Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы хочам гэтыя дзьве краіны паміж сабой пазнаёміць"


Грамадзкая кампанія “Будзьма!”
Грамадзкая кампанія “Будзьма!”

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 30 лістапада


Ужо амаль два месяцы працягваецца грамадзкая кампанія “Будзьма!”: па ўсёй Беларусі адбываюцца сустрэчы зь пісьменьнікамі, музыкамі, мастакамі. Як да гэтай доўгатрывалай акцыі ставяцца ўлады на месцах і якога эфэкту жадаюць дасягнуць яе заснавальнікі? Пра гэта ды іншае Міхась Скобла гутарыць з адным з каардынатараў кампаніі, старшынёй Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Аленай Макоўскай.

Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Спадарыня Алена, да нядаўняга часу, калі я чуў слова “будзьма”, мне адразу ўяўлялася застольле, дзе, калі ўжо ўсе тосты вычарпаныя, гучала менавіта кароткае і ёмкае: “Будзьма!” Чаму вы вырашылі назваць сваю кампанію гэтым шматзначным словам?”

Алена Макоўская: “Менавіта таму, што гэтае слова шматзначнае. Прызнаюся, мы вельмі доўга абмяркоўвалі назву. І абмяркоўвалі ня вузкім колам, раіліся з экспэртамі – філёлягамі й палітолягамі, як усё ж назваць кампанію, якая будзе скіраваная на культурную ідэнтыфікацыю беларусаў. Былі розныя прапановы, вы не паверыце, нават гучала: “Мы – беларусы”. Шукалі назву мы ў канцы 2007 году. Уявіце, які казус атрымаўся б, калі б мы нашу акцыю так і назвалі... Мы меркавалі, што ў назве кампаніі, па-першае, павінен быць заклік, па-другое, гэта павінна быць непаўторнае беларускае слова, якое адрозьнівае нас ад іншых народаў, па-трэцяе, гэта павінна быць пазытыўнае, жыцьцесьцьвярджальнае слова. І пасьля доўгага абмеркаваньня мы прыйшлі да высновы, што лепш за ўсё назваць кампанію менавіта “Будзьма!” Будзьма беларусамі”.

Скобла: “Раскажыце больш падрабязна пра сваю акцыю. Хто і што канкрэтна мае рабіць, дзе і за што агітаваць?”

Алена Макоўская
Макоўская:
“Я ня стала б тут ужываць слова “агітаваць”. Гэтае слова мае нэгатыўныя асацыяцыі яшчэ з савецкага часу. Мы думаем, што агітаваць за беларускае ў Беларусі неяк няправільна. Задумвалася гэтая кампанія, як я ўжо сказала, досыць даўно рознымі грамадзкімі арганізацыямі, да нас адразу ж далучыліся Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Таварыства беларускай мовы. Кожная арганізацыя рабіла нешта сваё ў гэтым накірунку. Але варта проста прадэманстраваць прыклад аб’яднання, узор кансалідацыі й паказаць, што мы сёньня ідзем пад адзіным сьцягам”.

Скобла: “Наколькі я зразумеў, у акцыі бяруць удзел тры грамадзкія арганізацыі – “Бацькаўшчына”, СБП і ТБМ?”

Макоўская: “Не, іх нашмат больш. Гэта і Саюз мастакоў, дакладней – суполка “Пагоня”, і Беларуская музычная альтэрнатыва, і таварыства “Гісторыка”, і яшчэ шэраг арганізацый. Калі мы абвесьцілі кампанію, нас было каля дзесяці. Сёння нас ужо васямнаццаць! А з пачатку кампаніі прайшло ўсяго два месяцы. Я думаю, што зь цягам часу нас будзе толькі большаць. Сёння мы маем вельмі шмат падказак ад розных рэгіянальных арганізацый, яны прапаноўваюць розныя віды конкурсаў, мерапрыемстваў, запрашаюць да сябе пісьменьнікаў, хочуць арганізаваць у сваёй мясцовасьці канцэрты. І гэта вельмі добра. Сёньня праходзяць дзясяткі самых розных імпрэзаў, як у Менску, гэтак і ў рэгіёнах. Іх галоўная мэта – паказаць, што беларуская мова, беларуская культура – гэта сучасна, модна і пэрспэктыўна”.

