пра расейскі імпэрыялізм, то заўсёды атрымліваеш крытыку – нельга гаварыць пра расейскі-савецкі імпэрыялізм, бо СССР заўсёды быў інтэрнацыянальнай дзяржавай. Гэта вельмі складаны псыхалягічны фэномэн ўсходніх немцаў, дакладней, усходніх бэрлінцаў”.

Карэспандэнтка: “Карацей, вы больш левая газэта ў параўнаньні з заходнебэрлінскай “Тагэсшпігель”?”

Геральд: “Назваць нас левай газэтай, гэта занадта. Мы хутчэй лібэральнае выданьне, прычым, у філязофскім, а не палітычным сэнсе. Мы выступаем за правы чалавека. Напрыклад, цяпер у Нямеччыне вядзецца шырокая дыскусія на тэму праслухоўваньня тэлефонных размоваў з боку Фэдэральнай крымінальнай паліцыі. Зразумела, мы крытыкуем гэта. Мы за недатыкальнасьць правоў чалавека.

І калі штосьці істотнае зь гледзішча правоў чалавека адбываецца ў Беларусі, гэта таксама ў полі нашай увагі. Таксама мы пішам на тэму Беларусі, калі як цяпер з боку Эўразьвязу ў дачыненьні да Менску назіраюцца прыкметы зьмены стратэгіі. Тут мы крытычныя. Мы задаём пытаньне, чаму раптам у Эўразьвязу такі флірт з Лукашэнкам? Ці не азначае гэтае тое, што Захад здрадзіў – некалькі моцнае слова, аднак, тым ня менш, здрадзіў апазыцыі?”

Карэспандэнтка: “А які адказ на гэтае пытаньне даяцё вы?”

Геральд: “Я думаю, што ў Захаду больш няма надзеяў на апазыцыю. Гэта, зразумела, маё прыватнае меркаваньне, а не пазыцыя нямецкага МЗС. І гэта разумеюць нашы чытачы. Калі я буду пісаць на гэту тэму камэнтар, то я напішу, што цяперашняя палітыка Захаду – гэта спроба неяк аслабіць рэжым Лукашэнкі знутры. Не выключаю, што ў Эўропе лічаць: Лукашэнка гэта больш ня нейкі маналіт. Як паказаў досьвед апошніх 20-ці гадоў ва Ўсходняй Эўропе, зьмены рэжымаў магчымыя, калі яны дэстабілізуюцца знутры. Захад цяпер мае пэўны інтарэс да Беларусі, а таму надзеі зьвязваюцца не з апазыцыяй, а з беларускімі кіраўніцтвам”.

Карэспандэнтка: “Наколькі пасьпяховай вы лічыце палітыку санкцыяў, якая праводзілася Захадам у дачыненьні да беларускага рэжыму?”

Геральд: “Я не магу сказаць, наколькі палітыка санкцыяў была пасьпяховай. Самі па сабе санкцыі, калі іх не рабіць масіўнымі і шырокімі,– палітыка, эканоміка, спорт, як гэта было ў дачыненьні да рэжыму апартэіду, ніколькі не закранаюць дыктатараў. Таго ж Лукашэнку, напрыклад, гэта ніколькі не закранула. Усё, як заўсёды, закранула звычайных беларусаў. Тая ж візавая палітыка Эўразьвязу. На мой погляд, яна цалкам няправільная. Тое ж самае у Сэрбіі, адкуль я нядаўна вярнуўся. Там таксама існуюць розныя бюракратычныя перашкоды з боку эўрабюракратыі, якія фактычна ізалююць звычайных грамадзянаў, замыкаюць іх у рамках сваёй краіны. У выніку людзі ня бачыць альтэрнатывы іхнаму жыцьцю на радзіме. Яны нічога ня бачаць, паколькі застаюцца ў сваёй краіне. Гэта няправільна”.

Карэспандэнтка: “Як экспэрт у галіне постсавецкіх краін, чым вы можаце патлумачыць тое, што Беларусь паводле апошніх рэйтынгаў праваабарончых арганізацыяў, займае больш нізкую пазыцыю за Таджыкістан, Азэрбайджан, Расею...”

Геральд: “Я ня ведаю, як робяцца рэйтынгі, аднак я бачу ва ўсіх гэтых рэйтынгах іх пэўны элемэнт цынізму, калі, паводле вызначэньняў, рэжым у Беларусі лічыцца горшым чым у Таджыкістане, Узбэкістане, Азэрбайджане, Расеі. Гэта азначае, што ў Азэрбайджане рэжым не такі ўжо і кепскі? Рэжым ня можа быць лепшым ці горшым? Трэба гаварыць пра канкрэтную сытуацыю ў канкрэтных пытаньнях.Усе гэтыя нумары і месцы ў рэйтынгах самі па сабе мне нічога ня кажуць”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG