Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Урад Беларусі ініцыюе новыя перамовы з Расеяй пра цану паставак газу ў 2009 годзе, заявіў журналістам у Менску віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Андрэй Кабякоў. Ці ўдасца афіцыйнаму Менску зьбіць цану на газ?

Сярэднегадавая цана на газ для Беларусі сёлета склала 125 даляраў за тысячу кубамэтраў. Цягам году расейскі пасол Аляксандар Сурыкаў называў розныя лічбы коштаў на наступны год — да 240 даляраў. А ў лістападзе амбасадар адзначыў, што цана на газ для Беларусі на пачатку 2009 году можа быць меншай, чым сёлета. Маўляў, час працуе на Беларусь, падаюць кошты на нафту.

Андрэй Кабякоў
Сёньня беларускі віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў заявіў, што вялікую частку году “ацэнка цэнаў на газ імкліва расла з улікам росту цэнаў на нафту, але цяпер цэны на нафту ўпалі і ёсьць прадмет для перамоваў з расейскім бокам”. Беларускі бок ініцыюе перамовы, спадзеючыся прыйсьці з расейцамі да згоды.

Прэс-сакратар старшыні праўленьня “Газпрому” Сяргей Купрыянаў заявіў, што пазыцыя расейскага боку сыходзіць зь дзейнага кантракту на пяцігадовы тэрмін:

Сяргей Купрыянаў
“Мы лічым, што ў нас ёсьць усе неабходныя дакумэнты, якія рэгулююць пастаўкі, ёсьць дзейны кантракт. Ён, між іншым, прадугледжвае карэктаваньне цаны газу ўсьлед за зьмяненьнем цаны нафтапрадуктаў. Зь цікавасьцю выслухаем нашых беларускіх калегаў”.

Спадар Купрыянаў пакуль не сказаў канкрэтна, колькі ж можа каштаваць газ для Беларусі. Але да якіх лічбаў яго кошт будзе бліжэйшы — да цэнаў на газ для Эўропы альбо для Ўкраіны?

“Магчыма, проста неяк забыліся, пра што мы дамовіліся і якія парамэтры закладзеныя ў кантракце. Згодна з формулай, цана разьлічваецца ад эўрапейскай з вылікам экспартнага мыта, выдаткаў на транзыт газу. З выкарыстаньнем паніжальнага каэфіцыенту, які ў наступным годзе складзе 0,8”.

Леанід Злотнікаў
Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, пытаньне, ці ўдасца афіцыйнаму Менску зьбіць цану на газ, — палітычнае. І на яго павінны адказваць палітыкі, а не эканамісты.

“Па формуле цаны на газ — насамрэч у першым квартале наступнага году можа быць вышэйшая цана. Бо цана на газ ідзе з лагам амаль на паўгода за цаной на нафту. З такім адставаньнем. І калі гэтую ж самую формулу прымяняць для вылічэньня цаны на газ на другі квартал, то яна павінна ўпасьці. Пасол Сурыкаў заявіў, што магчыма, што цана на газ у наступным годзе можа быць нават ніжэйшая за тую цану, якая існуе сёньня. А вось што тычыцца формулы, то яна не заўсёды прымяняецца. Напрыклад, паводле гэтай формулы ў 2008 годзе цана на газ павінна была быць каля 200 даляраў. Але ў такім памеры яе ня вызначылі з палітычных меркаваньняў. Што будзе наступным годам, ці будзе яна прыменена, ці будзе прынята палітычнае рашэньне, — адказ тут павінны даць палітолягі”.
XS
SM
MD
LG