Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сарвалася заплянаванае на сёньня пасяджэньне вышэйшага дзяржсавету “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі. Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву перанесены на няпэўны тэрмін.


Спачатку пасяджэньне дзяржсавету плянавалася на 3 лістапада. Аднак пасьля сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі 25 кастрычніка было заяўлена пра яго перанос на пачатак сьнежня. Тады прычыны гэтага рашэньня не называліся. Цяпер сустрэча зноў сарвалася з-за няўзгодненасьці парадку дня. Сытуацыю пракамэнтавалі ў мэдыях абедзьвюх краін ананімныя крыніцы ў кіраўніцтве, кожная зь якіх абвінаваціла другі бок у хлусьні.

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі параіў зьвярнуцца да камэнтару, які дала “Інтэрфаксу” крыніца ў найбліжэйшым Лукашэнкавым атачэньні. Гэтая крыніца адзначае, што афіцыйны Менск “занепакоены “хістаньнем” расейскага боку ў пытаньні разьвіцьця саюзнай краіны”. Маўляў, беларускі бок прапанаваў пашырыць рутынны парадак дня праектамі рашэньняў у палітычнай, эканамічнай і вайсковай сфэрах. Але Крэмль адмовіўся абмяркоўваць гэта на пасяджэньні дзяржсавету і прапанаваў разгляд у закрытым фармаце. Беларускі бок быў гатовы й на гэта. Аднак у апошні момант Крэмль адмовіўся і пагадзіўся толькі на рутыну.

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі нагадаў ранейшыя заявы кіраўніка Беларусі:

“Прэзыдэнт казаў, што пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы павінна быць напоўнена сур'ёзным зьместам. Гэта павінна быць мерапрыемства з важкім парадкам дня. І пытаньні, якія там павінны быць разгледжаны, і рашэньні, якія там павінны быць прыняты, павінны быць знакавымі для расейцаў і беларусаў. Гэта рашэньні, якія павінны быць рэальным, важкім, сур'ёзным вынікам. А Вышэйшы дзяржсавет дзеля “птушачкі” нікому не патрэбны.

Вінаваціць беларускі бок у тым, што з-за яго быў сарваны Вышэйшы дзяржсавет, я б не сьпяшаўся ў гэтай сытуацыі. Гэта будзе няправільна”.

На пытаньне, калі ж адбудзецца пасяджэньне, спадар Лёгкі адказаў: “Ня ведаю!”

Паводле расейскіх мэдыяў, раздражненьне Аляксандра Лукашэнкі выклікана праектам Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, у якой кіраўніку Беларусі адводзіцца пасада віцэ-прэзыдэнта. Дэпутат Дзярждумы Расеі, палітоляг Сяргей Маркаў вінаваціць абодва бакі.

“Крыху большым каменем спатыкненьня выступае Аляксандар Лукашэнка. З другога боку, праблема ў тым, што мы сумесна, і мы — Расея, так і не знайшлі для яго месца. Аднак лёгіка “адна краіна, дзьве сыстэмы” можа быць рэалізавана, і фармат яе абодва бакі так і не знайшлі".

Чым пакарае Расея Беларусь за такія паводзіны? Сяргей Маркаў сказаў, што Беларусь атрымае газ па цэнах вышэйшых, чым у Расеі, але ніжэйшых, чым для іншых краінаў-спажыўцоў:

“Ды нічым Масква не адкажа. Бо незгаворлівасьць Менску дастаткова звыклая. А помсьціць за гэту незгаворлівасьць — гэта ірацыянальныя і безадказныя паводзіны. Ніякай помсты ня будзе”.


XS
SM
MD
LG