Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зьмянілі тактыку да ўдзельнікаў акцыяў салідарнасьці


Удзельнікі акцыяў салідарнасьці з Аляксандрам Баразенкам лічаць, што дасягнулі пэўнай перамогі. Улады больш не аддаюць загадаў затрымліваць моладзевых актывістаў. З 19 лістапада штодня моладзевыя актывісты зьбіраюцца а 7-й вечара каля будынку сьледчага ізалятару, дзе ўтрымліваюць апошняга з палітвязьняў Аляксандра Баразенку. Яго вінавацяць у арганізацыі масавых непарадкаў, якія нібыта мелі месца падчас студзеньскіх акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў.

Моладзевыя актывісты заявілі, што будуць кожны дзень зьбірацца на вуліцы Валадарскага каля будынку сьледчага ізалятару на знак салідарнасьці з Аляксандрам Баразенкам.

Нагадаем: Аляксандра Баразенку трымаюць пад вартай ад 27 кастрычніка. Ён апошні фігурант у “справе 14-ці”. Калі судзілі спачатку дзесяць, а потым яшчэ трох абвінавачаных, ён вучыўся ў рамках праграмы Кастуся Каліноўскага ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце. Баразенка сам прыйшоў да сьледчага, а той пасьля допыту арыштаваў хлопца.

Адразу пасьля арышту Аляксандра ў Пінску, дзе жывуць ягоныя бацькі, і ў іншых гарадох прайшлі пікеты з патрабаваньнем вызваліць палітвязьня да суду.

19 лістапада адбылася першая акцыя менавіта каля менскага сьледчага ізалятару. Міліцыянты ў першыя ж хвіліны затрымлівалі моладзевых актывістаў і адвозілі іх у міліцыю Маскоўскага раёну.

“На апошніх акцыях міліцыянтаў амаль не было. Нас не забіраюць. Лічу, што гэта перамога салідарнасьці. Мы даказалі сваю моц”, – гаворыць актывістка кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Паліна Дзьякава.

Паплечніка Паліны Максіма Вінярскага таксама двойчы затрымлівалі цягам тыдня:

“Улады зразумелі, што банальным цяганьнем у РУУС з намі нічога зрабіць ня выйдзе, а на нешта большае яны пакуль што ня лічаць сябе гатовымі. Перасталі выказваць сваю непавагу супрацоўнікі ізалятару.

У нас штодня пытаюцца людзі: “А хто гэта?”. Гэта ня толькі спосаб падтрымаць Аляксандра Баразенку, гэта яшчэ й спосаб распаўсюдзіць інфармацыю аб тым, што ў нас ёсьць палітзьняволеныя. За ўвесь час у нас не было ніводнага выпадку, каб была, напрыклад, нейкая агрэсія з боку тых, хто праходзіў міма”.

Актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Тацяна Шапуцька лічыць, што ўлады вырашылі зьмяніць тактыку:

“Я лічу, што ўлады вырашылі зьмяніць тактыку. Тое, што ў апошнія дні актывістаў, якія зьбіраюцца каля Валадаркі, не разганяюць – гэта ніякая не праява лібэралізму.

Бо, калі выходзяць і няшмат людзей, а іх затрымліваюць і на некалькі гадзінаў адвозяць у міліцыю, адразу ўва ўсіх незалежных СМІ зьяўляецца пра гэта інфармацыя. Пра гэта даведваюцца людзі, не заангажаваныя ў палітыцы.

Я думаю, што ўлады больш не затрымліваюць моладзевых актывістаў, бо ім не патрэбны шырокі розгалас”.

Суд над Аляксандрам Баразенкам прызначаны на 8 сьнежня. Моладзевыя актывісты запэўнілі, што да таго часу, пакуль Аляксандр ня выйдзе на волю, штодня а 7-й вечара будуць адбывацца вулічныя акцыі салідарнасьці.
XS
SM
MD
LG