Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зарэгістравана 9423 выпадкі ВІЧ-інфэкцыі


Сёньня – Міжнародны дзень барацьбы са СНІДам. Дарэчы, гэты дзень адзначаецца ўжо 20-ы раз. У 1988 годзе міністры аховы здароўя многіх краінаў сьвету заклікалі да сацыяльнай цярплівасьці і пашырэньні інфармацыі па ВІЧ–СНІД.

Загадчыца аддзяленьня прафіляктыкі ВІЧ-СНІД Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Лілія Мялешка прывяла статыстыку па краіне:

“У нас зарэгістравана 9423 выпадкі ВІЧ інфэкцыі. Атрымліваецца 97 чалавек на 100 тысяч насельніцтва”.

Лілія Мялешка адзначыла і станоўчую тэндэнцыю: самае маладое пакаленьне, дзякуючы асьветніцкай працы ўжо добра ўсьведамляе небясьпеку, даволі адукаванае і выконвае захады бясьпекі:


«Калі ў 1996 годзе, калі ў нас быў усплёск у Сьветлагорску, у нас было 24,4% маладых людзей ва ўзросьце ад 15 да 19 гадоў, то зараз іх толькі 1,8% ад агульнай колькасьці інфікаваных».

У Сьветлагорску, дзе сытуацыя па-ранейшаму застаецца самай трывожнай, за 12 гадоў ад СНІДу памерла больш за 600 чалавек. За 10 месяцаў 2008 года выяўлена 123 новыя выпадкі. Асноўны шлях заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй –полавы, гэта больш за 70% выпадкаў. На думку галоўнага лекара-інфэкцыяніста Сьветлагорска Дзьмітрыя Падуты, праблема ў тым, што бальшыня мяркуе, што гэта праблема іх не кране:

«Насельніцтва лічыць, што гэта тычыцца толькі нейкіх маргінальных груп: наркаспажыўцоў, іншых. І цяпер галоўная задача – гэтую псыхалёгію пераламіць. Больш старэйшая група, за 30 гадоў, лічыць, што гэта праблема моладзі, наркаманаў, але гэта ўжо ня так! Пайшлі выпадкі, калі ВІЧ выяўляецца і пасьля 50 гадоў. І калі спажывае наркотыкі толькі пэўная група, то сэксам займаюцца ўсе».

Калі спажывае наркотыкі толькі пэўная група, то сэксам займаюцца ўсе

Ва ўсім сьвеце прыкладна аднолькавая колькасьць ВІЧ-інфікаваных мужчын і жанчын, кажа загадчыца аддзяленьня прафіляктыкі ВІЧ-СНІД Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Лілія Мялешка.

«У Беларусі тэндэнцыя, што мужчын усё ж такі больш. Жанчын менш – да 35%. Гэта таксама трывожны фактар, бо ВІЧ-інфікаваныя жанчыны маюць жаданьне нарадзіць. У нас нарадзілася 1243 дзіцяці ад ВІЧ-інфікаваных маці. Але ВІЧ інфэкцыю мае толькі 131 дзіця».

У грамадзкім аб'яднаньні «Пазытыўны рух», які дапамагае ВІЧ-інфікаваным,побач з ВІЧ-адмоўнымі працуюць і ВІЧ-інфікаваныя. Але старшыня «Пазытыўнага руху» Ганна Любінская кажа:

«Канечне ж, стыгма і дыскрымінацыя ёсьць. У кагосьці не бяруць дзіця ў садок, таму што ведаюць, што яно ВІЧ-станоўчае. Часьцей за ўсё людзі сутыкаюцца з дыскрымінацыяй там, дзе яны спрабуюць атрымаць дапамогу. Быў выпадак, калі лекар-гінэколяг вельмі настойваў, каю цяжарная жанчына, ВІЧ-інфікаваная, зрабіла аборт. Ён доктар казаў: «Навошта табе нараджаць, ты ж праз год памрэш». Такія некарэктнасьці здараюцца».


XS
SM
MD
LG