Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячы госьпіс на бульвары Нескароных


Ад анкалягічных хваробаў у Беларусі штогод памірае каля пяцідзесяці дзяцей. Яшчэ тром сотням лекары ставяць дыягназ — анкалягічнае захворваньне. Дзьве траціны зь іх не пражываюць пасьля гэтага і пяці гадоў. Няўрадавыя арганізацыі Беларусі стварылі сетку госьпісаў. Дзьве такія ўстановы дзейнічаюць у Гомелі, па адной — у Менску, Віцебску, Магілёве, Пінску, Слоніме. У сярэднім адзін госьпіс абслугоўвае па 20—25 дзяцей да васемнаццаці гадоў, якія хранічна хварэюць або паміраюць. Усе дзіцячыя госьпісы амаль цалкам залежаць ад замежнай фінансавай і іншай дапамогі. Магілёўскі госьпіс “Сьвечка надзеі” днямі адзначыў сваё пяцігодзьдзе.

Госьпіс “Сьвечка надзеі” месьціцца ў звычайнай двухпакаёвай кватэры звычайнага дзевяціпавярховага дома на бульвары Нескароных. Пакоі давялося крыху пераплянаваць.

Лілія Судзілоўская
З кіраўніцай госьпісу Ліліяй Судзілоўскай гутару, гартаючы альбом са здымкамі дзетак, якія былі на ўліку арганізацыі і якіх ужо няма:

“У іх дужа сур’ёзныя хваробы. Вось дзяўчынка была — пячонка. Вось гэта дзяўчынка — хвасьцец. Вось гэты хлопчык нарадзіўся з генэтычнымі адхіленьнямі, да таго ж у яго быў лейкоз. Вось у гэтага хлопчыка саркома была, ножкі былі ампутаваныя. Вось, больш за ўсё — пухліны галовак”.

За пяць гадоў у госьпісе васямнаццаць дзяцей памерлі. У дзесяці лекары зафіксавалі спыненьне хваробы. Спадарыня Судзілоўская прызнае, што цудаў не бывае, і любая інфэкцыя можа хваробу актывізаваць. Таму ўзімку дзеткі часьцей дома, а ня тут, бо гарадзкі транспарт ім непажаданы, а свайго ў госьпісу няма.

Дзяцей у магілёўскі госьпіс перадаюць з анкалягічнага цэнтру, што ў Бараўлянах пад Менскам. Лілія Судзілоўская кажа, што іхнія бацькі баяцца слова “госьпіс”, бо яно атаясамліваецца зь немінучым — сьмерцю.

“А потым у выніку мама разумее й дзіця, што нашы
супрацоўнікі становяцца самымі блізкімі ў гэтую хвіліну. Бо калі дзіця было тры гады ў Бараўлянах, значыць, і мама была зь ім. Таму і ў мамы сябры страціліся, і ў дзяцей.”

Госьпіс паўстаў дзякуючы ірляндзкім дабрачынным ініцыятывам, якія дапамагалі пераадольваць чарнобыльскае ліха. Пытаюся,
што рухае замежнікамі, якія дапамагаюць беларускім дзецям:

“Я лічу, што яны перад богам сваю місію нясуць. Яны дужа шмат працуюць. Яны ведаюць кожнае дзіця. У іх ёсьць фотаздымкі, дыягназы. Яны лічаць, што гэта іх госьпіс.”.

Пра праблемы арганізацыі спадарыня Судзілоўская ня кажа. Хіба пра адну — пра эмацыйнае выгараньне супрацоўнікаў. Акрамя яе, у госьпісе дзьве мэдсястры. Яны працуюць на паўстаўкі. І патрэбны псыхоляг.

Пасьля сьмерці дзіцяці яшчэ цэлы год супрацоўнікі госьпісу працуюць зь ягонымі бацькамі. Многія пасьля гэтай трагедыі замыкаюцца на сваім горы. Толькі 25 працэнтаў сем’яў, дзецьмі якіх апякуецца госьпіс, поўныя. Астатніх дзетак даглядаюць маці, якія самі яшчэ нядаўна былі дзецьмі, і якія застаюцца са сваім горам сам-насам.

валянтэрка Паліна
Дапамагаюць госьпісу маладыя добраахвотнікі. Адна зь іх — Паліна. Яна ўжо пасьпела папрацаваць ва ўправе сацыяльнай абароны насельніцтва, сысьці адтуль, а потым зразумець, што ёй не хапае людзей, якім варта дапамагаць. Спадарыня Паліна зазначае, што нашы людзі маюць вельмі прыблізнае ўяўленьне, што такое госьпіс:

“Я часта сутыкаюся з тым, што лічаць: дзіцячы госьпіс — гэта нейкія інваліды альбо дзіцячы дом. У прынцыпе яны не разумеюць, што там дзеці, якім засталося жыць няшмат. Ёсьць багата людзей, якія, можа, хочуць паказаць, што яны неабыякавыя. У мяне на працы ўсе ведаюць, чым я займаюся, аднак канкрэтнай дапамогі яшчэ ніхто не прапанаваў”.

Таму, лічыць валянтэрка, трэба больш гаварыць пра такія ўстановы:

“Будзем спадзявацца, што цяпер, калі міністэрства аховы здароўя зацікавілася госьпісамі, магчыма, будуць больш увагі зьвяртаць. Аднак для гэтага трэба, каб тыя ж чыноўнікі хаця б ведалі, што гэта такое. Яны павінны бачыць гэта”.

Валянтэры за гэты год арганізавалі дзясятак дабрачынных акцыяў. Сабралі крыху сродкаў на дзейнасьць госьпісу.

“Яны таксама важныя, аднак ня менш важна і інфармаваць удзельнікаў такіх акцый, што ёсьць такія дзеці, якіх заўтра можа й ня быць, а дапамагчы ім трэба вось цяпер, у гэтую хвіліну”, — падсумоўвае Паліна.



Госьпіс у перакладзе на беларускую мову азначае прытулак. Першы госьпіс заснавала ў 1842 годзе ў Ліёне таварыства “Кальвэр”. Першы дзіцячы госьпіс у Беларусі з ініцыятывы Рэспубліканскага дзіцячага анкагематалягічнага цэнтру стварылі ў 1994 годзе ў Бараўлянах пад Менскам. У Вялікай Брытаніі працуе дабрачынны фонд “Сябры беларускага госьпісу”, які падтрымлівае госьпісны рух у нашай краіне.


XS
SM
MD
LG