Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кастрычніку сярэдняя заработная плата ў Беларусі склала 452 даляры ЗША. Яна павялічылася ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году на 25,9%. Вырасла і рэальная заработная плата, і пакупніцкая здольнасьць заробку.

Эканаміст Міхал Залескі скрупулёзна вывучыў статыстыку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, прааналізаваў колькасьць працуючых у сям’і, колькасьць дзяцей, мінімальны спажывецкі бюджэт. Асабліва яго ўразіла тое, што вырасла пакупніцкая здольнасьць заработнай платы. У кастрычніку, згодна з інфармацыяй Мінпрацы, яна склала 274% мінімальнага спажывецкага бюджэту. Вось да якой высновы ён прыйшоў:

“Сярэдняя зарплата – гэта тая, якую атрымлівае 65% насельніцтва. 15% атрымлівае больш за яе. А ўсе астатнія атрымліваюць менш за гэтую сярэднюю зарплату. Дык значыць, 20% не атрымліваюць гэтай сярэдняй зарплаты. 20% сем’яў ня маюць мінімальнага спажывецкага бюджэту на аднаго чалавека – вось пра што рапартуе наша статыстыка. Значыць, яны бедныя – па нашых паняцьцях. Чаму ў Амэрыцы толькі 10% бедных па іх паняцьцях, а ў Беларусі – 20% па нашых паняцьцях?”

У прамысловасьці сярэдні заробак – 520 даляраў, у будаўніцтве – 632 даляры, у сельскай гаспадарцы – 292,4 даляры. Даярка зь вёскі Крупава Шчучынскага раёна прызнаецца пра свае заробкі:

“Зімой 250 тысяч, а ўлетку 400. Мала. Рана ўставаць трэба, позна класьціся. Прыходзіш дахаты ўначы”.

Трактарыст з аграгарадку Суботнікі Іўеўскага раёну кажа:

“Летам 700 тысяч зарабляю. А зімой – 130, на газ толькі”.

У кастрычніку сярэдняя зарплата лекараў – 566 даляраў. А мэдсястра распавяла:

“Стаўка ў мяне – 300 тысяч. У мяне стаж больш за 10 гадоў. Шкоднасьць – УВЧ, КВЧ – у нас павышаны ўзровень радыяцыі. Так званыя “санітарскія” плацяць, таму што мы самі робім гэту працу. Яшчэ за перапрацоўку – прымаем больш хворых. І прэмія. За ўсё разам я магу тысяч 500 атрымаць”.

Эканаміст Міхал Залескі такім чынам тлумачыць такія супярэчнасьці паміж статыстыкай і рэаліямі:

“Бярэцца ўсё па галіне: Міністэрства, аблздравы, прафэсары мэдыцыны... І атрымліваецца досыць многа. Калі ж мы бяром лінейны пэрсанал, калі мы бярэм шараговага калгасьніка, адкінуўшы старшынь калгасаў і галоўных спэцыялістаў – ну зусім мізэрныя заробкі. Сярэдняя заработная плата ў мэдыцыне ніжэйшая, чым у прамысловасьці. Яны выводзяць проста лічбы зь лічбаў. Яны маніпулююць. Яны не падманваюць. Але яны бяруць безадносна да рэальнага разьмеркаваньня спэцыялістаў”.

З суседніх Беларусі краінаў самая меншая сярэдняя заработная плата ва Ўкраіне –1917 грыўняў, крыху больш за 300 даляраў. У Расеі 17847 рублёў (больш за 600 даляраў) У краінаў Эўразьвязу мінімальны заробак у Бэльгіі 1317 эўра, Вялікабрытаніі 1226 эўра, Нідэрляндах 1264 эўра, Францыі – 1154 эўра.

XS
SM
MD
LG