Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня ў Беларусі на 10% патаньнелі бэнзін і дызэльнае паліва. Такога ў найноўшай гісторыі яшчэ не было — дагэтуль кошты на бэнзін толькі расьлі.


Нягледзячы на тое, што ў зьвязку з рэзкім падзеньнем цэнаў на нафту ў бальшыні краінаў сьвету нафтапрадукты дзешавеюць ужо два месяцы, у канцэрне “Белнафтахім” на мінулым тыдні абмяркоўвалася зусім іншая пэрспэктыва — узьняць цэны ў сувязі зь нерэнтабэльнасьцю нафтаперапрацоўчай галіны. У лістападзе беларускі бэнзін быў ня толькі самым дарагім у СНД, але даражэйшым нават, чым у некаторых краінах Эўразьвязу.

Ад 1 сьнежня рашэньнем канцэрну “Белнафтахім” зьніжаныя кошты на ўсе гатункі бэнзіну і дызпаліва – у сярэднім на 10 працэнтаў. Дагэтуль у 2008 годзе кошты зьмяняліся выключна ў бок падвышэньня: у чэрвені ў сярэднім на 5% на бэнзін і амаль на 15% — на дызпаліва, а таксама двойчы ў ліпені: агулам — на 10% і 9,8% адпаведна. Тады гэта тлумачылася ростам коштаў нафты.

Фактычна ад пачатку рэзкага падзеньня коштаў на нафту на сусьветных рынках цана бэнзіну істотна карэктавалася па ўсім сьвеце. Аднак у Беларусі кошты ня толькі заставаліся нязьменнымі, але і сур’ёзна абмяркоўвалася магчымасьць 10-працэнтнага падвышэньня розьнічных коштаў у сувязі з сур’ёзнымі праблемамі ў нафтаперапрацоўчай сфэры. На мінулым тыдні з такой ініцыятывай выступіла Міністэрства фінансаў, аднак непапулярную прапанову заблякавала іншае ведамства — Міністэрства эканомікі.

На думку эканаміста Сяргея Балыкіна, лёгіку ў кроку “Белнафтахіму” адшукаць цяжка. Калі цэны на нафтапрадукты на тле эканамічнага крызісу ўсюды падалі, у Беларусі яны заставаліся нязьменнымі. На ўсіх узроўнях гучала, што няма ніякай падставы зьмяняць паказьнікі ў бок зьмяншэньня. Чаму вырашана адступіць ад ранейшых крокаў менавіта ў першы дзень зімы — патлумачыць складана:

Сяргей Балыкін
“Насамрэч бэнзін таньнее ва ўсім сьвеце. Нафта таньнее, паліва таньнее; у ЗША бэнзін патаньнеў амаль у 1,5 раза. Кошт бэнзіну, дызпаліва складаецца з чаго? Па-першае, з кошту нафты, зь нейкіх выдаткаў на перапрацоўку гэтай нафты і, самае галоўнае, з ускосных падаткаў — акцызаў і г. д. Калі дзяржава падвышае падаткі — кошты растуць. Калі дзяржава падаткі зьніжае — кошты падаюць. Але цалкам магчыма зрабіць, што паліва будзе таньнець, а акцызы ў долі паліва будуць расьці. І дзяржава, такім чынам, будзе вельмі добра наварвацца на гэтых працэсах. Таму ніякай рынкавай эканомікі ў гэтым няма, тут уся лёгіка дзяржаўная — што дзяржаве трэба, тое і будзе. У нас жа эканоміка толькі на словах рынкавая, а на самой справе ніякая яна ня рынкавая, і асабліва ў такой сфэры, як гандаль нафтапрадуктамі, нафтай. Тут уплыў дзяржавы надзвычай вялікі”.

Адзін з пасьлядоўных змагароў за зьніжэньне коштаў на бэнзін і салярку — прадпрымальнік, актывіст інтэрнэт-прасторы Яўген Ліпковіч. Віртуальнай супольнасьці спадар Ліпковіч вядомы перадусім як чалавек, якія вярнуў у продаж дыетычны абястлушчаны кефір. Паўгода цягнулася ліставаньне з зацікаўленымі ведамствамі, і ўрэшце пытаньне вырашылася на ўрадавым узроўні.

Некалькі месяцаў таму Ліпковіч адкрыў другі спажывецкі фронт, бамбардуючы тэлефанаваньнямі і лістамі канцэрн “Белнафтахім”, галіновыя міністэрствы і ведамствы. На падставе разьлікаў і аналізу сытуацыі на сусьветных рынках ён даводзіў: амаральна нажывацца на суайчыньніках, калі насельнікі суседніх краін карыстаюцца таньнейшым палівам. Ці пачулі голас народу беларускія чыноўнікі? Ці адчувае сам Яўген свой унёсак у паліўную лібэралізацыю?

“Яшчэ як! Справа ў тым, што мой блог маніторыць “Белнафтахім”. Пасьля таго, як я распачаў гэтую бітву, туды лазілі ўсе нафтавыя кампаніі беларускія, а “Белнафтахім” увогуле ў мяне там пасяліўся — я гэта бачу па ІР-адрэсах. Таму наконт свайго ўнёску кажу адназначна: ён ёсьць, прычым адчувальны. Бязь лішняй сьціпласьці скажу: у асноўным гэта мая работа. Бо тэму ўзьняў я, скандал пачаў я і церабіў я іх увесь час, безь перапынку. То бок псыхалягічна я іх да такога кроку прымусіў. Бо з “Советской Белоруссии” тэлефанавалі эканамісту Лучанку, і ён фактычна маімі цытатамі сыпаў — нават сам потым пра гэта пісаў… Так што сядаю прымаць віншаваньні проста ў блогу”.

Як лічыць эканаміст Сяргей Балыкін, наўрад ці спад цаны на паліва пацягне за сабой нейкія палёгкі ў іншых сфэрах. То бок чакаць вяртаньня ранейшых цэнаў з-за нязначнага зьніжэньня коштаў на паліва наўрад ці выпадае. У сваю чаргу, дзяржава ад рэалізацыі паліва па фактычна спэкулятыўных коштах атрымала адчувальны прыбытак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG