Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І. Сурвіла: “Каб дзеці нашыя і ўнукі ганарыліся сваім краем”


Старшыня Рады БНР зьвярнулася да беларускага народу з нагоды гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну.

У звароце Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы гаворыцца: “Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну! Раблю гэта аднак сёньня з пэўным смуткам. Што сказалі б нашыя слаўныя случчакі, калі б пабачылі, што 88 гадоў пасьля іхнага Збройнага Чыну, калі яны былі гатовыя памерці, каб жыў наш край — вольная і незалежная Беларуская Народная Рэспубліка — мы ўсё яшчэ ў няволі.

Так, у няволі, дарагія Суродзічы. Дасюль мы ня зьдзейсьнілі ідэалаў, выказаных у Акце 25 Сакавіка! За выняткам беларускай моладзі, якую я вітаю ад глыбіні сэрца, людзі нашыя, наш народ, яшчэ ўсё жывуць у страху, яшчэ ўсё ня ведаюць сэнсу словаў СВАБОДА, ВОЛЯ, ЛЮДЗКАЯ ГОДНАСЬЦЬ. Абы выжыць да заўтра, абы ня страціць працу, абы ня страціць пэнсіі — вось ідэалы пераважнай бальшыні нашага народу 88 гадоў пасьля Слуцкага Збройнага Чыну.

А маглі б мы быць, як нашыя вольныя суседзі, народам паўнавартасным, часткаю Эўразьвязу, жыць заможна і годна, вырашаць свой лёс не ў залежнасьці ад волі дыктатара і ягоных паплечнікаў, а ў залежнасьці ад агульнага свабоднага волявыяўленьня — так як найлепш для ўсіх нас — каб дзеці нашыя і ўнукі ганарыліся сваім краем, а не стараліся за ўсякую цану яго пакінуць з надзеяй, што знойдуць шчасьце на чужыне.

Але для таго, каб дамагчыся свабоды і дабрабыту, нам трэба памятаць нашых герояў, любіць Беларусь так, як яны яе любілі, і верыць, як гэта казаў новаабраны прэзыдэнт Злучаных Штатаў падчас свае выбарчай кампаніі, што “Так, мы можам!” Ці ж мы горшыя за народы вольных краінаў сьвету? Мы ня горшыя, дарагія суродзічы, але магчыма мы яшчэ не зразумелі, што будучыня нашая ў нашых руках. Што толькі мы можам зрэалізаваць высокародныя ідэалы нашых слаўных продкаў случчакоў. Жыве Беларусь!”- гаворыцца ў звароце, падпісаным Старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG