Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паседжаньне Вышэйшай дзяржаўнай рады так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, якое павінна было прайсьці сёньня ў Маскве, фактычна сарванае. Яго перанесьлі на нявызначаны тэрмін. Чаму так адбылося?


Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што “бакі не дамовіліся па шэрагу сурь’ёзных праблемаў”:

Андрэй Фёдараў
“Ці то гэта па сумеснай супрацьпаветранай абароне, ці то па выкарыстаньні расейскага рубля ў якасьці адзінага плацёжнага сродку за пастаўкі расейскіх энэрганосьбітаў, ці то па коштах на газ. Хутчэй за ўсё, тут існуюць прынцыповыя разыходжаньні. У адваротным выпадку не было б такіх, я б сказаў, на дыпляматычным узроўні даволі рэзкіх заяваў зь беларускага боку. Расейскіх партнэраў абвінавачваюць у тым, што яны раней казалі адно, пасьля — другое, потым адмаўляліся ад сваіх абяцаньняў.

Прынцыпова ўсё гэта сьведчыць пра тое, што існуюць вельмі розныя падыходы да далейшай інтэграцыі, далейшага супрацоўніцтва ў межах Саюзнай дзяржавы”.

Намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краін СНД Уладзімер Жарыхін цьвердзіць, што ўвесь ход падзеяў вакол Саюзнай дзяржавы вёў да канфлікту інтарэсаў Расеі і Беларусі:

“Зыходзячы з апошняга інтэрвію францускім журналістам, Аляксандар Лукашэнка стаіць на пазыцыі: адзін бок — адзін голас у саюзнай
Расея не пагодзіцца на варыянт, пры якім Беларусь будзе мець столькі ж правоў, колькі і яна сама...
дзяржаве. Атрымліваецца, што ў саюзную скарбонку кожны бок дэлегуе аднолькавы працэнт свайго сувэрэнітэту. Але ж колькасьць сувэрэнітэту ў Расеі з-за яе памераў, насельніцтва, валавага ўнутранага прадукту, атамнай зброі, сяброўства ў Радзе бясьпекі ААН і шмат чаго іншага, значна большая. І калі прымаць плян Лукашэнкі, то Расеі давядзецца дэлегаваць на парадак больш”.

Спадар Жарыхін упэўнены: Расея не пагодзіцца на варыянт, пры якім Беларусь будзе мець столькі ж правоў, колькі і яна сама. Таму і прапаноўвае кампрамісныя варыянты:

“А Лукашэнка гэта не прымае. Але варыянт “адна краіна — адзін голас” у яго не атрымаецца. Такое нідзе не атрымліваецца. І тут не атрымаецца, бо гэта яўна завышанае патрабаваньне”.

Лявон Баршчэўскі, старшыня Партыі БНФ, лічыць, што галоўная на гэты час праблема Беларусі — грашовы дэфіцыт:

Лявон Баршчэўскі
“Аляксандар Лукашэнка ня можа ніяк вытаргаваць зьніжак на кошты расейскіх энэрганосьбітаў. А гэта для яго цяпер галоўнае. І каб вытаргаваць спрыяльныя для сябе ўмовы, ён гатовы ісьці на дэмарш.

Зь іншага боку, гэта сьведчыць пра тое, што ў яго ёсьць пэўны запас трываласьці. І таму ён не баіцца скандалу, разьлічвае, што здолее выкруціцца з гэтай сытуацыі. На што ён разьлічвае? Што ўдасца выжыць хаця б першы час, а затым узяць крэдыты на Захадзе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG