Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія мае намер прапанаваць Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне падпісаць пагадненьне пра асацыяцыю і стварэньне новай эўрапейскай эканамічнай зоны. Пагадненьне прадугледжвае фармаваньне адзінай зоны свабоднага гандлю для разьвіцьця агульнага ўнутранага рынку.

Сёньня на гэтую тэму выказаліся міністар замежных спраў Беларусі і міністар замежных спраў Армэніі, які знаходзіўся зь візытам у Менску. Паводле Сяргея Мартынава, Беларусь пазытыўна ставіцца да палітыкі Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу. Ён заявіў, што беларускі бок падаў свае прапановы і яны ў значнай ступені ўлічваюцца. Аднак канчатковага рашэньня Эўракамісія пакуль не прыняла.

Міністар замежных спраў Армэніі Эдвард Налбандзян заявіў журналістам, што Армэнія станоўча ставіцца да гэтай эўрапейскай ініцыятывы, якая “пакідае поле і для двухбаковага ўзаемадзеяньня Армэніі і Беларусі”.

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Яўдачэнка заявіў, што пакет прапаноў для супрацоўніцтва перададзены на абмеркаваньне ў Эўракамісію. І цяпер беларускі бок чакае пазытыўных адказаў з Эўропы. Паводле ягоных словаў, эўрапейскія прапановы могуць паступіць у Менск ужо ў сьнежні.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Сяргей Маскевіч адзначыў:

“Усё, што накіравана на супрацоўніцтва, — усё гэта вельмі цікава і вельмі станоўча будзе разглядацца”.

Паводле лідэра стваранага руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, гэтая ініцыятыва належыць Польшчы і Швэцыі. Яна — велізарны шанец для Беларусі, які можа вызначыць яе лёс. Аднак беларускім уладам спачатку давядзецца выканаць пэўныя ўмовы.

“Гэта вялікі шанец, бо гэта эканамічнае і культурніцкае супрацоўніцтва. Гэта шанец для моладзі. Гэта бясплатныя ў пэрспэктыве візы ў Эўразьвяз альбо нават бязьвізавы абмен. Гэта адкрыцьцё Эўропы для нас.
Гэта шанец для моладзі. Гэта адкрыцьцё Эўропы для нас.


Некаторыя кажуць: вось яны будуць прымаць рашэньне, а мы павінны выконваць. Але праз гэты шлях прайшлі многія кандыдаты з былых сацыялістычных краінаў. Спачатку робім сваё заканадаўства адпаведным эўрапейскаму, і толькі потым можам казаць пра магчымае ўступленьне ў Эўразьвяз.

Я лічу, што проста ўнікальны шанец. Мы маглі б праскочыць вельмі хутка тое, што яшчэ нядаўна выдавалася немагчымым. Бо мы аўтарытарная краіна, і раптам такія пэрспэктывы. Гэта фактычна адзіная эканамічная зона з Эўропай. Такой магчымасьці для адкрыцьця на рынкі Эўропы мы ніколі ня мелі нават у марах. Таму трэба зрабіць усё. Маю надзею, што і ва ўладзе ёсьць людзі, зацікаўленыя ў гэтым. Толькі трэба вельмі дынамічна рабіць зьмены ў нашай краіне”.
Такой магчымасьці для адкрыцьця на рынкі Эўропы мы ніколі ня мелі нават у марах.


Чакаецца, што прапанова Эўракамісіі будзе афіцыйна абнародавана 3 сьнежня. А 11 сьнежня яна будзе ўключана ў палітыку ЭЗ на Эўрапейскім саміце кіраўнікоў краін ЭЗ. У чэрвені 2009 году прапануецца правесьці саміт Усходняга партнэрства, а затым праводзіць рэгулярныя сустрэчы чыноўнікаў краін ЭЗ і Ўсходняй Эўропы.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG