Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Учора недзяржаўная газэта “Народная воля” ўпершыню за апошнія тры гады прадавалася ў шапіках “Белсаюздруку”. Якое выданьне будзе наступным у шэрагу вернутых у дзяржаўную падпіску і продаж празь дзяржаўную сыстэму гандлю?

“Народная воля” ўчора хоць і зьявілася ў шапіках, але для газэты засталася нявырашанай праблема штрых-коду, якая можа паўплываць на лёс будучага нумару, паведаміў галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч:

“Толькі Менск можа застацца ў шапіках без газэты. Абласныя цэнтры яшчэ працуюць без штрых-кодаў, у іх няма адмысловага абсталяваньня. Таму, магчыма, мы будзем даваць газэту паўсюль, акрамя Менску, калі хутка не атрымаем штрых-коду. Заключылі дамову на друкаваньне газэты зь “Беларускім домам друку”. Там друкавацца будзе безумоўна зручней, чым у Смаленску, але адназначна не таньней. Да таго ж яны патрабуюць перадаплаты. Які будзе тыраж? Складзем дадзеныя на падпіску, заяўкі зь “Белсаюздруку” і паглядзім. Разьлічваем, што спачатку будзе ня меней за 16 тысяч, а там пабачым”.

У рэдакцыі тыднёвіка “Наша ніва” паведамілі: чарговы нумар газэты зьявіцца ў шапіках 3–4 сьнежня, а той, што быў надрукаваны раней, распрадаецца паводле былой схемы: празь недзяржаўную сетку. Усе дамовы на продаж у “Белсаюздруку” і падпіску празь “Белпошту” падпісаныя, сказаў рэдактар Андрэй Скурко.

Застаецца пад пытаньнем, ці дазволяць улады пайсьці шляхам “Народнай волі” і “Нашай нівы” іншым выданьням, якіх таксама раней абмежавалі ў продажы і падпісцы. Гэтую праблему абмяркоўвалі падчас сустрэчы кіраўніка ідэалягічнай ўправы Адміністрацыі прэзыдэнта Ўсевалада Янчэўскага з кіраўнікамі БАЖу Жаннай Літвіной і Андрэем Бастунцом. Сустрэча адбылася ўчора, 28-га лістапада. Ці будзе вынік?

“Газета Слонімская” праз памянёныя абмежаваньні страціла палову тыражу. Нядаўна рэдактар Віктар Валадашчук зьвяртаўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта і атрымаў адмову на аднаўленьне падпіскі празь “Белпошту” і продажу празь “Белсаюздрук”. Абласныя канторы гэтых дзяржаўных прадпрыемстваў “Газеце Слонімскай” увогуле не адказалі. Ці зьмянілася што пасьля сустрэчы ў Адміністрацыі прэзыдэнта? Спадар Валадашчук пакуль што пра зьмены ня ведае:

“Мы б радыя былі, калі б быў нейкі загад. Але пакуль яго няма. Я адмыслова званіў у абласныя арганізацыі, і туды нічога не дайшло”.

Віктар Валадашчук сказаў, што далейшыя дзеяньні рэгіянальныя недзяржаўныя выданьні будуць ўзгадняць на сходзе ў Баранавічах ужо заўтра.

Газэта беларускіх камуністаў-апазыцыянэраў “Товарищ”, як і “Народная воля”, працягвае друкавацца ў Смаленску. Пакуль на зьмены да лепшага ў лёсе газэты яе супрацоўнікі асабліва не разьлічваюць. Кажа Анатоль Гуляеў:

“Не бывае гэтак, што таталітарная дзяржава і свабода слава. Што бізнэс паўсюль выганяюць, заганяюць пад дзяржаўны кантроль, а газэты вольныя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG