Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь мае эўрапейскія шанцы


Бэніта Фэрэа-Вальднэр і Радаслаў Сікорскі

Бэніта Фэрэа-Вальднэр і Радаслаў Сікорскі

3 сьнежня Эўрапейская камісія мае прадставіць адмысловы пакет у справе Усходняга партнэрства. Учора ў Варшаве камісар Эўразьвязу ў справах зьнешняй палітыкі Бэніта Фэрэра-Вальднэр упершыню больш падрабязна прадставіла падрабязнасьці пакету.

Паводле спадарыні Вальднэр, галоўныя элемэнты, на якія будзе абапірацца Усходняе партнэрства Эўразьвязу, гэта:

- Моцныя палітычныя сувязі праз адмысловыя партнэрскія дамовы – найперш з Украінай, паступова і з іншымі краінамі.
- Доступ да рынку і свабодны гандаль, а ў будучыні – пасьля далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі – паглыбленая зона вольнага гандлю з мэтаю збудаваць суседзкую гаспадарчую супольнасьць
- Візавыя ільготы, а ў даўжэйшай пэрспэктыве – бязьвізавы рух
- Супольная энэргетычная бясьпека.

Межы шматбаковага супрацоўніцтва будуць вызначаныя ў часе саміту краінаў-сябраў ЭЗ і краінаў, далучаных да палітыкі Ўсходняга партнэрства ўвесну наступнага году.

“З нашага боку мы б хацелі прадставіць максымальна добрую прапанову, якая б прынесла карысьць краінам, да якіх гэтая прапанова скіраваная”, - адзначыла Бэніта Фэрэра-Вальднэр.

Гаворачы ў Варшаве пра тое, наколькі рэальныя шансы Беларусі далучыцца да палітыкі Эўрапейскага суседзтва, спадарыня Вальднэр заявіла:

“Калі мы пабачым, што яны (беларускія ўлады) ідуць наперад, што ня будзе ў Беларусі болей палітычных вязьняў, працэдура рэгістрацыі недзяржаўных арганізацыяў і СМІ спросьціцца, тады трэба будзе сказаць: добра, запрашаем вас далучыцца да Эўрапейскай палітыкі суседзтва”.

Між тым міністар замежных спраў Польчшы Радаслаў Сікорскі заявіў, што будзе націскаць на сваіх калегаў у Эўропе, каб тыя пагадзіліся разам зьнізіць кошты шэнгенскіх візаў для беларусаў.

Сікорскі: “Я ўжо двойчы зьнізіў кошт польскіх нацыянальных візаў для беларусаў – з 60-ці да 35, а потым з 35 да 20 эўра. І мы будзем далей націскаць на нашых партнэраў, каб зьнізіць для грамадзянаў Беларусі і кошты шэнгенскіх візаў”

У часе сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з Бэнітай Фэрэра-Вальднэр Радаслаў Сікорскі нават запрапанаваў беларускім чыноўнікам адмысловыя курсы, дзе б яны маглі азнаёміцца з функцыянаваньнем эўрапейскіх дэмакратыяў, а потым выкарыстаць гэтыя веды на Радзіме.

XS
SM
MD
LG