Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – 27-гадовы Максім Вінярскі.

Максім Вінярскі – актывіст моладзевага руху супраціву. Зараз прадстаўляе грамадзянскую кампанію “Эўрапейская Беларусь”. Сябар Партыі БНФ. У палітычнае жыцьцё ўцягнуўся ад 1999 году – і практычна штогод з тае пары яго арыштоўвалі, кідалі за краты. Тройчы міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызнавалі Максіма вязьнем сумленьня.

Зь ім гутарыць журналіст Аляксандар Байчун.

Карэспандэнт: Максім, вы вучыцеся, працуеце?

Вінярскі: Навучаўся ў Беларускім тэхналягічным унівэрсытэце: выдавецкая справа, спэцыялізацыя – рэдактар-тэхноляг. Але на шостым курсе быў вымушаны спыніць навучаньне.

Карэспандэнт: Як патэнцыйны рэдактар чытаць любіце? На каго моліцеся, калі завітваеце ў кніжную краму?

Вінярскі: Кніга майго сэрца – караткевіцкія “Каласы пад сярпом тваім”. Ды й іншыя – у мяне вельмі шырокі круг чытацкага зацікаўленьня.

Карэспандэнт: Сучаснасьць, клясыка?

Вінярскі: І тое, і другое. Я, даруйце, больш-менш малады чалавек, таму захапляюся нават “несур’ёзным” – фэнтэзі. Цікаўлюся паралельна палітычнай літаратурай, публіцыстыкай.

Карэспандэнт: А хто для вас на п’едэстале ў рэальным жыцьці?

Вінярскі: Жана Д’Арк, як узор барацьбіткі за радзіму. Гэтаксама ў нас – Кастусь Каліноўскі.

Карэспандэнт: Маеце сяброў?

Вінярскі: Для мяне важны кожны, хто плячо ў плячо.

Карэспандэнт: Напрыклад, Аляксандар Баразенка?

Вінярскі: Ну так!

Карэспандэнт: А хто для вас, Максім, узор у палітыцы?

Вінярскі: Няма таго, хто цалкам бы адпавядаў майму ідэалу. Аднак – генэрал Захаранка. Ён не баяўся браць на сябе адказнасьць.

Карэспандэнт: Ну, адказнасьць браў на сябе і Зянон Пазьняк…

Вінярскі: Цалкам паважаю ягоныя высілкі на алтар беларускага народу. Аднак я быў занадта маладым на пік зянонаўскай палітычнай кар’еры.

Карэспандэнт: Затое вам ужо добра вядомыя палітычныя беларускія пэрсанажы сёньняшніх дзён: Мілінкевіч, Лябедзька, Вячорка…

Вінярскі: Усе яны заслугоўваюць павагі, калі змагаюцца за свабоду нашай Бацькаўшчыны так, як бачаць гэта.

Карэспандэнт: Як вы лічыце, Максім, што для беларусаў – каштоўнасьць нумар адзін?

Вінярскі: Свабодная незалежная Беларусь. Прынамсі для мяне. Але магчымыя і варыянты: для кагосьці гэта – проста свабода, для некага – перад свабодай стаіць нацыя… Тут па-рознаму.

Карэспандэнт: А на якім падмурку грунтуецца вашая асабістая вера ў Беларусь?

Вінярскі: На тым, што бачу вакол сябе людзей, якія таксама згодныя змагацца і ахвяраваць за яе. На іх і трымаецца мая упэўненасьць у сваёй веры. На салідарнасьці. На нашай агульнай веры ў свае сілы, і сілу сваіх паплечнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG