Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнікі дамагліся заробку праз страйк


Ukraine -- builders at the work, Kyiv, Feb 2008

Ukraine -- builders at the work, Kyiv, Feb 2008

Гадзінны папераджальны страйк сёньня правялі будаўнікі магілёўскай будаўнічага ўпраўленьня № 129. Нагодай, каб спыніць працу, сталася нявыплата заробку.


Паводле будаўнікоў, кіраўніцтва ўпраўленьня яшчэ ўчора абяцала выплаціць заробленае, аднак слова свайго не стрымала. Сёньня, як толькі страйк пачаўся, да страйкоўцаў прыехалі галоўны інжынэр і намесьнік генэральнага дырэктара будаўнічага трэсту “Лаўсанбуд” і гарантавалі, што заробак выплацяць у панядзелак.

У страйку ўзялі ўдзел трыццаць будаўнікоў, якія ўзводзяць 129-кватэрны дом. Паводле аднаго з страйкоўцаў, Мікалая Расюка, акцыя пратэсту доўжылася амаль гадзіну. Будаўнікі зьвінавацілі кіраўніцтва ў парушэньні працоўнай дамовы:

“Паводле калектыўнай дамовы апошні тэрмін выдачы заробку — 25 чысло. 25-га заканчваюцца ўсе плацяжы, потым налічваецца пеня. Людзі абурыліся й правялі стыхійную забастоўку. Прыехаў наш кіраўнік і паабяцаў, што заробак нам выплацяць да вечара дваццаць сёмага. Сёньня ўжо дваццаць восьмага, а заробку няма”.

Начальнік будаўнічай управы Аляксандар Латушка падтрымлівае патрабаваньні сваіх падначаленых, аднак лічыць, што заробак выплацяць:

“Яны хвалююцца. Яны, дапусьцім, павінны аплаціць крэдыты. Я ім сказаў, што заробак мы не атрымалі, проста ў банку пакуль грошай няма. Усё гэта вырашаецца. Гэта адзінкавы выпадак. Гэта адзін раз у сувязі з гэтым, як гаворыцца, крызісам”.

Сёньняшні страйк доўжыўся блізу гадзіны. Паводле Расюка, да страйкоўцаў прыехалі галоўны інжынэр Руслан Парханцоў і намесьнік генэральнага дырэктара будаўнічага трэсту “Лаўсанбуд” Аляксандар Бурчык. Ім удалося пераканаць будаўнікоў выйсьці на працоўныя месцы. Заробак жа паабяцалі выплаціць у панядзелак. У сваю чаргу будаўнікі папярэдзілі, што калі абяцаньне ня будзе выканана, страйк адновяць.

Колькі ж сёньня будаўнікоў магло далучыцца да сваіх калегаў-страйкоўцаў?

“Людзей сёньня працуе ва ўпраўленьні ад 380 да 400 чалавек. У нас трыццаць працэнтаў ва ўпраўленьні — камэндатура, спэцперасяленцы, якія без прафэсіі й па другім разрадзе”, — зазначае Аляксандар Латушка.

Паводле Мікалая Расюка, на будоўлі кваліфікаваны спэцыяліст атрымлівае да васьмісот тысяч рублёў:

“Той, хто адпрацаваў сто семдзесят гадзінаў сярэдняй кваліфікацыі, атрымае заробак шэсьцьсот тысяч, а вышэйшай кваліфікацыі — семсот”.
XS
SM
MD
LG