Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ўрад рыхтуе комплексную праграму мадэрнізацыі і лібэралізацыі эканомікі. Тым часам незалежныя экспэрты скептычна ацэньваюць яе праект, разрэклямаваны ў афіцыйных СМІ.

Праект праграмы распрацаваны ў навукова-дасьледчым эканамічным інстытуце Міністэрства эканомікі. Згодна зь ім, да прыкладу, прадпрыемствы атрымаюць больш свабоды, а рэгуляваньне з боку дзяржавы будзе больш мяккім. Таксама паменшыцца пералік тавараў і паслуг, цэны на якія рэгулююцца. Яшчэ мяркуецца скараціць падатковую нагрузку на прадпрыемствы. А таксама актывізаваць прыватызацыю. У эканамічным інстытуце паведамілі, што ўрад мае разгледзець праграму да новага году. Аднак камэнтаваць праект не пажадалі.

Прадпрыемствы атрымаюць больш свабоды, а рэгуляваньне з боку дзяржавы будзе больш мяккім.


Паводле старшыні аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, праграма стэрыльная і падобная на ранейшыя:


“Ад пачатку 66-га года на ўсіх зьездах КПСС гаварылася пра навукова-тэхнічны прагрэс, пра ўкараненьне новай тэхнікі, стварэньне эфэктыўнай эканомікі. Яна ў рэчышчы гэтых 45-ці гадоў савецкага традыцыйнага падыходу. Нават па тэрмінах і фармулёўках. Яна не зробіць ніякага ўплыву на наша жыцьцё. А вось курс амэрыканскага даляру – зробіць”.

Чаму да распрацоўкі такіх праграмаў не далучаюць незалежных экспэртаў? Паводле спадара Заікі, кіраўніцтва краіны цьвердзіць пра “беларускі эканамічны цуд”:

“Прэзыдэнт не аднойчы заяўляў, што ён на правільным шляху і ніякіх наватараў ня трэба. Потым, новая праграма з далучэньнем іншых людзей – гэта іншыя асобы, іншы інтэлект. “Праграма Бальцэровіча”, Бальцэровіч гэта не Квасьнеўскі. Калі зьявіцца праграма Раманчука ці Злотнікава, тады прэм’ер-міністар будзе на другім пляне. А прэзыдэнт – на трэцім”.

Але ж у праекце праграмы, да прыкладу, прапануецца актывізаваць прыватызацыю?

Праграма не зробіць уплыву на наша жыцьцё. А курс амэрыканскага даляру – зробіць.


“Што ні пісалі б у дакумэнтах, прыватызацыя можа быць альбо намэнклятурнай, калі намэнклятура прысвоіць сабе дзяржаўную ўласнасьць. Альбо краіну аддадуць замежным уласьнікам. Вось і ўсё. Якую праграму ні пішы, як яе ні паварочвай, як ні вычварайся – вось гэтыя два варыянты”.

Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, паводле праекта праграмы, адным з найважнейшых накірункаў мадэрнізацыі эканомікі зьяўляецца “стымуляваньне разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу”.

Але індывідуальныя прадпрымальнікі працягваюць рыхтавацца да пратэстаў. Паводле юрыста Сяргея Балыкіна, калі гэтая праграма і будзе зацьверджана, то спатрэбяцца нарматыўныя акты:

“А, як вядома, нарматыўныя акты ў нашай краіне, асабліва ў накірунку лібэралізацыі эканамічных адносінаў, прымаюцца вельмі цяжка. Дэклярацыя – гэта добра. Я сам гатовы падпісацца пад усімі словамі нашага прэзыдэнта на карысьць лібэралізацыі, дэбюракратызацыі нашай эканомікі і наогул нашага жыцьця. Але ж зроблена не так шмат насамрэч. Ну, а што тычыцца пратэстаў, якія будуць... Дык гэтыя ж людзі ад гэтай праграмы нічога не атрымаюць”.

XS
SM
MD
LG