Скобла: “Вынікі вашай кампаніі я пабачыў ужо на менскіх вуліцах: на плячах у юнакоў і дзяўчатаў сумкі з надпісамі “Будзьма!” і беларускім арнамэнтам. Якую яшчэ “наглядную агітацыю” вы выкарыстоўваеце?”

Макоўская: “Сёньня мы, беларусы, на жаль, утвараем нейкія дзьве асобныя краіны ў межах адной. Адна – расейскамоўная, яна мае нейкія свае каштоўнасьці, свае ідэалы, другая – беларускамоўная, у якой разьвіваюцца нацыянальная культура, мова, ствараюцца творы сучаснага мастацтва. Мы хочам гэтыя дзьве краіны паміж сабой пазнаёміць. Таму за лягатып кампаніі мы абралі чырвоных хлопчыкаў і дзяўчатаў на белым фоне, якія трымаюцца за рукі – гэта традыцыйны беларускі арнамэнт”.

Скобла: “Здаецца, падобнае спалучэньне азначае вянчаньне”.

Макоўская: “Мы сапраўды хочам паяднаць людзей, закласьці падмурак кансалідацыі. Праз аб’яднальныя працэсы прайшлі ўсе краіны постсавецкай прасторы. Не прайшлі чамусьці адны беларусы. А гэта неабходна. На жаль, аб’яднальным падмуркам для нас ня стала рэлігія, паколькі толькі дзесяць адсоткаў беларусаў наведваюць цэрквы. Ня стаў ніякі іншы грамадзкі ці палітычны праект. Але без аб’яднаньня мы наперад ня пойдзем. Таму мы выбралі менавіта гэты арнамэнт, трошкі яго абсучасьнілі. Мы зрабілі яго больш стыльным. Ён адначасна і пазнавальна-беларускі, і сучасны. Сёньня ў межах нашай кампаніі мы выпускаем і майкі, і маладзёвыя торбачкі, і паштоўкі, і значкі, і налепкі, якія нам дапамог распрацаваць мастак Міхал Анемпадыстаў”.

Скобла: “Як да вашай доўгатрывалай акцыі ставяцца ўлады? Ці не перашкаджаюць вам сустракацца з моладзьдзю ў школах, у іншых навучальных установах? А можа – спрыяюць?”

Макоўская: “Нейкай падтрымкі ці спрыяння мы пакуль не адчулі, але і перашкодаў улады таксама ня чыняць. Звычайна, на нашых імпрэзах прысутнічаюць прадстаўнікі мясцовых ідэалягічных органаў. Ніякіх нараканьняў у наш бок пакуль не было. Апошнім часам адбылося некалькі сустрэчаў, дзе быў патрэбен дазвол мясцовых уладаў. Ён быў атрыманы, сустрэчы мелі месца, і ўсе бакі засталіся задаволеныя”.

Скобла: “Вы – старшыня Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, якое павінна ажыцьцяўляць лучнасьць дыяспары з мэтраполіяй. Ці ўдаецца вам завязваць кантакты з новай хваляй эміграцыі, якая больш прагматычная за, напрыклад, паваенную хвалю?”
Макоўская: “Гэта дастаткова складанае для нас на сёньняшні дзень пытаньне. Натуральна, кантакт навязаць можна, але што ты будзеш мець ад гэтага кантакту, калі чалавек не зацікаўлены? А каб яго зацікавіць, сілаў грамадзкай арганізацыі малавата. Так, беларусы працягваюць выяжджаць. І вельмі малы адсотак іх далучаецца да арганізаванай працы беларускай дыяспары ў ЗША, Канадзе, Вялікай Брытаніі. Прычына тут мне бачыцца адна: новыя эмігранты не зьяўляюцца носьбітамі беларускай культуры. Таму мы і абвесьцілі кампанію “Будзьма!” На жаль, на сёньняшні дзень Беларусь губляе людзей, губляе свой патэнцыял. Маладыя эмігранты маглі б стварыць іміджавыя цэнтры Беларусі за мяжой, беларускае лобі ў замежжы, бо гэта, звычайна, прафэсіяналы, людзі з добрай адукацыяй. Але сёньня яны альбо праста асымілююцца, альбо далучаюцца да іншых дыяспараў – расейскай, украінскай, польскай”.

