Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад прызнаў, што крызіс Беларусь не абміне


Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў сёньня публічна прызнаў, што ўсясьветны эканамічна-фінансавы крызіс закрануў і Беларусь.

Пра гэта ён заявіў на сумесным паседжаньні дэпутатаў абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі.

Андрэй Кабякоў сказаў дэпутатам:

Андрэй Кабякоў
“Цалкам пазьбегнуць наступстваў крызісу ня ўдасца нікому, у тым ліку і нашай эканоміцы. Але ў нас няма ўнутраных перадумоваў для зараджэньня крызісных сытуацый. Пагрозы і ўскладненьні могуць вынікаць толькі са зьнешняй эканамічнай каньюнктуры”.

Эканамічны спад у суседніх краінах, якія традыцыйна найбольш купляюць беларускія вырабы, паводле віцэ-прэм’ера, ужо адбіваецца і на беларускай прамысловасьці:

“Падаюць попыт і спажывецкая здольнасьць як расейскага, так і ўкраінскага спажыўца на прадукцыю беларускай прамысловасьці. А гэта прыводзіць да павелічэньня запасу гатовай прадукцыі. Найбольш сур’ёзныя наступствы гэтага ўжо адчулі на сабе экспартэры прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасьці. Падобная сытуацыя і па шэрагу пазыцый у прадпрыемстваў канцэрнаў “Белнафтахім” і “Белбіяфарм”.

У выніку расьце адмоўнае сальда Беларусі ў зьнешнім гандлі. Пра гэта сьведчаць наступныя лічбы з афіцыйнай статыстыкі: за дзевяць месяцаў параўнальна з аналягічным леташнім пэрыядам адмоўнае сальда павялічылася на 888 мільёнаў даляраў і дасягнула 2 мільярдаў 744 мільёнаў даляраў.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка адзначае: у Беларусі складзкія запасы павялічваюцца, у той час як ва ўсім сьвеце ад іх тэрмінова пазбаўляюцца:

“Цяпер усе заходнія краіны, усе заходнія прадпрыемствы хуценька разгружаюць свае склады. Гэта зьвязана з тым, што наступае даволі нявызначаны і складаны час. Таму цяпер пойдзе зьмяншэньне коштаў на 10—15%, а можа, нават і на 30%, я думаю”.
Жыхарам Беларусі будзе выгадней купляць замежныя, а не айчынныя тавары


Калі гэты прагноз спраўдзіцца, дык жыхарам Беларусі будзе выгадней купляць замежныя, а не айчынныя тавары. Дарэчы, апошнім часам попыт на беларускія тавары зьменшыўся, казаў сёньня Андрэй Кабякоў. Можа, таму і зьявілася знакамітая пастанова Нацыянальнага банку № 165, якая робіць набыцьцё імпарту нашмат больш складаным, чым раней. На пытаньне журналістаў, калі яе адменяць, віцэ-прэм’ер адказаў: а 6-й гадзіне вечара таго самага дня, як толькі скончыцца ўсясьветны крызіс.

Леанід Заіка кажа, што любую сытуацыю трэба спачатку ўважліва разгледзець з усіх бакоў, а не спадзявацца толькі на забаронныя пастановы:

“Урад, з аднаго боку, хацеў бы абмежаваць імпарт — няхай сабе. Але ж, з другога боку, калі падыходзіць граматна, дык цяпер можна зрабіць выгадныя мэтавыя закупкі. Напрыклад, у Польшчы, дзе бройлерная птушка цяпер прадаецца за 97 цэнтаў за кіляграм. Дык купляйце — хто перашкаджае? Навошта траціць кармы, няхай нашы птушкафабрыкі знаходзяцца ў стрыманым рэжыме.

Альбо купіце легкавыя аўтамабілі, якія будуць на 30% таньнейшыя, альбо якасныя машыны “Хуткай дапамогі”. Альбо абсталяваньне для дрэваапрацоўчых заводаў. Тут патрэбны такі гаспадарскі, я б сказаў, кемлівы і вельмі хуткі падыход”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG