Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідзе падрыхтоўка да акцый пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў. На 15 сьнежня ў Менску заплянаваныя шэсьце і мітынг супраць ініцыяваных урадам новых умоваў іх працы, якія ўводзяцца з новага году. Прадстаўнікі ўладаў заяўляюць, што саступак дробным бізнэсоўцам ня будзе.

Паводле намесьніка міністра эканомікі Беларусі Андрэя Тура, ад 1 студзеня 2009 года скасоўваецца дзеяньне трэцяга пункту ўказу прэзыдэнта №285 пра некаторыя меры рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці. Таму тавары з трэціх краінаў, якія ўвозяцца ў Беларусь з Расеі, падлягаюць мытнаму афармленьню, і дробныя гандляры павінны плаціць мыта. У выніку скасоўваецца ільготны рэжым увозу тавараў. У размове з карэспандэнтам Свабоды Андрэй Тур параіў прадпрымальнікам рыхтавацца да навагодніх распродажаў, а не выходзіць на вуліцу:

“Чаму нехта павінен мець нейкія прывілеі, прэфэрэнцыі, а іншыя – не. Тое, што будзе мытнае афармленьне, усе ведалі яшчэ год таму. Неяк да гэтага трэба было рыхтавацца. Я думаю, што наўрад ці тут нешта памяняецца. Тым больш, што ўсе рашэньні прынятыя. І нарматыўныя дакумэнты ёсьць”.

Гандляр джынсамі з Чэрвеньскага рынку ў Менску, сябра аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Васіль Бараноўскі зьбіраецца закрываць свой бізнэс:

“Трэба закрываць, бо працаваць у такіх умовах, якія нам дыктуе ўрад, няма як. Нас пазбаўляюць: рукі адсякаюць, як мы будзем працаваць?

Ёсьць і багатыя прадпрымальнікі. А ёсьць людзі, якія працуюць дзеля хлеба, аплаты камунальных паслугаў. І на нашым рынку мы працуем на адкрытым паветры. І пасьля ўказу №760 няма як працаваць.

Мы ж таксама беларусы. Мы ж ні адкуль не ўпалі. Хлопцы да мяне прыходзяць і кажуць: мусульман, кітайцаў запрашаюць, нібыта яны лепшыя за нас, беларусаў. А беларусаў выкідаюць. Дзе ж у якой краіне прэзыдэнт так робіць?”

Спадар Бараноўскі кажа, што адступаць няма куды і трэба прадэманстраваць адзінства пад час вулічнай акцыі пратэсту.

Пад час беларуска-нямецкай канфэрэнцыі ў Менску лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка зьвярнуўся да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея з просьбай вырашыць праблемы, каб прадпрымальнікі ня ішлі на вуліцу. Той паспрабаваў толькі супакоіць. Маўляў, “такой мэты, як зьнішчэньне прадпрымальніцтва, няма, не было і ня будзе”. Ён паабяцаў, што напрыканцы года на разгляд кіраўніка краіны будуць пададзены прапановы па паляпшэньні дзейнасьці малога бізнэсу.

Анатоль Шумчанка заявіў, што падрыхтоўка да мірных акцый пратэсту, прызначаных на 15 сьнежня ў Менску, працягваецца. На рынках ідзе інфармацыйная кампанія.

“Прадпрымальнікі ня толькі могуць застацца без працы. Яны могуць застацца без сваіх грошай, без свайго тавару, які можа быць канфіскаваны ў прыбытак дзяржавы.

Будзем весьці барацьбу за свае правы і інтарэсы, каб без вялікіх праблем працаваць у новым годзе і дамаўляцца з уладамі. А для гэтага трэба надаць нейкі імпульс уладам. Мы маем намер надаць гэты імпульс маршам прадпрымальнікаў. Марш мае адбыцца 15 сьнежня ад Акадэміі навук. У новым сьвеце стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю не ў інтарэсах улады рабіць нейкія перашкоды правядзеньню мірных дэманстрацый”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG