Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Зэльцэра не дазволілі перадаць тэлевізар


Эмануіл Зэльцэр
Эмануіл Зэльцэр
Зьміцер Гарачка наведаў Эмануіла Зэльцэра ў шпіталі Магілёўскай калёніі № 15, дзе грамадзяніна ЗША трымаюць ужо болей за два тыдні. Адвакат спрабаваў выканаць просьбу падабароннага — перадаць яму тэлевізар, але зрабіць гэта не ўдалося:

“Проста мне сказалі, што, маўляў, усе тэлевізарамі забясьпечаныя, таму ім яшчэ адзін не патрэбны. Зэльцэр хацеў паставіць тэлевізар у сябе, у мэдычнай частцы. Там сапраўды тэлевізар ёсьць, але стары, ім даўно і шмат карысталіся. Я прывёз зусім новы тэлевізар — „Віцязь“, нашай вытворчасьці. Сказалі — не. Ну… не дык не”.

Адвакат працягвае сачыць за станам здароўя Эмануіла Зэльцэра, які мае шэраг хранічных захворваньняў. Гэтыя захворваньні абвастрыліся пасьля перапраўкі зь менскага сьледчага ізалятара ў магілёўскую калёнію: вязьню ставілі кропельніцу, давалі лекі. Паводле Зьмітра Гарачкі, да выздараўленьня яшчэ далёка:

“Яму патрэбны іншыя лекі, іншае лячэньне. Адміністрацыя гэта ўсё разумее, але зрабіць нічога ня ў стане”.

Зьміцер Гарачка кажа, што пакуль пытаньне пра выпіску Зэльцэра з турэмнага шпіталя не паўставала.

Таксама адвакат перадаў вязьню вопратку і харчы. Пры гэтым, паводле спадара Гарачкі, ягоны падабаронны ня скардзіцца на турэмнае харчаваньне. “Проста ёсьць шмат прадуктаў, якія ў калёніі дэфіцытныя — тыя ж вітаміны”, — сказаў Зьміцер Гарачка.

Наступны раз да свайго падабароннага адвакат паедзе ў пятніцу, 5 сьнежня.

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны ў сярэдзіне сакавіка, прыляцеўшы ў Менск зь Лёндану. Улетку Зэльцэра асудзілі на тры гады зьняволеньня за камэрцыйны шпіянаж супроць Беларусі. Эмануіл Зэльцэр вінаватым сябе не прызнаў. Ягоны брат Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле Марка Зэльцэра, на гэтую спадчыну прэтэндуе і Барыс Беразоўскі. Расейскі алігарх-уцякач Беразоўскі абвяргае сваю датычнасьць да арышту Зэльцэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG