Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На наступным тыдні ў выдавецтве “Логвінаў” мае выйсьці ў сьвет новы раман Альгерда Бахарэвіча – “Сарока на шыбеніцы”. Альгерд Бахарэвіч – госьць “Начной Свабоды” на тэлефоннай сувязі з Гамбургу.

Знаткевіч: Вы ўжо некалькі гадоў жывяце ў Нямеччыне. Наколькі я разумею, "Сарока на шыбеніцы" – гэта ваш першы раман, які вы напісалі па-за межамі Беларусі. На вашую думку, як гэта паўплывала на кнігу?

Бахарэвіч: Так, сапраўды, “Сарока на шыбеніцы” – мая першая кніга, якую я напісаў жывучы ў замежжы. Безумоўна, гэта вельмі на яе паўплывала. Па-першае, паўплывала на пэрсанажаў – гэтым разам у маёй кнізе замежнікі прысутнічаюць ня як нейкія выпадковыя госьці, а, так бы мовіць, як паўнапраўныя жыхары тэксту. Паўплывала яшчэ напэўна й геаграфічна, бо раней дзеяньне ўсіх маіх кніг адбывалася ў горадзе, падобным да Менску. А цяпер яно яшчэ адбываецца і ў Флярэнцыі, і ў Бэрліне, і, натуральна, у адным паўночным партовым горадзе, назву якога я б не хацеў канкрэтызаваць.

Знаткевіч: Аляксандра Дынько, прадстаўніца выдавецтва Логвінаў, у якім выходзіць ваш раман "Сарока на шыбеніцы", сказала, што па гэтай кнізе беларуская літаратура будзе пазнавацца ва ўсім сьвеце. Але для гэтага як мінімум трэба пераклады на іншыя мовы. Некаторыя вашыя творы перакладзеныя, прынамсі на нямецкую. Наколькі вялікія шанцы, што гэта адбудзецца з "Сарокай на шыбеніцы"?

Бахарэвіч: Мне б вельмі хацелася верыць, што так яно і будзе. Сапраўды, у нас зь перакладам вялікая праблема – ня так шмат можна знайсьці, напрыклад, немцаў, якія размаўляюць па-беларуску, асабіста я ведаю пяцёх, практычна ўсе яны бывалі ў Беларусі – але прафэсійнага перакладу не хапае. Тут, відаць, пытаньне прынцыповае – ці будзем мы карыстацца расейскай мовай як мовай-пасярэдніцай, ці будзем упарта чакаць свайго шанцу, будзем гадаваць пакаленьне перакладчыкаў.

Думаю, што тут магла б беларуская дзяржава адыграць сваю ролю, заснаваць нейкія стыпэндыі для замежнікаў, якія цікавяцца беларускай мовай і літаратурай. Але, на жаль, у гэтым кірунку нічога ня робіцца, даводзіцца дзейнічаць, выкарыстоўваючы
У Нямеччыне, шмат хто лічыць, што Беларусі насамрэч не існуе...
прыватныя знаёмствы. Мой цяперашні перакладчык – Томас Вайлер, які жыве ў Карлсруэ, ён ужо займаецца перакладам “Сарокі”, мы шукаем выдавецтва. Урыўкі з раману ўжо ўключаныя ў адну нямецкую анталёгію, што мае выйсьці ў наступным годзе.

Але праблема ня толькі ў перакладчыках, праблема яшчэ і ў тым, што Беларусь насамрэч вельмі кепска ведаюць, прынамсі ў той самай Нямеччыне; вельмі часта людзі нават з унівэрсытэцкай адукацыяй ня могуць адшукаць яе на геаграфічнай мапе. І сьмех і грэх. Мабыць, адна з задачаў пісьменьніка, які жыве за мяжой – гэта інфармаваць тамтэйшых людзей пра існаваньне сваёй краіны. Тут, у Нямеччыне, шмат хто лічыць, што Беларусі насамрэч не існуе, што гэта нейкая выдумка, ці прынамсі што Беларусь – гэта правінцыя Расеі. Ну і зусім ужо зьдзіўляюцца, калі чуюць пра існаваньне беларускай мовы. Што казаць пра нейкія пэрспэктывы, калі ўсё настолькі запушчана.

Знаткевіч: Вы сам пасьля некалькіх гадоў жыцьця ў Нямеччыне задумваліся пра магчымасьць пачаць пісаць па-нямецку?

Бахарэвіч: Так, задумваўся. Я хацеў бы ў сувязі з гэтым распавесьці пра такога пісьменьніка, як Уладзімір Камінэр, вельмі тут вядомага і папулярнага, ягоныя кнігі выдаюцца шматтысячнымі накладамі, практычна кожны месяц ён мае чытаньні ў розных гарадох Нямеччыны. Гэта таксама адзін з варыянтаў – гэты пісьменьнік паходжаньнем расеец, але піша па-нямецку, апісвае свой досьвед жыцьця ў Савецкім Саюзе такім “сярэднім гохдойчам”, вельмі лёгкім, простым, даступным для чытача – і мае посьпех.

Я таксама мог бы спрабаваць вось так пісаць лёгкія, сьмешныя гісторыйкі і заваёўваць нейкую папулярнасьць тут, але ў маім выпадку гэта азначала б пайсьці супраць сябе самога, супраць сваіх прынцыпаў. Я думаю, што пра творчасьць па-нямецку мне пакуль яшчэ рана думаць. Я добра ўсьведамляю, што мой чытач жыве ў Беларусі, і рады гэтаму.

Знаткевіч: Некаторыя пісьменьнікі, стварыўшы сваіх герояў у нейкім творы, потым пераносяць іх у іншыя творы, часам галоўныя пэрсанажы потым адыгрываюць нейкую эпізадычную ролю. У Вас было калісьці такое, што вам шкада было разьвітвацца са сваім героям і вам карцела зноў ажывіць яго ці яе ў іншым творы?

Бахарэвіч: Мая справа, мая праца – гэта выдумляць жывых людзей. Справа гэтая вельмі небясьпечная, яна вымагае ад аўтара шмат высілкаў, бо пісьменьнік – ня Бог. Ён дэміург, але не ўсемагутны. Калі я перачытваю свае тэксты, я бачу шмат недасканаласьці, я бачу
Я добра ўсьведамляю, што мой чытач жыве ў Беларусі, і рады гэтаму.
вельмі шмат месцаў, якія я хацеў бы перапісаць. Адпаведна і пэрсанажы, якіх я выдумаў – я бачу, што ім шмат чаго не хапае, што я іх пусьціў у гэты сьвет, так бы мовіць, недаробленымі. І мне шкада вось гэтага, я б вельмі хацеў іх удасканальваць. Але літаратура не прымае такіх правілаў гульні.

Я люблю ўсіх сваіх пэрсанажаў, яны ўсе застаюцца са мною. Пагатоў я люблю ўсіх сваіх пэрсанажаў-жанчын – у кожным маім творы ёсьць запамінальная жанчына. Часам я чуў ад чытачоў, ад крытыкаў, што насамрэч ва ўсіх маіх кнігах прысутнічаюць два адныя і тыя пэрсанажы – адзін мужчынскі і адзін жаночы, і яны проста пераходзяць з кнігі ў кнігу. Магчыма, у гэтым і ёсьць нейкая доля праўды, але я б лепш сказаў так: усе мае пэрсанажы хутчэй належаць да нейкай адной сям'і, яны – браты і сёстры.

Знаткевіч: Альгерд, часам кажуць – добра там, дзе нас няма, чалавек бывае ідэалізуе нейкую краіну, у якой ён ці зусім ня быў, ці наведваў турыстам. У вас за час жыцьця ў Гамбургу не наступіла нейкага расчараваньня Нямеччынай?

Бахарэвіч: Ведаеце, Аляксей, не, не наступіла. Нямеччына – чароўная краіна, і калі я ехаў сюды, я яе дастаткова добра сабе ўяўляў. Калі і ўзьнікаюць супярэчнасьці, то яны занадта дробныя, каб на нешта ўплываць. Нямеччына заўжды была маёй марай. Я люблю параўноўваць гэта з наведваньнем музэю – калі стаяць ля самай карціны і спрабаваць яе разгледзець, то чалавек нічога ня ўбачыць, трэба ад яе адыйсьці, трэба знаходзіцца на адлегласьці, каб убачыць усе падрабязнасьці. Пераезд за мяжу вельмі добра ўплывае на пісьменьніка, ён дае магчымасьць убачыць тое, чаго ты раней ня бачыў у сваёй краіне.

Што да Нямеччыны, то мне здаецца, што вы маеце рацыю: расчараваньне ў ёй адбываецца ў тых, хто яе дагэтуль ідэалізаваў. Безумоўна, гэта краіна са сваімі праблемамі, якіх тут зусім ня менш, чым у Беларусі. Самае галоўнае адрозьненьне ад нашай краіны – магчыма, я паўтараюся – у Нямеччыне хамы і пашлякі ня маюць шанцаў дарвацца да ўлады.

Знаткевіч: Наколькі вы сочыце за падзеямі ў Беларусі і што вы здолелі разгледзець, “адыйшоўшы ад карціны”?

Бахарэвіч: Я сачу за навінамі на сайтах беларускіх незалежных выданьняў, рэгулярна праглядаю навіны і на “Свабодзе”. Што я здолеў разгледзець? Напэўна, адказ на гэта і дае мая кніга. Калі я жыў у Беларусі, я лічыў беларускае жыцьцё ўбогім, а цяпер яно мне падаецца яшчэ больш убогім, магчыма, у сто разоў больш... Я ўбачыў – дзе мы насамрэч усе жывем.

Лёс мне даў магчымасьць папрацаваць у заводзкай газэце, я добра ведаю жыцьцё так званага “простага народу”. Часта кажуць, што інтэлігенцыя адарваная ад народу, трэба ісьці ў народ... Я меў магчымасьць гэта зрабіць. Я бачу, наколькі запалоханы гэты народ.
Беларусы жывуць у нейкім вакууме...
Людзі, якія жывуць у вольнай Эўропе – у іх нейкая свабода ў вачох, а ў беларусаў такога няма. Затое страх, пакорлівасьць, беспрасьветнасьць, а самае галоўнае – гэтыя людзі ня здольныя нават уявіць, што існуюць нейкія іншыя краіны, дзе жыцьцё выглядае зусім інакш. Беларусы жывуць у нейкім вакууме, і гэта зусім не віна мэдыяў, слабога інфармаваньня. Вінаватыя мы самі...

***

Вось што кажа пра кнігу Альгерда Бахарэвіча “Сарока на шыбеніоцы” супрацоўніца выдавецтва “Логвінаў” Аляксандра Дынько:

“Я безь перабольшаньня хацела б сказаць, што гэта будзе твор, па якім беларуская літаратура будзе пазнавацца ва ўсім сьвеце. Гэта твор, які будзе зразумелы чалавеку зь любой краіны. Гэта твор беларускі па сутнасьці, і ў той жа час ён закранае праблемы, якія хвалююць кожнага чалавека.

Што тычыцца ягоных мастацкіх якасьцяў, то мне здаецца, што менавіта зьяўленьне гэтага твору дазволіць нам пазбавіцца вялікай часткі нецікавых і кепскіх тэкстаў, якія цяпер буяюць у нашай літаратуры, гвалцяць чытача, іх нецікава чытаць, нецікава купляць...

“Сарока на шыбеніцы” – гэта тэкст найвышэйшага гатунку, гэта літаратура ў самой сутнасьці гэтага паняцьця. Бахарэвіч чарговы раз даказаў сваю харызму, і я думаю, што ён яшчэ надоўга застанецца адным з самых харызматычных аўтараў беларускай літаратуры”.

***



Урывак з раману “Сарока на шыбеніцы”

А што ж такое тады Расея? Ня ведаю я ніякай Расеі. Хаця пачакайце, адну я ўсё ж калісьці ведаў.

Расея – дзяўчына з пустымі халоднымі вачыма, апранутая занадта вульгарна для гэтых шыротаў. Вечна маладая, вечна п’яная. Яна заўсёды была і ёсьць для нас чужой. Вось яна йдзе па Штыксштрасэ, а можа быць, па Ліндэналее, і гучна гаворыць пра тое, што ёй удалося набыць учора на распродажы. Пра тое, што яна скрала пазаўчора, Расея гаварыць ня любіць. Дзявочая памяць.

Румяныя шчокі, салома на галаве. Расеі хочацца, каб яе пазнавалі паўсюль. Расеі хочацца, каб паўсюль была Расея, і яна паводзіць сябе так, нібы Расея паўсюль. Кожны лапік зямлі, дзе б ні ступіла яе доўгая танная нага, яна абвяшчае сваёй уласнасьцю. Расея пэўная, што яна прыйшла ў гэты сьвет ня проста так, а з важнай місіяй. Таму кожны мусіць схіліцца перад ёй у паклоне, кінуцца ёй у ногі, цалаваць яе чырвоныя туфлікі на высокім абцасе.

Але Расея, на жаль, не паўсюль. І таму ёй вельмі крыўдна. Настолькі крыўдна, што яна, каб захаваць прыстойнасьць, ідзе ў самы далёкі куточак свайго саду й там доўга супакойваецца, страляючы ў прыцемках з аўтамату. “Які недасканалы сьвет”, – падціскае яна вусны, імгненна накіроўваючы рулю туды, дзе варушыцца лісьце на дрэвах. “Калі б я была багатай і знакамітай, я выдала б такі закон, каб усе мужчыны размаўлялі толькі па-расейску”. А потым яна хавае аўтамат і едзе на моўныя курсы.

“Ты – гэта я”, – кажа мне Расея, ты – гэта я. “Не”, – спрабую я запярэчыць, але яна ня чуе. Гэта асаблівасьць яе слыху, і я мушу паважаць яе за гэта. Гладзіць яе па галаве й казаць пяшчотныя словы.

У Расеі шмат сяброў і сябровак. Уласна кажучы, гэта ўвесь сьвет. Я бачу, як яна сядзіць зь імі ў кавярні, яны п’юць піва, і гора таму, хто, задумаўшыся, прапусьціць хаця б адно слова. Расея будзе гнаць яго да самага рогу вуліцы. Расея ня любіць, калі нехта ёсьць для яе чужым. Яе нудзіць ад самога панятку “чужы”. Усе мусяць быць сябрамі. Расея крыўдзіцца, калі зь ёй адмаўляюцца сябраваць і цягацца разам па распродажах і піўных. Тады яна можа праклясьці... О, гэтае расейскае пракляцьце, незмывальнае, атрутнае, нібы яе сьлёзы, сьлёзы Расеі, зьмяшаныя зь нярускай тушшу!..

Расея ня любіць яўрэяў, віетнамцаў і чачэнцаў. Расея любіць мяне. І я ня ведаю, што мне рабіць з гэтым каханьнем.

Я магу пабачыць тут Расею калі захачу, нават уначы. Дастаткова набраць адмысловы нумар, патраціць пару манэтаў – і вось Расея ўжо ляжыць перада мной, на экране, разводзіць ногі, аблізваецца, высоўвае язык. Уся яе веліч паўстане перада мной, і я адчую сваю нікчэмнасьць.

Але мне ёсьць чым заняцца й без Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG