Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абароненыя працоўныя мігранты за мяжой?


Колькі беларусаў працуюць за мяжой? У якія краіны зьяжджаюць у пошуках лепшай долі? Ці абароненыя яны за мяжой? Чаму існуе працоўная эксплюатацыя беларусаў у суседняй Расеі? Ці клапоціцца дзяржава пра сваіх грамадзянаў, якія працуюць за мяжой? Якія правы гарантуюць ім дзяржава, кадравае агенцтва?

Паводле афіцыйнай інфармацыі, якую падае Дзяржаўны статыстычны камітэт, сёлета за 9 месяцаў па дамовах і кантрактах, то бок афіцыйна, за межы краіны зьехала працаваць 5557 чалавек:

“У Расею выехала працаваць 3655 чалавек, у ЗША — 1468, у Польшчу — 210, у Чэхію — 85, у Літву — 34, ва Ўкраіну — 32, у Швэцыю — 27”.

За такі ж пэрыяд мінулага году па афіцыйных кантрактах і дамовах выехала амаль на 1 тысячу больш — 6457.

Гэткія ж лічбы прыводзіць і намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун:

“Мы канстатуем: штогод афіцыйна выяжджае каля 6 тысяч. Гэта празь ліцэнзіятаў, якія маюць ліцэнзіі на права працаўладкаваньня за мяжой грамадзянаў Беларусі. А неафіцыйная лічба… Ну што значыць „выяжджаюць“? Ёсьць і сэзонныя працы. Ён выехаў на 3 месяцы, папрацаваў і вярнуўся назад. Міністэрства працы праводзіла выбарачныя абсьледаваньні хатніх гаспадарак. І было вызначана — каля 100 тысяч грамадзянаў Беларусі выяжджалі за мяжу для ажыцьцяўленьня працоўнай дзейнасьці самастойна”.

Каля 50 беларускіх кадравых агенцтваў маюць ліцэнзіі Міністэрства ўнутраных спраў і могуць афіцыйна працаўладкоўваць за мяжой. Супрацоўніца кадравага агенцтва “Jet Expo” распавяла, што яны накіроўваюць мэдпэрсанал у Вялікабрытанію, на сэзонныя сельскагаспадарчыя працы ў Польшчу, студэнтаў у ЗША. Прычым легальна, з афармленьнем усіх юрыдычных дакумэнтаў:

“Чалавек, які зьяжджае, атрымлівае кантракт, у якім утрымліваюцца ўсе тыя пункты, якія патрабуе МУС . Увесь той сацыяльны пакет, які ёсьць у беларускіх грамадзянаў, распаўсюджваецца і на той кантракт. І ў кожным кантракце прапісаныя ўсе пункты: скасаваньне кантракту, сацыяльныя гарантыі, страхоўка, мэдычныя выплаты”.

Дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту працы Сьвятлана Шаўчэнка кажа, што беларускія кадравыя агенцтвы, якія накіравалі чалавека за мяжу, таксама нясуць адказнасьць за працаўніка:

“У дамовах прапісваецца сацыяльная абарона. Таму, калі на месцы ня могуць даць наймальніку тыя віды сацыяльнай абароны, якія гарантаваныя дамовай, то працаўнік мае права прэтэнзіі прад’явіць рэкрутынгаваму агенцтву, якое накіравала яго на працу”.

Але тыя,
Тыя, хто выяжджае афіцыйна, па кантрактах — гэта кропля ў моры ў параўнаньні з той колькасьцю беларусаў, якія едуць на заробкі неафіцыйна
хто выяжджае афіцыйна, па кантрактах — гэта кропля ў моры ў параўнаньні з той колькасьцю беларусаў, якія едуць на заробкі неафіцыйна. І ў гэтых людзей ніякай сацыяльнай абароны, ніякіх гарантыяў, кажа Раман Раждзественскі зь вёскі Верамейкі Чэрыкаўскага раёну, які не адзін раз выяжджаў на будоўлі ў Расею.

“Калі вэрбавалі, абяцалі залатыя горы нам. Працоўны дзень быў па 12—14 гадзін, ні пра якія выходныя не было і гаворкі. Калі вэрбавалі нас на месяц, то трымалі па 2—3, не выплачвалі заробкі. Была ў нас сыстэма штрафаў. Да прыкладу, за размову на працы па мабільным тэлефоне — штраф 500 расейскіх рублёў, за курэньне ў бараку — таксама 500 рублёў. Калі на працы зьяўляўся з “пахам” — 1000 рублёў. Калі ня выйшаў на працу — 5 тысяч штраф. Калі камусьці штосьці не падабалася, размова была кароткай: “Давайте, ребята, на историческую родину и там качайте права”.

Паводле эканаміста Міхала Залескага, да паўмільёна беларусаў выяжджаюць на працу за мяжу. Ні Мінпрацы, ні Дзяржстат іх ня ўлічваюць і ня могуць назваць нават прыблізныя лічбы. Праўда, дырэктарка НДІ працы Сьвятлана Шаўчэнка кажа, што інстытут, магчыма, пачне праводзіць маніторынгі:

“Калі будзе падпісана пастанова (у выпадку, калі яна будзе падпісана) і Інстытут будзе надзелены абавязкам праводзіць такі маніторынг, то мы будзем выпрацоўваць падыходы да мэтадаў экспэртнай ацэнкі колькасьці чалавек, якія неафіцыйна зьяжджаюць”.

Некаторыя ўладкоўваюцца ў той жа Расеі альбо Ўкраіне легальна, кажа супрацоўнік МУС Аляксей Бягун:

“Калі ён афіцыйна ўладкоўваецца потым за мяжой, ён таксама можа быць абаронены. Але, як правіла, асобы, якія выяжджаюць неафіцыйна, яны і працуюць неафіцыйна. Таму і сацыяльны пакет у іх мінімальны. Таму цэлы шэраг фактаў працоўнай эксплюатацыі ў Расейскай Фэдэрацыі”.

На 900 чалавек працаздольнага насельніцтва ў нашым аграгарадку — 420 працоўных месцаў. Чалавек 150 цяпер на заробках
Раман зь вёскі Верамейкі распавёў такі выпадак:

“Аднаму хлопцу з Крычава на нагу ўпала панэль, яго адразу звольнілі і празь дзьве гадзіны першым жа рэйсам накіравалі ў Крычаў”.

Здараюцца і больш трагічныя выпадкі, калі людзі не вяртаюцца з заробкаў: гінуць будаўнікі ў Расеі, беларускія лётчыкі ў краінах Афрыкі, у Іраку. Вядома ж, у самых трагічных выпадках беларускія амбасады дапамагаюць сваім грамадзянам. Але ў бальшыні сваёй беларускія працоўныя мігранты за мяжой ня маюць абароны. Пытаюся ў будаўніка Рамана, ці параіў бы ён ехаць на заробкі самастойна:

“Безумоўна, я не параіў бы. Але гэта не ад таго, што хтосьці шукае прыгоды. Гэта ад безвыходнасьці. На 900 чалавек працаздольнага насельніцтва ў нашым аграгарадку — 420 працоўных месцаў. Хаця пры гэтым кожны разумее, што гэта як лятарэя: можна зарабіць, але можна і вярнуцца з пустымі рукамі і нават яшчэ горш. Чалавек 150 цяпер на заробках — гэта з паўтаратысячнай вёскі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG