Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне дэмакраты будуць змагацца з карупцыяй


У Магілёве ствараецца грамадзкі камітэт “Народны кантроль”.

Normal 0

Ён, паводле стваральнікаў – актывістаў грамадзкіх і палітычных арганізацыяў Магілёўшчыны, будзе садзейнічаць барацьбе з карупцыяй. Актывісты зьбіраюцца рэгістраваць камітэт і дапамагаць сілавым структурам у выкрыцьці фактаў карупцыі.

Адзін зь ініцыятараў стварэньня камітэту партыйны актывіст Рыгор Кастусёў лічыць Магілёўшчыну самай карумпаванай вобласьцю Беларусі:

“Мы гэта зьвязваем з тым, што асноўная частка кіраўніцтва краіны – выхадцы з Магілёўшчыны й гэтым карыстаюцца кіраўнікі рознага ўзроўню ўжо самой вобласьці, выкарыстоўваючы службовае ставішча ў карысьлівых мэтах. Самае цікавае, гэтыя людзі атрымліваюць асуджэньне, але зь цягам часу выплываюць на іншых пасадах. Напрыклад, былы старшыня Клімавіцкага райвыканкаму заўважаны нядаўна на пасадзе дырэктара саўгасу “Новая Друць”, ажно ў Бялыніцкім раёне. Між тым яго вінавацілі ў злоўжываньні службовым становішчам”.

Стваральнікі камітэту зьбіраюцца рэгістравацца ва ўправе юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму.

“Тут самае цікавае, як будзе рэагаваць улада на такі наш падыход да такой нялёгкай справы. Але мы будзем змагацца й дапамагаць калі гэта патрэбна сілавым структурам, бо яны не спраўляюцца з гэтымі справамі”, – зазначае Рыгор Кастусёў.

Паводле яго, камітэт сфармаваны з актывістаў партыі БНФ, незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама незалежных прафсаюзах і шэрагу грамадзкіх арганізацыяў. Актывісты плянуюць стварыць юрыдычныя прыёмныя, якія будуць зьбіраць факты пра карупцыйныя злачынствы. Далей тая інфармацыя будзе разьмяшчацца ў інтэрнэце й газэтах.

Аднак ня ўсе актывісты апазыцыі падтрымліваюць ідэю стварэньня грамадзкай структуры, якая б супрацьстаяла карупцыі. Адзін зь іх Валадар Цурпанаў лічыць, што эфэктыўна супрацьстаяць карупцыі можна толькі ва ўмовах дэмакратыі, бо там ёсьць для гэтага адпаведныя інструмэнты:

“У нас у краі карупцыя ёсьць адным са складнікаў гэтай сыстэмы і адным з такіх камянёў, на якім гэта сыстэма ўсталявана”,– зазначае Валадар Цурпанаў.

Паводле дасьледаваньня сацыялягічнага цэнтру “Зеркало-инфо”, якое праводзілася сёлета ў верасьні, 57 працэнтаў апытаных жыхароў Магілёўшчыны назвалі карупцыю асноўнай перашкодай эканамічнага росту ў рэгіёне.

Найбольш фактаў карупцыі органы дзяржаўнага кантролю выкрываюць у сельскай гаспадарцы – у асноўным гэта прыпіскі й злоўжываньне службовым становішчам. У Крычаўскім раёне, напрыклад, распачатыя некалькі крымінальных спраў супраць кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства “Бель”. Сьледзтва выявіла, што на працягу некалькіх гадоў у гаспадарцы існавала добра адладжаная сыстэма прыпісак. У яе былі ўцягнутыя камбайнэры, кіроўцы, якія адвозілі з палёў зерне, бугальтары, эканамісты ды кладаўшчыцы.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG