Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мумбай: 130 мёртвых і каля 300 параненых


На другі дзень пасьля атакі тэрарыстаў на 12 аб’ектаў у індыйскім горадзе Мумбай, спэцназ цалкам вызваліў гатэль “Trident/Oberoi” (Трайдэнт-Абэрой). Мяркуецца, што закладнікі застаюцца ў габрэйскім культурным цэнтры.

Ісламісты з раней невядомай групоўкі “Deccan Mujahideen” атакавалі адначасова 12 аб’ектаў у дзелавой сталіцы Індыі Мумбаі, у тым ліку вакзал, габрэйскі культурны цэнтар і два пяцізоркавыя гатэлі, запоўненыя замежнымі турыстамі. Гатэль “Trident/Oberoi” узяты пад кантроль спэцназу цалкам, у гатэлі “Taj Mahal” і габрэйскім культурным цэнтры працягваюцца баі.

Ізраільская амбасада ў Індыі заявіла, што ў будынку габрэйскага цэнтру застаюцца ў закладніках прынамсі 20 грамадзянаў Ізраілю. Пакуль няясна, ці ўваходзяць у афіцыйны лік 130 забітых тыя 24 трупы, што былі сёньня знойдзеныя ў вызваленым гатэлі “Trident/Oberoi”.

Сьведкі трагедыя зь ліку турыстаў расказваюць пра страшныя карціны нечаканай атакі ўзброеных баевікоў на мірных людзей. Брытанец Джой Джытун, які перажыў напад на мумбайскую кавярню “Leopold”, заявіў сёньня ў аэрапорце Гітроў:

Джытун: Спачатку людзі былі спакойныя, а пасьля таго, як нехта крыкнуў, што яны вяртаюцца, пачалася паніка. Узьнікла цісканіна, мы пачалі штурхаць адно аднаго. Вельмі добра паводзілі сябе афіцыянты, і я сапраўды вельмі ўдзячны таму чалавеку, які штурхнуў мяне на падлогу. Ён літаральна ўратаваў мне жыцьцё. Вакол ўсё было разьбіта, паўсюль кроў. Я таксама быў увесь мокры ад крыві. Аднак, усё, што я меў – гэта ўдар па галаве і невялікая драпіна”.

Францыя паслала самалёт у Мумбай, каб эвакуааваць эўрапейцаў, вызваленых сёньня з раней захопленых гатэляў. Міністэсртва замежных спраў Францыі паведаміла, што Гішпанія і Нямеччына таксама папрасілі ўзяць на борт іх грамадзянаў.

Ісламскія баевікі, якія напалі на Мумбай, патрабавалі вызваленьня з індыйскіх турмаў сваіх паплечнікаў.

Афіцыйныя індыйскія ўлады, фактычна, усклалі адказнасьць за тэракт на свайго традыцыйнага суперніка – Пакістан. Прэм’ер-міністар Індыі Манмаган Сінгх заявіў, што нападнікі прыйшлі “звонку”.

XS
SM
MD
LG