Скобла: “Ваша згуртаваньне выдае сымпатычную кніжную сэрыю “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, дзе ўжо выйшлі кнігі Кастуся Акулы, Лявона Юрэвіча, Аляксандра Адзінца…” Ці будзе працяг бібліятэкі?”

Макоўская: “Працяг будзе. І нам вельмі прыемна, што часта ў справе кнігавыданьня ня мы ламаем галаву, што выдаць. Ідэі й прапановы прыходзяць самі, іх прыносяць аўтары. Таму наступнай у нашай сэрыі будзе кніга пра Беларускі кангрэсовы камітэт у ЗША, аўтар – Алег Гардзіенка, а гісторык Натальля Гардзіенка, якая правяла вельмі вялікую навуковую працу ў Вялікай Брытаніі, папрацавала там з архівамі, дапісвае кнігу пра дзейнасьць беларусаў у гэтай краіне”.

Скобла: “На апошнім зьезьдзе беларусаў сьвету прагучала ідэя стварэньня энцыкляпэдыі “Беларуская дыяспара”. Што чуваць з гэтым праектам?”

Макоўская: “Падобную энцыкляпэдыю немагчыма стварыць без зваротных кантактаў з той самай дыяспарай. Пасьля згаданага вамі зьезду мы звярнуліся да беларускіх асяродкаў у замежжы: прасілі вылучыць каардынатараў, якія б займаліся гэтай справай. Разумееце, калі па далёкім замежжы можна сабраць інфармацыю на базе ўжо надрукаваных матэрыялаў, то ў Расеі, Украіне, Казахстане гэтую працу трэба пачынаць з нуля. Без мясцовай ініцыятывы мы проста ня здолеем нічога зрабіць. На жаль, беларуская дыяспара перажывае сёньня ня лепшыя часы. Адносіны да яе з боку беларускай дзяржавы не зьмяняюцца. Не адбываецца нічога, што магло б інсьпіраваць эміграцыю на прыхільныя крокі, на разьвіцьцё. Тыя суполкі, якія існуюць у замежжы, калі яны ня створаныя па ініцыятыве ўладаў, вырашаюць праблемы свайго выжываньня самі. Таму, натуральна, ім вельмі цяжка. Ёсьць праблемы з адміністрацыйнымі й фінансавымі рэсурсамі. Як гэтыя суполкі могуць вылучыць людзей, якія будуць займацца дасьледчай працай дзесьці ў архівах Іркуцку ці Новасібірску? Але саму ідэю энцыкляпэдыі мы не адкінулі, будзем да яе вяртацца на наступным зьезьдзе беларусаў сьвету”.

Скобла: “І прыканцы гутаркі давайце вернемся да нашай асноўнай тэмы. Наколькі эфэктыўна праходзіць кампанія “Будзьма!”, і якога канчатковага эфэкту вы ўвогуле чакаеце?”

Макоўская: “Кампанія доўгатэрміновая. Таму што нерэальна за некалькі месяцаў ці нават за год вырашыць тыя праблемы, якія не вырашаліся ў Беларусі цягам сямнаццаці гадоў. Спадзявацца, што пасьлязаўтра мы ўсе возьмемся за рукі, загаворым па-беларуску і завершым на гэтым кампанію, – гэта ідэалізм. “Будзьма!” будзе працягвацца. З культурнымі падзеямі, з афішай нашых мерапрыемстваў можна пазнаёміцца на нашым сайце, які зьяўляецца адначасова і грамадзкім дзёньнікам. Пішыце нам, далучайцеся да нашай кампаніі, удзельнічайце ў нашых імпрэзах, прапаноўвайце свае ідэі. Будзьма беларусамі!”

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG