Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухачы Свабоды адгукаюцца на тэракты ў індыйскім горадзе Мумбаі, гавораць пра свой жыцьцёвы ўзровень і параўноўваюць жыцьцё ў Беларусі і Польшчы.


Ад страляніны і выбухаў у індыйскім горадзе Мумбаі загінула болей за 140 чалавек. Тэрарысты захапілі закладнікаў у двух гатэлях — “Тадж Махал” і “Абэрой”. Гэтае тэлефанаваньне мы атрымалі яшчэ да таго, як сілы бясьпекі пачалі штурм.

Ільля Копыл, Менск: “Тэлеканалы паказалі пра захоп закладнікаў тэрарыстамі ў індыйскім горадзе Мумбаі. Улады індыйскага штату дзейнічаюць нерашуча. Туды б паслаць Пуціна: ён у адзін момант зьнішчыў бы і тэрарыстаў, і закладнікаў. Як ён гэта зрабіў у Норд-Осьце і Беслане. Прабачце за жорсткі званок, але гэта насамрэч так”.

Слухачы “Свабоды” дзеляцца назіраньнямі, як зьмяняецца іхны ўзровень жыцьця ў час усясьветнага фінансавага крызісу:

Спадар: “Дастаткова зайсьці ў вясковую краму і паглядзець, як працуе наша прамысловасьць. Я бачу: сала (18 тысяч), трохлітровы слоік гуркоў (больш за 10 тысяч)... Я ўсё параўноўваю з коштам золата. Грам золата каштуе каля 40 тысяч, і 2 кг сала каштуе таксама каля 40 тысяч. Гэта сапраўдныя залатыя палі. А чаму не зьніжаецца кошт бэнзіну, калі зьнізіліся цэны на нафту? Усё вельмі проста. Таму што транспартная частка складае прыкладна 10 адсоткаў. І калі зьнізіцца кошт паліва, то трэба зьніжаць і на ўсю вытворчасьць, а гэта ланцуг праблем”.

Аўтар наступнага тэлефанаваньня параўноўвае жыцьцё ў Беларусі і ў Польшчы:

Уладзімер, Брэст: “Я гляджу польскае тэлебачаньне, і ў апошнія дні часта перадаюць абвестку для жыхароў Варшавы. Каму споўнілася больш за 65 год, прапануюць набыць ільготны квіток за 40 злотых на цэлы год. Гэта на нашы грошы менш чым 30 тысяч беларускіх рублёў. А тым, каму споўнілася больш за 70, можна езьдзіць дарма. Вось, я разумею, клопат пра пэнсіянэраў, вэтэранаў, сапраўдная дэмакратычная краіна, ня тое, што ў нас толькі і гавораць на словах. Нездарма выкінулі польскія тэлеканалы з кабэльных сетак і забараняюць ставіць антэны, каб не маглі параўнаць праўдзівую інфармацыю, дзе больш клапоцяцца пра людзей — у нас ці ў суседніх краінах”.

26 лістапада з ініцыятывы шэрагу дэмакратычных моладзевых арганізацыяў у Менску адбыўся круглы стол “Камунізм як антычалавечая ідэалёгія. Лічбы і факты”. Сам факт правядзеньня круглага стала вызваў неадназначную рэакцыю слухачоў “Свабоды”. І ўжо некалькі дзён яны спрачаюцца пра плюсы і мінусы камуністычнай сыстэмы:

Спадар: “Слухач пазваніў на “Свабоду” і хваліць Савецкі Саюз, што ўсё было бясплатна, быў проста зямны рай. Не было ні злодзеяў, ні турмаў. Дэфіцыт паўсюль быў у Саюзе. Усё рабілі людзі за бясплатна, за працадні савецкія, за палачкі. Падумай, слухач! Во зараз дэмакратыя ў Беларусі. Але і яе толкам няма. Стала ў людзей больш машын, сталі культурней жыць. Вялікі дзякуй Гарбачову, стала сьвятлей жыць у Беларусі”.

Спадар: “Пры камунізьме ўсё было, і бясплатна. Але тады было не для ўсіх, і зараз не для ўсіх. Зараз толькі для заслужаных. А тады была галеча, і зараз галеча”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


XS
SM
MD
LG