Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Склады “Хімвалакна” заваленыя прадукцыяй


Сьветлагорскае вытворчае аб’яднаньне “Хімвалакно” зазнае цяжкасьці з рэалізацыяй віскознага валакна. Паводле некаторых зьвестак, на складах яго сабралася ўжо на мільярды рублёў, бо спажыўцы ва ўмовах фінансавага крызісу імкнуцца купляць таньнейшыя адпаведнікі штучнага валакна.

Пра затаваранасьць віскознай прадукцыяй распавядаюць працаўнікі аб’яднаньня “Хімвалакно”:

“Затаварыліся — ёсьць такое. Ня ведаю дакладна, на якую суму. Кажуць, што менавіта завод штучнага валакна будзе працаваць ня пяць дзён на тыдзень, а чатыры”.

Намесьнік генэральнага дырэктара “Хімвалакна” па ідэалёгіі й пэрсанале Андрэй Бумакоў сказаў нашаму радыё:

“Тут усё вельмі складана, і проста не адкажаш. Трэба ведаць тэхналягічную ўвязку — для чаго выкарыстоўваецца, куды ідзе і які эфэкт дае надалей. Цяжэй, канечне, стала працаваць, але абвалу ў нас ніякага няма”.

Начальніца аддзелу рэалізацыі віскознай прадукцыі аб’яднаньня Ганна Богуш тлумачыць зьмяншэньне попыту на згаданую прадукцыю цяперашняй каньюнктурай:

“На рынку СНД упаў попыт на віскозную тканіну й віскозныя тэхнічныя ніткі. Цяпер на рынку зьявілася больш аналягічнай таннай сыравіны. Напрыклад, поліэфірны, капронавы корд, які вырабляе хімічнае прадпрыемства Горадні. Наш у параўнаньні са згаданымі кордамі ў тры разы даражэйшы”.

Спэцыялістка тлумачыць, што цяпер кожнае прадпрыемства дбае пра ўласную эканоміку:

“Кожны дбае пра эканоміку, шукае, дзе можна купіць таньней. Фінансавы крызіс вымушае пераходзіць на таньнейшыя віды сыравіны. Вось што я магу адказаць коратка”.

Сьветлагорскае аб’яднаньне “Хімвалакно” заснаванае ў 1964 годзе. Складаецца яно з трох буйных падразьдзяленьняў — заводу штучнага валакна, заводу поліэфірных тэкстыльных нітак і вытворчасьці тавараў шырокага ўжытку.

Аб’яднаньне вырабляе віскозны корд, тэрмаўстойлівыя тканіны, поліэфірныя тэкстыльныя ніткі, поліэтыленавыя мяшкі, нятканы матэрыял “спанбонд” ды іншае. Тут працуе звыш 3,5 тысячы чалавек.

Геаграфія экспарту прадукцыі ахоплівала да нядаўняга часу 32 краіны сьвету.
XS
SM
MD
LG